Кафедра музычнай педагогікі і сацыяльна-гуманітарных дысцыплін

Гісторыя музычнай педагогікі, гісторыі і тэорыі выканальніцкага мастацтва

Кафедра педагогікі і псіхалогіі (так спачатку звалася кафедра) была адкрыта ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі ў сакавіку 1978 года. Да 1988 года яе ўзначальваў кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт Сяргей Барысавіч Бенядзіктаў. У склад кафедры ўвайшлі скрыпач І.Г. Вядзенін, дырыжор хору У.І. Гуляеў, піяністка Р.А. Новікава, акардэаністка Э.М. Скуратава і музыкавед М.С. Cтарчэус.

Падобнага навучальнага і навукова-метадычнага падраздзялення ў той час не было ні ў адной музычнай ВНУ СССР. Галоўнай мэтай кафедры з’яўлялася ўдасканаленне педагагічнай падрыхтойкі студэнтаў кансерваторыі як у тэарэтычным, так і практычным аспектах. Былі інтэнсіфікаваны заняткі па педагогіке, псіхалогіі, методыке, арганізаваны семінары для прафесарска-выкладніцкага саставу па праблемах педагогікі і псіхалогіі, адноўлена праца сектара педагагічнай практыкі. Не менш важным накірункам стала ўзбагачэнне педагагічных дысцыплін музычнай тэматыкай і распрацоўка асноў методыкі выкладання для ўсіх спецыяльнасцяў.

У 1983–1984 гадах склад кафедры істотна абнавіўся і пашырэў, што дазволіла ўмацаваць навуковы і педагагічны патэнцыял кафедры. Яе калектыў папоўнілі педагогі з вялікім вопытам практычнай педагагічнай працы: піяністкі Э.І. Ахрэмчык і Л.М. Жукава, кандыдат педагагічных навук, баяніст К.М. Булыга, а таксама кандыдаты мастацтвазнаўства, прафесар піяніст У.Дз. Кокушкін і музыкавед К.І. Сцепанцэвіч. У 1990-я гады ў склад кафедры ўвайшлі піяністка А.А. Піліпенка, кандыдат педагагічных навук, баяністка А.І. Самусенка, першыя выпускнікі аспірантуры пры кафедры лаўрэат міжнародных конкурсаў піяністка А.М. Мяцельская і баяніст В.А. Івашка.

У 1988 годзе кафедру ўзначаліў прарэктар па навуковай рабоце, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, піяніст Вадзім Лявонцьевіч Яканюк. Працягваючы традыцыі кафедры, ён асаблівую ўвагу надаў рэфармаванню навучальнага працэсу, ўдасканаленню навуковай працы і падрыхтоўцы новых кадраў праз аспірантуру пры кафедры. За час яго кіраўніцтва быў істотна зменены навучальны план, створаны новыя праграмы па многіх вучэбных дысцыплінах, заснаваны акадэмичныя ступені “бакалаўр”, “магістр”, адкрыты магістратура для выканальніцкіх спецыяльнасцей і аспірантура пры кафедры музычнай педагогікі па двух спецыяльнасцях: “Тэорыя і методыка прафесійнай адукацыі” (13.00.08) і “Музычнае мастацтва” (17.00.02). Паслядоўна вырашалася актуальная задача падрыхтоўкі не толькі высокапрафесійных музыкантаў-выканаўцаў, якія пасля набыцця вопыту работы ў навучальнай установе былі б здольны паспяхова займацца педагагічнай працай, але і ўласна педагогаў, якія непасрэдна пасля заканчэння акадэміі валодалі б неабходнымі прафесійнымі выканальніцкімі і педагагічнымі кампетэнцыямі, а галоўнае – матывацыяй для самастойнай педагагічнай працы з навучэнцамі. Практычнае ўвасабленне гэтай складанай задачы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі запатрабавала як арганізацыйных, так і зместавых пераўтварэнняў у навучальным працэсе. Галоўным фактарам гэтых пераўтварэнняў з’явілася ўвядзенне ў 1991 годзе Дзяржаўнага экзамену па спецыяльнай педагагічнай падрыхтоўке, які з 1998 года для атрымання педагагічнай кваліфікацыі трымаюць усе выпускнікі Акадэміі музыкі.

Кардынальныя змены навучальнага плана абумовілі значнае павышэнне патрабаванняў да зместу навучальных курсаў педагагічнага цыклу, якія былі аднесены да ліку абавязковых прадметаў праграмы бакалаўрыяту і магістратуры (1995). Пэўныя змены закранулі практычна ўсе навучальныя курсы, а менавіта гісторыю выканальніцкага мастацтва, педагогіку (тэорыю музычнага навучання і выхавання), псіхалогію, методыку выкладання музычных дысцыплін, а таксама педагагічную практыку.

З 1998 па 2005 год кафедрай загадваў У.Дз. Кокушкін, які галоўную задачу кафедры бачыў у захаванні, ўмацаванні і развіцці дасягненняў папярэдніх гадоў. Пад яго кіраўніцтвам былі абноўлены выпускныя экзаменацыйныя патрабаванні і наладжана навуковае кіраўніцтва магістэрскімі дысертацыямі піяністаў, ўпарадкавана педагагічная практыка, якая праводзілася ў цесным кантакце з загадчыцай сектара педагагічнай практыкі Л.В. Казлоўскай.

