Навука

Студэнцкае навукова-творчае таварыства

Студэнцкае навукова-творчае таварыства (СНТТ) Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі арганізавана ў 1949 годзе. Першым навуковым кіраўніком СНТТ быў прафесар Віктар Аркадзьевіч Белы. Пазней кіраўніцтва ажыццяўлялі прафесары і дацэнты Акадэміі: Калерыя Іосіфаўна Сцепанцэвіч, Лідзія Саулаўна Мухарынская, Таісія Аляксееўна Шчарбакова, Уладзімір Дзмітрыевіч Кокушкін, Аляксандр Анатольевіч Друкт, Наталля Іванаўна Сцепанцова, Вадзім Лявонцьевіч Яканюк, Юрый Дзмітрыевіч Златкоўскі, Алена Віктараўна Куракіна, Аляксандра Вітальеўна Макарава, Лілія Фаільеўна Баранкевіч. У цяперашні час узначальвае СНТТ кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Ала Анатольеўна Ціхамірава. СНТТ дае студэнтам Акадэміі шырокія дадатковыя магчымасці для самарэалізацыі і паглыблення прафесіяналізму. Формы працы разнастайныя, адпавядаюць інтарэсам і спецыялізацыі студэнтаў. Асноўныя напрамкі дзейнасці СНТТ:

  • выкананне навукова-даследчых работ;
  • даклады на навуковых канферэнцыях;
  • крытыка-публіцыстычная і лектарская дзейнасць;
  • творчыя сустрэчы з кампазітарамі, выканаўцамі, музыказнаўцамі, педагогамі, вядомымі дзеячамі культуры Беларусі і замежжа;
  • знаёмства з новымі аўдыё- і відэазапісамі, навуковымі публікацыямі;
  • знаёмства з сачыненнямі студэнтаў-кампазітараў і творчыя дыскусіі.

Да творчых форм работы адносіцца канцэртная дзейнасць па-за навучальным планам Акадэміі студэнтаў-салістаў і студэнцкіх хораў, аркестраў (сімфанічнага, духавога, камернага, народных інструментаў), ансамбляў, удзел студэнтаў выканальніцкіх спецыяльнасцей у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Так, у 2011–2015 гадах праводзіліся акадэмічныя канцэрты-конкурсы фуг (творчыя кіраўнікі праекта – прафесар кафедры тэорыі музыкі, доктар мастацтвазнаўства Н.В. Шыманскі і прафесар кафедры кампазіцыі Г.К. Гарэлава), у красавіку 2018 года – VI канцэрт-конкурс фуг (вынікі конкурсу). У маі 2018 года адбыўся конкурс творчых работ па гармоніі, у якім удзельнічалі студэнты-музыказнаўцы: 1-е месца прысуджана Кацярыне Сакаловай (1 курс) і Валерыі Палуян (2 курс), 2-е месца – Дар’і Волкавай (1 курс) і Ксеніі Жаканавай (2 курс), 3-е месца – Марыі Рудзенка (1 курс) і Марыі Лабовіч (2 курс) (творчы кіраўнік праекта – загадчык кафедры тэорыі музыкі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Т.А. Цітова). У 2014 годзе арганізоўваліся канцэрт «Тэорыя і практыка рытму» для ансамбля ўдарных інструментаў з твораў студэнтаў спецыяльнасцей «музыказнаўства» і «кампазіцыя» (творчыя кіраўнікі праекта – прафесар кафедры кампазіцыі В.В. Кузняцоў і прафесар кафедры медных духавых і ўдарных інструментаў Л.М. Кліндухова), творчая сустрэча з А.В. Івановым – вучнем кампазітара Б.М. Цішчанка, прымеркаваная да яго 75-гадовага юбілею. У кастрычніку 2017 года праводзіўся канцэрт-лекцыя «Мінімалізм і постмінімалізм у кантэксце постмадэрнісцкай эстэтыкі», у сакавіку 2018 года – другі канцэрт-лекцыя «Музычная мова мінімалізму ў кантэксце постмадэрнісцкага дыскурсу» з удзелам Дыскусійнага клуба факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ (аўтар і вядучы – аспірант Артур Хмара, навуковы кіраўнік – доктар педагагічных навук, прафесар В.Л. Яканюк). У красавіку 2018 года адбыўся канцэрт-лекцыя «Сучасная музыка беларускіх кампазітараў для баяна і акардэона» (аўтар праекта – старшы выкладчык кафедры баяна і акардэона, кандыдат мастацтвазнаўства Л.В. Скачко).

