Фартэпіянны і кампазітарска-музыказнаўчы факультэт

Кафедра кампазіцыі

Загадчык кафедры: Галіна Канстанцінаўна Гарэлава
Спецыяліст: Юрынок Ірына Аляксандраўна
Кантактны тэлефон: +375 17 3221176
Электронны адрас: fkm@bgam.by

 

ВЫКЛАДЧЫКІ

Асноўныя супрацоўнікі:

Галіна Канстанцінаўна Гарэлава
Загадчык кафедры кампазіцыі, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, прафесар

Войцік Віктар Антановіч
Прафесар кафедры кампазіцыі, прафесар. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь

Каральчук Уладзімір Мікалаевіч
Дэкан факультэта народных інструментаў, прафесар кафедры кампазіцыі, прафесар

Хадоска Алег Ігаравіч
Прафесар кафедры кампазіцыі, прафесар

Комар Ігар Анатольевіч
Выкладчык кафедры кампазіцыі

Сумяшчальнікі:

Сыцько Любоў Валер’еўна
Выкладчык кафедры кампазіцыі

 

ЛАЎРЭАТЫ

ВЫБІТНЫЯ ВЫПУСКНІКІ

ГІСТОРЫЯ КАФЕДРЫ

 

 

Кафедра кампазіцыі, гісторыі і тэорыі музыкі была арганізавана ў 1932 годзе. Першым загадчыкам кафедры стаў кампазітар Мікалай Ільіч Аладаў, у ліку выкладчыкаў – кампазітары Міхаіл Фёдаравіч Мацісон і Товій Аронавіч Шнітман. У даваенныя гады на кафедры таксама працавалі Юльян Мікалаевіч Дрэйзін, Васіль Аляксандравіч Яфімаў, Макс Рыгоравіч Шыфрын. У 1933 году кафедру ўзначаліў Васіль Андрэевіч Залатароў – выпускнік Пецярбургскай кансерваторыі, вучань М.А. Рымскага-Корсакава, М.А. Балакірава, А.К. Лядова, які стаў адным з заснавальнікаў сучаснай нацыянальнай кампазітарскай школы. Сярод яго выпускнікоў – Л.М. Абеліёвіч, А.В. Багатыроў, М.С. Вайнберг, В.А. Яфімаў, І.І. Жыновіч, М.Е. Крошнер, Д.А. Лукас, С.Г. Нісневіч, У.У. Алоўнікаў, П.П. Падкавыраў, А.М. Папоў. У 1952 годзе адбыўся першы пасляваенны выпуск класа Мікалая Ільіча Аладава, сярод вучняў былі таленавітыя кампазітары І.І. Ронькін і Р.П. Буцвілоўскі. У 1950–60-х гадах на кафедры выкладалі кампазітары Віктар Аркадзьевіч Белы, Яўген Рыгоравіч Дзягцярык, Васіль Аляксандравіч Яфімаў, Сіма Герасімаўна Нісневіч, Уладзімір Уладзіміравіч Алоўнікаў, Пётр Пятровіч Падкавыраў, Рыгор Канстанцінавіч Пукст.

У сакавіку 1967 года адбыўся падзел кафедры кампазіцыі, гісторыі і тэорыі музыкі, і кафедра кампазіцыі стала самастойным творчым падраздзяленнем. Загадваў кафедрай з моманту яе стварэння народны артыст БССР, прафесар Анатоль Васильевич Багатыроў, а выкладчыкамі былі народны артыст БССР, прафесар М.І. Аладаў, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, дацэнт П.П. Падкавыраў, народны артыст БССР, прафесар У.У. Алоўнікаў, народны артыст СССР, прафесар Яўген Аляксандравіч Глебаў, народны артыст СССР, прафесар Ігар Міхайлавіч Лучанок. З моманту ўтварэння кафедры і да 2014 года адным з вядучых выкладчыкаў быў народны артыст Беларусі, прафесар Дзмітры Браніслававіч Смольскі. У акадэміі многія гады выкладалі народны артыст Беларусі, прафесар Андрэй Юр’евіч Мдзівані, народны артыст Беларусі, дацэнт Сяргей Альбертавіч Картэс.

