Кафедра харавога дырыжыравання

Гісторыя кафедры харавога дырыжыравання

Кафедра харавога дырыжыравання была арганізавана ў 1934 годзе. На працу ў якасці хормайстра ў Беларускую кансерваторыю быў запрошаны Ісідар Германавіч Бары – выпускнік Маскоўскай кансерваторыі, вучань прафесара М.Даніліна (пасля І.Бары стаў адным з арганізатараў Беларускай харавой капэлы). Затым кіраўніцтва кафедрай ажыццяўляла Л.М.Шварц – выпускніца Маскоўскай кансерваторыі па класе прафесара Р.Дзмітрыеўскага. Яна ж была і першым хормайстрам опернай студыі кансерваторыі. У 1940 годзе кафедра папоўнілася яшчэ адным выкладчыкам – Мікалаем Фёдаравічам Маславым, выпускніком Маскоўскай кансерваторыі па класе прафесара П.Часнакова. Да пачатку 1940-х гадоў дырыжорска-харавым факультэтам былі падрыхтаваны некалькі выпускаў студэнтаў. Сярод тых, хто скончыў – А. Юшкевіч (пасля прафесар Малдаўскай кансерваторыі), Д.Хургіна (хормайстр шэрагу калектываў Ленінграда) і інш.

У 1944 годзе, калі дзейнасць кансерваторыі пасля заканчэння вайны была адноўлена, на кафедры пачалі працаваць новыя педагогі – Марк Рыгоравіч Шнейдэрман і Самуіл Львовіч Ратнер. Кіраваў кафедрай амаль 20 гадоў выхаванец Ленінградскай кансерваторыі, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, дырыжор тэатра оперы і балета БССР, прафесар Ілья Аляксандравіч Гітгарц. Пазней на кафедру былі запрошаны выпускніца Ленінградскай дзяржаўнай кансерваторыі па класе прафесара А.Ягорава Ганна Паўлаўна Зелянкова (з 1949 года) і выпускнік Віленскай кансерваторыі па класе прафесара К.Кавяцкаса, а таксама аспірантуры Маскоўскай кансерваторыі пад кіраўніцтвам А.Свешнікава Віктар Уладзіміравіч Роўда.

З 1963 па 2007 год нязменным кіраўніком кафедры быў народны артыст СССР, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар В.У.Роўда. На гэтай пасадзе яго змяніў дацэнт Валерый Лявонцьевіч Аўраменка, а з лютага 2011 па лістапад 2021 гг. кафедру ўзначальвала дацэнт Інэса Міхайлаўна Бадзяка.

З сакавіка 2022 года кафедру харавога дырыжыравання ўзначальвае Сямён Міхайлавіч Кліманаў.

У розны час на кафедры працавалі народны артыст БССР Аляксей Пятровіч Кагадзееў, народны артыст БССР, прафесар Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі, заслужаны работнік культуры БССР Васіль Мікалаевіч Варатнікоў, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Канстанцін Іосіфавіч Паплаўскі, дацэнт Валерый Лявонцьевіч Аўраменка, Ларыса Андрэеўна Раманоўская, Тамара Паўлаўна Гуліна, Яўген Аляксандравіч Грамыка, Мікалай Мікалаевіч Хвісюк, Ларыса Андрэеўна Шыманавіч.

У цяперашні час на кафедры выкладаюць кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар Святлана Сцяпанаўна Герасімовіч, дацэнты Інэса Міхайлаўна Бадзяка, Тамара Гаўрылаўна Слабодчыкава, Юрый Анатольевіч Караеў, Андрэй Рамановіч Саўрыцкі, народная артыстка Беларусі Ніна Іосіфаўна Ламановіч, старшыя выкладчыкі Вольга Ўладзіміраўна Іжык, Вольга Яўгенаўна Янум, Крысціна Мікалаеўна Нікалаева-Рудкевіч, Вячаслаў Вячаслававіч Ларын, Ганна Міхайлаўна Арлукевіч і інш.