Некалькі разоў у год праходзяць спецыялізаваныя канферэнцыі СНТТ (унутрывузаўскія, міжвузаўскія і рэспубліканскія), а таксама навукова-практычныя семінары. СНТТ прымае ўдзел у арганізацыі і правядзенні ўсіх буйных навуковых канферэнцый Акадэміі, у тым ліку штогадовых Міжнародных навуковых чытанняў памяці Л.С. Мухарынскай. На студэнцкай секцыі Навуковых чытанняў ужо традыцыйна выступаюць не толькі студэнты з Акадэміі музыкі, але студэнты і магістранты з музычных ВНУ краін блізкага і далёкага замежжа (у тым ліку, з ВНУ-партнёраў), сярод якіх Расійская акадэмія музыкі імя Гнесіных, Санкт-Пецярбургская кансерваторыя імя М. Рымскага-Корсакава, Краснаярская дзяржаўная акадэмія музыкі і тэатра, Саратаўская дзяржаўная кансерваторыя імя Л. Собінава, Нацыянальная акадэмія музыкі Украіны імя П. Чайкоўскага, Адэская нацыянальная музычная акадэмія імя А. Няжданавай і інш. У той жа час міжнародныя кантакты на ўзроўні студэнцкай навукі рэалізуюцца і ў рамках зваротнага працэсу – за кошт удзелу студэнтаў і магістрантаў Акадэміі музыкі ў навукова-практычных канферэнцыях у Расіі, Украіне, Грузіі, Арменіі і іншых краінах.

Члены СНТТ штогод удзельнічаюць у Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь. Большасць прадстаўленых работ высока ацэньваецца конкурснымі камісіямі. У маі 2014 года сталі вядомы вынікі XX Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў, які арганізоўваўся Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Па выніках XXI Рэспубліканскага конкурсу навуковых прац 2014 года лаўрэатам конкурсу стала І. Філімовіч (студэнтка магістратуры, навук. кір. – канд. маст., дацэнт А.В. Лісава), аўтарамі работ першай катэгорыі – В. Макарэвіч (студэнтка магістратуры, навук. кір.– канд. маст., дацэнт кафедры тэорыі музыкі Н.А. Аруцюнава, Д. Вітко (студэнтка магістратуры, навук. кір. – канд. маст., дацэнт В.П. Савіцкая), А. Карпіевіч (выпускнік, накірунак спецыяльнасці «мастацтвазнаўства / музыказнаўства», навук. кір. – канд. маст., дацэнт А.А. Карпілава), аўтарамі работ другой катэгорыі – В. Шнайдэр (аспірантка, навук. кір. – канд. маст., дацэнт Л.А. Волкава), А. Канавалава (студэнтка магістратуры, навук. кір. – канд. маст., дацэнт кафедры тэорыі музыкі А.А. Ціхамірава), А. Акавітая (студэнтка 3 курса, кірунак спецыяльнасці «мастацтвазнаўства / музыказнаўства/», навук. кір. – канд. маст., дацэнт Т.Л. Бярковіч). У 2015 годзе студэнты, магістранты, выпускнікі акадэміі таксама прынялі ўдзел у XXII Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ, і зноў шэраг работ быў адзначаны дыпломамі першай, другой і трэцяй катэгорыі. У 2016 годзе студэнты акадэміі па выніках XXIII Рэспубліканскага конкурсу ўвайшлі ў лік лаўрэатаў, атрымалі дыпломы першай і другой катэгорыі. У 2017 г. адбыўся XXIV Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў. У 2018 г. адбыўся XXV Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў. У 2019 годзе адбыўся XXVI Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў.

У кастрычніку 2020 года быў аб’яўлены пачатак XXVI Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў.