У верасні 2005 года зноў узначаліў кафедру доктар педагагічных навук, прафесар В.Л. Яканюк. Найважнейшы накірунак дзейнасці кафедры – навуковая і метадычная работа. Яна праводзілася і праводзіцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу і з улікам спецыялізацыі і навуковых інтарэсаў выкладчыкаў. У навучальны працэс ўводзяцца новыя навучальныя курсы: музычная педагогіка і музычная псіхалогія, гісторыя фартэпіяннай (клавірнай) педагогікі, асновы фартэпіяннай транскрыпцыі і імправізацыі, мастацкія стылі ў фартэпіянным выканальніцтве, карэкцыйная педагогіка, музыкатэрапія, цыкл прадметаў па спецыялізацыі “Арган”, асновы тэорыі выканальніцкай інтэрпрэтацыі музыкі (для магістрантаў) і шэраг іншых. Члены кафедры актыўна ўдзельнічаюць у міжнародных канферэнцыях, кіруюць студэнцкімі работамі, прадстаўленымі на рэспубліканскія конкурсы, публікуюць манаграфіі і артыкулы, метадычныя і навучальныя дапаможнікі і г. д. З 2005 года кафедра штогод праводзіць студэнцкую канферэнцыю “Музычная педагогіка, псіхалогія і выканальніцкае мастацтва вачыма студэнтаў”. Развіццё спецыяльнай педагагічнай падрыхтоўкі і фарміраванне асноў музычнай дыдактыкі цесна звязана з дзейнасцю кафедры ў галіне распрацоўкі адукацыйных стандартаў, неабходнасць працы над якімі была абумоўлена не толькі еўрапейскімі тэндэнцыямі развіцця вышэйшай школы (Балонскі працэс), але і ўзмацненнем тэндэнцый дыверсіфікацыі адукацыі, якія ўсё больш прыкметна праяўлялі сябе ў новых сацыяльна-палітычных умовах краіны ў апошняе дзесяцігоддзе ХХ стагоддзя. Важным напрамкам у дзейнасці кафедры і развіцці музычна-педагагічнай навукі стала распрацоўка заданняў Дзяржаўнай навуковай праграмы “Культура” (навуковы кіраўнік выканання заданняў ДНТП “Культура” – доктар педагагічных навук, прафесар В.Л. Яканюк, 1997–2015). У рамках гэтай праграмы была распрацавана канцэпцыя развіцця вышэйшай музычнай адукацыі ў сферы мастацтва, у якой выкладзены метадалагічныя падыходы да развіцця музычнай адукацыі ў краіне, навукова абгрунтаваны метадычныя рэкамендацыі па абагульненню працэсу станаўлення і развіцця нацыянальных музычна-выканальніцкіх і музычна-педагагічных школ. У цяперашні час на кафедры завяршаецца праца над навукова-метадычным праектам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “Распрацаваць навукова-метадычныя асновы, адукацыйны стандарт і вучэбна-праграмную дакументацыю адукацыйнай праграмы вышэйшай адукацыі II ступені з паглыбленай падрыхтоўкай спецыялістаў, якая забяспечвае атрыманне ступені магістра, у галіне музычна-выканальніцкага мастацтва” (навуковы кіраўнік ЧНК кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт І.Ю. Аношка).

Асаблівая ўвага надаецца навуковай працы аспірантаў і магістрантаў. Шэраг выпускнікоў аспірантуры кафедры абаранілі кандыдацкія дысертацыі: І.Б. Багачова, В.Г. Шаўчэнка, І.П. Марчанка, М.Г. Хаміцкая, А.Б. Ніжнікава, І.Ю. Аношка, Н.С. Громава, В.І. Палітанская, грамадзяне КНР Не На, Сунь Вэйбо, Сун Джуан, Лю Цзінь-Тао, Фэн Лэй, Пан Вэй, Ся Юньцзін, Вэн Хантаа (усе – пад кіраўніцтвам В.Л. Яканюка), В.П. Марозава, С.С. Герасімовіч, Л.А. Арлова, Т.У. Сярнова, С.В. Баёва, К.Я. Яськоў (навуковы кіраўнік – К.І. Сцепанцэвіч), В.М. Сахарава (навуковы кіраўнік – У.Дз. Кокушкін). Пад навуковым кіраўніцтвам В.Л. Яконюка падрыхтаваны і абаронены дзве доктарскія дысертацыі (Й.І. Кевішас, 1998; Б.А. Галяшэвіч, 2012).

У цяперашні час на кафедры музычнай педагогікі, гісторыі і тэорыі выканальніцкага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, якую ўзначальвае доктар педагагічных навук, прафесар, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук вышэйшай школы (IHEAS, Масква), акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі (IEAS), акадэмік Нацыянальнай акадэміі адукацыі, старшыня экспертнага савета ВАК Рэспублікі Беларусь (“Педагогіка і псіхалогія”) Вадзім Лявонцьевіч Яканюк, выкладаюць кандыдаты мастацтвазнаўства, дацэнты І.Ю. Аношка, І.Г. Вядзенін, В.М. Сахарава, У.В. Неўдах, кандыдат педагагічных навук, дацэнт А.І. Самусенка, старшы выкладчык Л.М. Жукава, выкладчыкі Г.Я. Лебедзева, Г.А. Мацюхіна, К.У. Шымановіч, В.С. Падгайская, А.Ю. Логінава. Сакратар кафедры – Н.М. Бычанкова.

Кафедра музычнай педагогікі, гісторыі і тэорыі выканальніцкага мастацтва – высокапрафесійны калектыў, здольны вырашаць самыя складаныя задачы выхавання педагога-музыканта на ўзроўні сучасных патрабаванняў.

pic pic pic