Аркестравыя калектывы

Сімфанічны аркестр

Сімфанічны аркестр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі заўсёды займаў асаблівае месца ў творчым жыцці навучальнай установы. На базе гэтага калектыву прафесійную падрыхтоўку прайшла вялікая колькасць музыкантаў, якія штогод папаўнялі і папаўняюць аркестры Беларусі і замежных краін.

У розныя часы аркестрам кіравалі таленавітыя дырыжоры П. Кірыльчанка, В. Мнацаканаў, А. Лапуноў, М. Калядка, П. Вандзілоўскі, М. Aнісімаў, А.Галанаў, У.Авадок і інш. З 1992 да кастрычніка 2012 года калектывам «Маладая Беларусь» кіраваў Народны артыст Беларусі, Міхаіл Антонавіч Казінец. Аб музычных прыярытэтах і творчым крэда дырыжора можна меркаваць па творах, якія складаюць рэпертуар аркестра: імшы і араторыі І.С. Баха, сімфанічныя творы В.А. Моцарта, Л. Бетховена, І. Брамса, Ц. Франка, Г. Берліоза, К. Дэбюсі, М. Равэля, Ж. Бізэ, Дж. Расіні, І. Штраўса; руская класіка прадстаўлена сачыненнямі П.І. Чайкоўскага, М.П. Мусаргскага, А.П. Барадзіна, С.В. Рахманінава, Д.Д. Шастаковіча, С.С. Пракоф’ева. У музычных прэм’ерах шырока прадстаўляюцца творы беларускіх аўтараў: А.В. Багатырова, Я.А. Глебава, Д.Б. Смольскага, А.Ю. Мдзівані, Г.К. Гарэлавай, В.М. Кур’яна і А.Ф. Літвіноўскага. Аркестр гастраліраваў у розных гарадах Італіі, Бельгіі, яго з захапленнем прымалі на востраве Рэюньён (прэфектура Францыі).

З 1994 г. аркестр выступаў на музычных фестывалях Францыі (“Лета Вялікага Саду”), Германіі (“Навагоднія музычныя вечары” і Вагнераўскі фестываль). Аркестр дае штогадовы цыкл канцэртаў у зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў Мінску і ў розных гарадах Беларусі – Брэсце, Гомелі, Магілёве, Маладзечне, Вілейцы. Плённым і цікавым стала супрацоўніцтва аркестра з музыкантамі з Германіі, Францыі, Расіі, Турцыі: дырыжорамі Георгам Майсам (Германія), Жан-Мары Кэнанам (Францыя), выканаўцамі Аркадзем Валадосем (барытон), Франсуа Шато (флейта), Філіпам Бэра (кларнет), Угом Леклерам (фартэпіяна) і інш. З аркестрам выступалі выкладчыкі і студэнты акадэміі музыкі: Народны артыст Беларусі І. Алоўнікаў, прафесар В. Шацкі, лаўрэаты міжнародных конкурсаў А. Паначэўны, А. Сікорскі, К. Красніцкі, Л. Янпольская і інш.

З 1 кастрычніка 2012 года аркестрам кіраваў народны артыст Беларусі, прафесар Аляксандр Міхайлавіч Анісімаў. Аркестр даў шэраг канцэртаў у Беларусі і за мяжой: так, 19 верасня 2013 года ён выступіў у Вялікай зале Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага ў рамках праекта “Парад сімфанічных аркестраў кансерваторый дзяржаў – удзельніц СНД да 150-годдзя МДК імя П.І. Чайкоўскага».

З верасня 2015 года аркестр ўзначаліў дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Андрэй Іваноў. Аркестр вядзе актыўную дзейнасць, выступае ў буйных праектах, напрыклад, 17 кастрычніка 2017 г. у Парыжы ў рамках міжнароднага праекта «Культурная дыпламатыя. Маладзёжныя музычныя масты: Беларусь і Францыя. Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання». У кастрычніку – лістападзе 2017 года дырыжор Андрэй Іваноў і студэнты ўдзельнічалі ў майстар-класах і гастролях Маладзёжнага беларуска-расійскага сімфанічнага аркестра ў Маскве і Мінску.

Сёння аркестрам кіруе малады таленавіты дырыжор Віталь Грышчанка.

pic pic pic