Пасада: Старшы выкладчык кафедры спеваў і музычна-тэатральнага мастацтва
Ганаровае званне: Заслужаная артыстка Расіі; Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь
Адукацыя: Пермскае дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча (1963)
Выкладаемыя дысцыпліны: Характэрны танец, Методыка выкладання характэрнага танца, Гісторыка-бытавы танец, Методыка выкладання гісторыка-бытавога танца, Рэпетытарская работа, Методыка рэпетытарскай работы
Нарадзілася ў г.Чыта, Расія.Выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі з 1995 года.
Па заканчэнні Пермскага дзяржаўнага харэаграфічнага вучылішча была накіравана на працу ў Пермскі дзяржаўны тэатр оперы і балета ім. П.І.Чайкоўскага салісткай балета. За час працы ў тэатры быў асвоены шырокі рэпертуар: і класічны, і сучасны, выкананы партыі: Зарэмы ў балеце “Бахчысарайскі фантан” Б.Асаф’ева, Эгіны ў балеце “Спартак” А.Хачатурана, Феі бэзу ў балеце “Спячая прыгажуня” П.І.Чайкоўскага, Мэрсэдэс і вулічнай танцоркі ў балеце “Дон Кіхот” Л.Мінкуса, Фартуны ў балеце “Арфей і Эўрыдыка” А.Журбіна і многія іншыя.
У 1973 годзе Н.М.Дзьячэнка прысвоена ганаровае званне “Заслужаная артыстка Расіі”.
У 1985 годзе запрошана ў Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі на пасаду педагога-рэпетытара па рабоце з маладымі выканаўцамі.
У верасні 1992 года Н.М.Дзяьчэнка была запрошана ў Беларускі дзяржаўны музычны тэатр балетмайстрам-пастаноўшчыкам, а ў студзені 1993 года была прызначана галоўным балетмайстрам тэатра.
Н.М.Дзьячэнка стварыла практычна новую балетную трупу, перад якой паставіла складаныя мастацкія задачы пашырэння традыцыйных функцый балета ў аперэце і ўзяла курс на стварэнне самастойнага балетнага рэпертуару. Пастаўленыя Н.М.Дзьячэнка на сцэне тэатра балеты: “Іспанскі дывертысмент” (1992), “Штраусіана” (1993), “Зачараваны прынц” (1996), “Новыя амазонкі” (прэм’ера адбылася 12.12.1997 ў г.Грэнада, Іспанія), “Жызэль” (1998), “Вальпургіева ноч” (2003), “Спячая прыгажуня” (2004).
Як балетмайстар-пастаноўшчык Н.М.Дзьячэнка ажыццяўляла пастаноўкі спектакляў розных жанраў: мюзікл “Хэло, Долі!” Д.Германа, аперэт – “Халопка” Н.Стрэльнікава, “Вясёлая ўдава” Ф.Легара, “Капялюш Напалеона” О.Штрауса, “Даратэя” Т.Хрэннікава, “Каралева чардаша” І.Кальмана, “Цыганскі барон” І.Штрауса, “Баядэра” І.Кальмана.
У 2005 годзе Н.М.Дзьячэнка ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны.
Валодаючы вялікім вопытам работы, сапраўднай педагагічнай і рэпетытарскай дадзенасцю, Н.М.Дзьячэнка выгадавала і выхавала ў сваім калектыве шэраг яскравых, таленавітых маладых выканаўцаў, якія атрымлівалі творчыя перамогі і заваёўвалі званні лаўрэатаў на прэстыжных міжнародных конкурсах. У 1997 годзе, калі Ю.Дзятко і К.Кузняцоў акрамя звання лаўрэатаў VIII Маскоўскага міжнароднага конкурсу артыстаў балета былі ўзнагароджаны дыпломам С.П.Дзягілева (Расійскага культурнага фонду “Дом Дзягілева” і Міжнароднага камерцыйнага саюза) як лепшы дуэт конкурсу, Н.М.Дзьячэнка была ўдастоена дыплома С.П.Дзягілева як педагог, які падрыхтаваў лепшы дуэт конкурсу.
Натхнёнаму майстэрству балетнай трупы тэатра, якую ўзначальвае Н.М.Дзьячэнка, горача апладзіравалі гледачы Іспаніі, Партугаліі, Англіі, Шатландыі, Германіі, Швейцарыі, дзе ў 1995-2006 гг. з вялікім поспехам праходзілі гастролі, якія атрымалі шырокі водгук у замежнай прэсе.
2007-2011 – па запрашэнні кампаніі “Еўраканцэрт” рыхтавала артыстаў балета і праграму для штогадовага міжнароднага Каляднага фестывалю Штрауса. Былі пастаўлены 11 полек, 6 вальсаў і 2 уверцюры І.Штрауса. Канцэрты праходзілі ў Аўстрыі, Германіі, Грэцыі, Партугаліі, Іспаніі, Швецыі, Фінляндыі, Італіі, Польшчы.
Н.М.Дзьячэнка ставіла спектаклі ў Краснадары (“Сільва” ў Краснадарскім музычным тэатры), Ноўгарадзе (“Іспанскі дывертысмент”, “Вальпургіева ноч”, “Новыя амазонкі”, “Шчаўкунок” у Дзяржаўным тэатры оперы і балета), Кракаве (“Вальпургіева ноч”, “Балеро”, “Іспанскі дывертысмент” у Opera Krakowska).
На працягу 2016-2021 гг. для справаздачна-выпускных канцэртаў навучэнцаў Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа Н.М.Дзячэнка былі пастаўлены балеты: “Прывал кавалерыі” І.Армсгеймера, “Новыя амазонкі (Балеро) ” М.Равеля, “Штраусіана” І.Штрауса.
У 2018 годзе ўзнагароджана медалём Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.
У 2015 годзе і 2018 годзе за высокі прафесіяналізм і значныя дасягненні ў сферы культуры, а таксама за значныя поспехі ў педагагічнай дзейнасці ўзнагароджана Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
У 2020 годзе прысвоена Ганаровае званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь”.
У 2020 годзе ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры Н.М.Дзьячэнка паставіла спектакль “Навэлы пра каханне” і класічны дывертысмент у спектаклі “Кароль вальса”.