У лістападзе 1997 году кафедру ўзначаліў выпускнік Ленінградскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М.А. Рымскага-Корсакава, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, прафесар Уладзімір Васільевіч Дарохін; з красавіка 2013 года кіраўніцтва кафедрай прыняла заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, прафесар Галіна Канстанцінаўна Гарэлава. Зараз на кафедры працуюць заслужаныя дзеячы мастацтваў Рэспублікі Беларусь, прафесар Уладзімір Васільевіч Дарохін і Віктар Антонавіч Войцік, дацэнт Уладзімір Мікалаевіч Каральчук, дацэнт, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Алег Ігаравіч Хадоска, маладыя кампазітары Максім Віктаравіч Круглы, Алена Леанідаўна Гуціна. У жніўні 2015 года кафедра была аб’яднаная з катэдрай інструментоўкі. Мэтазгоднасць гэтага рашэння тлумачылася тым, што большасць педагогаў кафедры інструментоўкі – В.У. Кузняцоў, В.А. Войцік, У.М. Каральчук, А.Д. Ларыёнаў – многія гады вялі асноўныя дысцыпліны акадэмічнага цыклу таксама і на кафедры кампазіцыі. Пасля аб’яднання ў склад кафедры кампазіцыі ўвайшлі дацэнты М.К. Літвін і С.І. Янковіч. Гэта аб’яднанне ўмацавала пазіцыі кафедры кампазіцыі, бо за 25 гадоў свайго існавання кафедра інструментоўкі стала аўтарытэтным навукова-метадычным цэнтрам у галіне мастацтва інструментоўкі і аранжыроўкі, у чым бясспрэчная заслуга двух яе загадчыкаў – У.В. Дарохіна (1989–1998) і В.У. Кузняцова (1998–2015). Для стварэння моцнага акадэмічнага падмурка сучаснай школы інструментоўкі выкладчыкамі кафедры былі арганізаваны 17 конкурсаў на лепшую аранжыроўку і апрацоўку фальклорнай тэмы для народнага аркестра, а таксама шэраг канцэртаў з дамінаваннем аднаго з акадэмічных або народных інструментаў. З верасня 2017 года выкладанне інструментоўкі дацэнтамі С.І. Янковічем, М.К. Літвіным, прафесарам В.У. Кузнецовым перавядзена на кафедры аркестравага дырыжыравання і інструментоўкі.

Асноўным напрамкам дзейнасці кафедры кампазіцыі з’яўляецца выхаванне і навучанне кампазітарскай прафесіі паводле ўсіх яе накірунках, уключаючы аранжыроўку (у тым ліку камп’ютарную). Выкладчыкамі кафедры вядзецца значная навукова-метадычная работа, страваюцца вучэбныя праграмы і курсы лекцый па асноўных спецыяльных прадметах (кампазіцыі, інструмэнтоўцы, чытанню партытур, паліфаніі, гармоніі, музычнай форме, сальфеджыа, гісторыі аркестравых стылей і інш.). Яны распрацоўваюцца з улікам сучасных тэндэнцый у сусветнай кампазітарскай практыцы.

Выкладчыкі кафедры займаюцца актыўнай творчай дзейнасцю. У розныя гады імі былі створаныя сачыненні, якія ўвайшлі ў скарбніцу беларускага музычнага мастацтва: оперы, сімфоніі і араторыі А.В. Багатырова, сімфоніі і оперы М.І. Аладава, канцэрты і камерна-інструментальныя творы П.П. Падкавырава, лірычныя і патрыятычныя песні класікаў гэтага жанру У.У. Алоўнікава і І.М. Лучанка, оперы, балеты і сімфоніі Я.А. Глебава, опера “Сівая легенда”, а таксама сімфоніі і інструментальныя канцэрты Д.Б. Смольскага, балет “Рагнеда” і сімфоніі А.Ю. Мдзівані, оперы і араторыі С.А. Картэса, балеты і сімфоніі В.У. Кузняцова і А.І. Хадоскі, сімфанічныя і камерна-інструментальныя творы В.А. Войціка, У.В. Дарохіна, У.М. Каральчука, Г.К. Гарэлавай, камерная музыка М.В. Круглага і А.Л. Гуцінай. Гэтыя сачыненні не толькі ўваходзяць у рэпертуар вядучых калектываў і салістаў нашай рэспублікі, але гучаць і на міжнародных фестывалях, у канцэртных праграмах айчынных і замежных выканаўцаў: толькі ў апошнія два дзесяцігоддзі музыка выкладчыкаў кафедры кампазіцыі выконвалася ў Расіі, Украіне, Польшчы, Літве, Германіі, Швейцарыі, Аўстрыі, Галандыі, Францыі, Італіі, Фінляндыі, ЗША, Паўднёвай Карэі, Новай Зеландыі, на Кубе, у Аргенціне, Мексіцы, Венесуэле і іншых краінах свету.

Сярод выпускнікоў кафедры – народныя артысты Беларусі Г.М. Вагнер, Ю.У. Семяняка, С.А. Картэс, Д.Б. Смольскі, А.Ю. Мдзівані, Э.Б. Зарыцкі, Л.К. Захлеўны, В.К. Іваноў, Я.К. Паплаўская, В.П. Раінчык, заслужаныя дзеячы мастацтваў Рэспублікі Беларусь Э.М. Тырманд, Ф.Д. Пыталеў, Г.Ф. Сурус, В.А. Войцік, У.В. Дарохін, Г.К. Гарэлава, В.У. Кузняцоў, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь І.М. Цвяткова. Выхаванцы кафедры паспяхова працуюць у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка, у музычных вучылішчах, каледжах і школах, а таксама ў творчых калектывах Беларусі, Расіі, ЗША, Францыі, Германіі, Італіі, Кітая, Ізраіля, Іарданіі і інш.

pic pic pic