Асноўны напрамак дзейнасці кафедры – падрыхтоўка высокапрафесійных харавых кадраў для работы ў тэатральных, канцэртных установах, установах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, музычных школах. Сёння выпускнікі кафедры з’яўляюцца вядучымі хормайстрамі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р. Р. Шырмы, Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.І.Цітовіча, Акадэмічнага хору Белтэлерадыёкампаніі, Дзяржаўнага камернага хору, Музыкальнай капэллы «Санорус» і інш.

Найважнейшымі творчымі дасягненнямі студэнцкага хору Акадэміі (www.choirbgam.by), арганізаванага ў 1995 годзе, сталі гран-пры на Міжнародным харавым конкурсе музычных ВНУ СНД і Еўропы (Малдавія, г. Кішынёў, 1995), гран-пры “Оскар” і 3 “залатыя дыпломы” на II Міжнародным конкурсе хораў (Германія, г. Дармштат, 1997), гран-пры на XVI Міжнародным фестывалі праваслаўнай харавой музыкі (Польшча, г. Хайнаўка, 1997), гран-пры на Міжнародным фестывалі “Магутны Божа” (Беларусь, г. Магілёў, 2000) і інш.

Педагогі кафедры шмат часу ўдзяляюць практычнай хормайстарскай дзейнасці, прымаюць удзел у працы журы міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў. У лістападзе 2009 года на базе Акадэміі ўпершыню арганізаваны Першы адкрыты конкурс харавых дырыжораў імя В.У.Роўды, у 2011 годзе – Другі конкурс, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння В.У.Роўды, у красавіку 2014 года – Трэці конкурс, які быў прымеркаваны да 80-годдзя кафедры харавога дырыжыравання. У лістападзе 2016 года адбыўся Чацвёрты конкурс (да 95-годдзя з дня нараджэння В.У.Роўды).

Садзейнічаючы захаванню традыцый і развіццю сучаснай адукацыі дырыжораў-хормайстраў у Беларусі, у 2010, 2012 і 2015 гадах праводзіўся конкурс харавых дырыжораў сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнцкія навукова-практычныя канферэнцыі (“Харавое выкананне”, «Харавое мастацтва: учора, сёння, заўтра” – 2013 год, “Харавое мастацтва да пачатку XXI стагоддзя: стан і перспектывы” – 2015 год), фестывалі “Viva, ХОР!”, у рамках якіх прайшлі шматлікія канцэртныя мерапрыемствы ў 2012 і 2014 гадах. Па ініцыятыве кафедры з 2006 года праводзіцца творчы і адукацыйны праект “Харавыя старонкі XX стагоддзя”, у рамках якога адбыліся канцэрты, творчыя сустрэчы, лекцыі, майстар-класы вядомых харавых дырыжораў з Расіі, Балгарыі, Даніі, Польшчы, Швейцарыі, Латвіі. Кафедра з’яўляецца ініцыятарам правядзення гарадскіх свят харавой музыкі, якія штогод праходзяць на працягу апошніх гадоў, сярод іх свята харавой і інструментальнай музыкі, прымеркаванае да 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў і многія іншыя.

Выкладчыкамі вядзецца разнастайная навукова-метадычная работа: складаюцца тыпавыя навучальныя праграмы для ўстаноў вышэйшай адукацыі, выдаюцца вучэбна-метадычныя дапаможнікі і зборнікі харавой музыкі. Прадстаўнікі кафедры пастаянна аказваюць метадычную дапамогу выкладчыкам музычных каледжаў, чытаюць курсы лекцый на факультэце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Акадэміі музыкі, удзельнічаюць у правядзенні дзяржаўных экзаменаў у музычных каледжах. Кафедра з’яўляецца ініцыятарам правядзення Рэспубліканскіх семінараў-практыкумаў па харавых спевах пад творчым кіраўніцтвам вядучых майстроў харавога выканальніцкага мастацтва, якія праводзяцца на працягу апошніх гадоў.

pic pic pic