Кафедра драўляных духавых інструментаў

Гісторыя кафедры драўляных духавых інструментаў

Кафедра драўляных духавых інструментаў была арганізавана ў 1989 годзе пасля раздзялення кафедры духавых і ўдарных інструментаў на дзве: кафедру драўляных духавых інструментаў і кафедру медных духавых і ўдарных інструментаў. З 1991 года кафедру ўзначальваў Заслужаны артыст БССР, кандыдат мастацтвазнаўства Рэспублікі Беларусь, доктар мастацтвазнаўства Расійскай Федэрацыі, прафесар Б.У. Нічкоў. У верасні 2014 года загадчыкам кафедры быў абраны заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кандыдат філасофскіх навук, доктар культуралогіі Расійскай Федэрацыі, прафесар У.П. Скараходаў.

Кафедра драўляных духавых інструментаў як па прафесіяналізме педагагічнага складу, так і па выканальніцкім і педагагічным узроўні выпускнікоў стала адной з элітных у акадэміі музыкі. Цяпер сярод штатных выкладчыкаў кафедры:

дацэнт Н.В. Аўраменка (флейта); Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, прафесар У.У. Будкевіч (фагот); дацэнт І.Л. Брычыкаў (кларнет); дацэнт Г.І. Казадой (саксафон); дацэнт С.І. Сітнікава (флейта); Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кандыдат філасофскіх навук, доктар культуралогіі (РФ), прафесар У.П. Скараходаў (кларнет). Папаўненне і пашырэнне складу кафедры ў асноўным адбывалася дзякуючы запрашэнню на працу найбольш таленавітых выпускнікоў: Т.М. Кармазінавай (флейта), А.У. Шымановіча (кларнет), Н.А. Пятрова (саксафон), С.М. Тумаркіна (габой).

За мінулыя 33 гады кафедра выпусціла больш за 400 спецыялістаў, сярод якіх лаўрэаты нацыянальных і міжнародных конкурсаў, салісты вядучых творчых калектываў Рэспублікі Беларусь.

Беларуская духавая выканальніцкая школа заявіла пра сабе на міжнароднай арэне не толькі ўдзелам і перамогамі ў выканальніцкіх конкурсах. Лепшыя выпускнікі кафедры склалі дастойную канкурэнцыю на конкурсах у аркестравыя калектывы, дзе выйгралі шэраг прэстыжных адбораў на пасады салістаў сімфанічных аркестраў Аўстрыі, Бразіліі, Германіі, Галандыі, Марока, ЗША, Польшчы, Чэхіі.

На кафедры вядзецца навукова-даследчая і навукова-метадычная работа. Сярод найбольш значных прац:

  • Манаграфіі Б.В.Нічкова “Духавая інструментальная культура Беларусі” (1993); «Мае настаўнікі – выдатныя габаісты І.М.Данскер, І.Ф.Пушачнікаў, А.В.Пятроў» (2006); “Беларускія музыканты-выканаўцы на драўляных духавых інструментах” (2010); “Выканаўства на духавых інструментах у Беларусі 2-й паловы XIX–XX стагоддзя” (2012); “Беларускія музыканты – выканаўцы на медных духавых і ўдарных інструментах” (2014); «Канцэртмайстры кафедры драўляных, медных духавых і ўдарных інструментаў (1970–2015).
  • Працы У.П. Скараходава: “Мастацкая культура ў дынаміцы сацыяльнага асваення” (1994); “Сацыядынаміка культуры сучаснай Беларусі” (2003); «Свабодны час і культура» (у суаўтарстве з І.І.Антановічам, 2008); “Саветы маім вучням” (2009; “Майстэрства кларнетыста. Саветы настаўніка” (2012); “Майстар-клас прафесара Скараходава” (2014); “Методыка выкладання ігры на кларнеце” (2022).

Штогод публікуюцца навуковыя артыкулы і нотныя рэпертуарныя зборнікі, аўтарамі якіх з’яўляюцца Н.В. Аўраменка, Г.І. Казадой, В.А. Грыгор’еў, М.М. Расоха, С.І. Сітнікава, У.П. Скараходаў.

Выкладчыкі кафедры ўвесь час выступаюць на розных навукова-практычных канферэнцыях, сімпозіумах, семінарах, праводзяць майстар-класы ў Беларусі і за мяжой, з’яўляюцца старшынямі і членамі журы нацыянальных і міжнародных конкурсаў.

На кафедры шырока прадстаўлена канцэртная дзейнасць. На працягу 25 гадоў актыўна функцыянуе ансамбль салістаў “Сірынкс”, нязменным кіраўніком якога з’яўляецца Н.В. Аўраменка. З прафесійным майстэрствам ансамбля знаёмы слухачы не толькі Беларусі, але і замежных краін. Толькі за апошнія пяць гадоў ён даў 96 канцэртаў, у тым ліку ў Францыі, Германіі, Люксембургу, Польшчы. З 2009 года пачалася гісторыя ансамбляў “Німфы”. Цікавую творчую працу дэманструюць студэнцкія калектывы: ансамбль флейтыстаў «Impressions» (клас С.І. Сітнікавай), квартэт кларнетыстаў (клас У.П. Скараходава), духавы квінтэт (клас прафесара У.У. Будкевіча), ансамбль саксафаністаў (клас Г. І. Казадоя).