Студэнты бяруць удзел і ў міжнародных конкурсах. З 1 сакавіка па 24 красавіка 2010 года ў Маскве ў Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных праводзіўся ХХ Усерасійскі/міжнародны конкурс навукова-даследчых работ студэнтаў у галіне музычнага мастацтва. У намінацыі «музычная этнаграфія» лаўрэатам (III месца) стала студэнтка 3 курса аддзялення музыказнаўства А. Вікторчык (навук. кір. – канд. маст., прафесар Т.С. Якіменка); тэма працы «Каляндарна-песенныя традыцыі вярхоўяў ракі Случ: да пытання жанравай марфалогіі і мелагеаграфіі песенных форм зімовага, веснавога і летняга цыклаў (па матэрыялах палявых экспедыцый БДАМ 1973–1980 і 2008, 2009 гг.)». У намінацыі «Педагагічныя праблемы музычнага мастацтва. Музычная крытыка» лаўрэатам (III месца) стала студэнтка 4 курса А. Круглінская (навук. кір. – ст. выкладчык Н.Я. Бунцэвіч); тэма працы – «Развіццё беларускай музычнай крытыкі 1920-х гадоў (на матэрыяле прэсы)». У намінацыі «сучаснае музычнае мастацтва» дыплом атрымала студэнтка 4 курса В. Лойка (навук. кір. – канд. маст., дацэнт А.М. Гарахавік), тэма працы – «Musica Sacra A. Пярта: о претворении культовых жанров «Passio Domini Nostri Jesu Christi Secundum Joannem» и «Te Deum»». Там жа з 1 сакавіка па 26 красавіка 2013 г. праходзіў XXIII Міжнародны конкурс навуковых работ студэнтаў у галіне музычнага мастацтва. 1 месца ў намінацыі «духоўная музыка» атрымала студэнтка 5 курса Е. Мароз (тэма – «Араторыя М. Чарапніна «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах»: жанрава-стылявыя і драматургічныя асаблівасці», навук. кір. – канд. маст., дацэнт Э.А. Алейнікава), ганаровы дыплом у намінацыі «сучаснае айчыннае музычнае мастацтва» атрымала студэнтка магістратуры І. Пілатава (тэма – «Вопыт прымянення комплекснага падыходу да даследавання тэксту оперы Д.Б. Смольскага “Сівая легенда” », навук. кір. – доктар маст., прафесар К.М. Дулава). 19–21 красавіка 2013 года ў Тбіліскай дзяржаўнай кансерваторыі ім. В. Сараджышвілі (Грузія) арганізоўвалася IV Міжнародная музыказнаўчая канферэнцыя-конкурс, на якой дыплом за лепшы даклад сярод студэнтаў атрымаў студэнт 4 курса аддзялення музыказнаўства Я. Карпіевіч (навук. кір. – канд. маст., дацэнт А.А. Карпілава). З 3 сакавіка па 27 красавіка 2014 года ў Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных праводзіўся XXIV Міжнародны конкурс навуковых работ студэнтаў у галіне музычнага мастацтва. У намінацыі «духоўная музыка» I прэмію атрымала студэнтка магістратуры Л. Шпакоўская (тэма – «Мелодыка песнапенняў Грэцкай Праваслаўнай Царквы ў пострэформенны перыяд /з 1881 года да нашых дзён/» (навук. кір. – канд. маст., дацэнт М.В.Шыманскі). У сакавіку–красавіку 2015 года ў Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных арганізоўваўся XXV Міжнародны конкурс навукова-даследчых работ студэнтаў у галіне музычнага мастацтва, лаўрэатамі якога ў намінацыі «сучасная музыка» сталі студэнткі магістратуры В. Макарэвіч (II прэмія, навук. кір. – канд. маст., дауэнт кафедры тэорыі музыкі Н.А. Аруцюнава), І. Філімовіч (ІІІ прэмія, навук. кір. – канд. маст., дацэнт А.В. Лісава), у намінацыі «класічнае музычнае мастацтва» – студэнтка магістратуры Д. Вітко (III прэмія, навук. кір. – канд. маст., дацэнт В.П. Савіцкая). У 2016–2018 гадах студэнты Акадэміі музыкі былі ўдастоены звання лаўрэата на конкурсе навуковых работ навучэнцаў, студэнтаў і аспірантаў, прадстаўленых у форме дакладаў на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Этнамузыкалогія: гісторыя, тэорыя, практыка» ў Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М. Рымскага-Корсакава: у 2016 годзе – Э. Салейчук (I прэмія) і М. Кароль (II прэмія) (навуч. кір. – канд. маст., дацэнт Л.Ф. Баранкевіч), у 2017 годзе лаўрэатамі сталі А. Лагун, П. Чырыч, В. Сідаркевіч, у 2018 годзе – Т. Бударкевіч. У 2018 годзе ганаровыя дыпломы XXVIII Міжнароднага конкурсу навукова-даследчых работ студэнтаў у галіне музычнага мастацтва (Расійская акадэмія музыкі імя Гнесіных) атрымалі аспірантка Варвара Царук і студэнтка магістратуры Эліна Салейчук.

З 2002 года выходзіла перыядычнае выданне – навуковы і інфармацыйна-аналітычны часопіс «Веснік СНТТ Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі» (да лістапада 2006 года – газета «Веснік СНТТ»), дзе студэнты і выкладчыкі акадэміі маглі абмяркоўваць актуальныя праблемы нацыянальнай музычнай культуры, дзяліцца творчымі ўражаннямі і абменьвацца прафесійнымі меркаваннямі. У 2010 годзе з’явілася электронная газета «Акадэмія музыкі вачыма студэнта».