Ганаровыя члены Акадэміі

Сакалоў Аляксандр Сяргеевіч

Музыказнаўца. Прафесар, доктар мастацтвазнаўства (1992).

Загадчык кафедры тэорыі музыкі Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага, рэктар кансерваторыі (2001-2004, з 2009 да г.ч.).

Міністр культуры і масавых камунікацый Расійскай Федэрацыі (2004-2008).

Заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі (1999). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі ў галіне літаратуры і мастацтва (2004). Прэзідэнт Міжнароднага саюза музычных дзеячаў. Член Саюза кампазітараў Расіі.

Ганаровы доктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Аляксандр Сяргеевіч Сакалоў нарадзіўся 08.08.1949 у г. Ленінградзе. Выхоўваўся ў доме дзеда, вядомага рускага пісьменніка І.С. Сакалова-Мікітава. У 1973 г. скончыў Маскоўскую дзяржаўную кансерваторыю, там жа ў 1979 г. аспірантуру па спецыяльнасці «музычнае мастацтва». З 1980 г. – кандыдат мастацтвазнаўства (дысертацыя «О роли звукового материала в системе музыкальных средств»). З 1992 г. – доктар мастацтвазнаўства (дысертацыя «Музыкальная композиция ХХ века: диалектика творчества»).

Навуковая, творчая, педагагічная, адміністрацыйная дзейнасць А. Сакалова непарыўна звязана з Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыяй. З 1992 па 2001 г. ён з’яўляўся прарэктарам па навуковай рабоце; на дадзены момант – прафесар кафедры тэорыі музыкі, з 1996 г. – загадчык кафедры; у 2001-2004 гг. і з 2009 да гэтага часу – рэктар; узначальвае Вучоны савет кансерваторыі.

Асноўная сфера навуковых інтарэсаў музыказнаўцы звязана з сучаснай музычнай культурай і праблемамі аналізу музыкі ХХ стагоддзя. Гэтай тэматыцы прысвечана звыш 60 навуковых прац (кніг, артыкулаў, навучальных дапаможнікаў), у якіх асвятляюцца новыя аспекты ўзаемасувязяў музыкі з філасофіяй і эстэтыкай, псіхалогіяй і семіётыкай, з музычнай акустыкай.

Манаграфіі аўтара:

  • Музыкальная композиция ХХ века: диалектика творчества (М., 1992, 2-е изд. 2007 (перакл. на іспан. мову.: Composición musical en el siglo XX. Dialéctica de la creación. Granada. España, 2005);
  • Музыка вокруг нас (М., 1996);
  • Введение в музыкальную композицию ХХ века (М., 2004);
  • Музыка в зеркале времен (М., 2008).

Па ініцыятыве А. Сакалова ў Маскоўскай кансерваторыі ўведзены новыя праграмы навучання для аспірантаў аркестравага, дырыжорска-харавога факультэтаў, спецыяльна арыентаваныя на праблематыку сучаснай музыкі, створаны новыя творчыя калектывы, у тым ліку Камерны хор Маскоўскай кансерваторыі.

А. Сакалоў выступае з дакладамі на навуковых сімпозіумах і канферэнцыях, прымае ўдзел у рабоце экспертных саветаў і буйных дабрачынных фондаў, з’яўляецца членам журы і аргкамітэтаў шэрагу міжнародных музычных конкурсаў, сярод якіх – Міжнародны конкурс піяністаў імя С.В. Рахманінава (ЗША, 2002), XII–XV Міжнародны конкурс імя П.І. Чайкоўскага (Расія), Міжнародны юнацкі конкурс імя П.І. Чайкоўскага (Японія).

На працягу многіх гадоў А. Сакалоў вядзе музычна-крытычную, асветніцкую і арганізатарскую працу ў якасці члена Саюза кампазітараў і Музфонду Расіі.

У перыяд з 2004 па 2008 г. займаў пасаду Міністра культуры і масавых камунікацый Расійскай Федэрацыі.

А. Сакалоў – старшыня Савета рэктараў кансерваторый Расійскай Федэрацыі, Савета рэктараў кансерваторый дзяржаў – удзельніц СНД, Таварыства тэорыі музыкі Расійскай Федэрацыі, Праўлення Маскоўскага музычнага таварыства, Міжнароднага саюза музычных дзеячаў, прэзідэнт Савета Усерасійскай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці. Таксама мае членства ў шэрагу арганізацый (Саюз кампазітараў, Музфонд Расіі, Савет па музычнай адукацыі і Савет па навуцы Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі і інш.).

Аляксандр Сяргеевіч Сакалоў з’яўляецца сапраўдным членам шэрагу расійскіх і міжнародных акадэмій, ганаровым доктарам і прафесарам многіх універсітэтаў і акадэмій Еўропы і Азіі. Сярод іх: Сеульскі нацыянальны ўніверсітэт (Карэя), Казахская нацыянальная Акадэмія Музыкі (Астана), Універсітэт Сакуё (Японія), Goldsmith University (Вялікабрытанія), Усходне-Сібірская дзяржаўная акадэмія культуры і мастацтваў (Улан-Удэ), Універсітэт Улан-Удэ (Бурація), Казахская нацыянальная кансерваторыя (Алматы), Расійская акадэмія мастацтваў, Royal College of Music (Вялікабрытанія), Расійская Акадэмія Мастацтваў, Кыргызская нацыянальная кансерваторыя, Шэньянская кансерваторыя музыкі (Кітай), Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі.

Ганаровыя званні і ўзнагароды:

Шматгадовая разнастайная прафесійная і грамадская дзейнасць А. Сакалова была адзначана мноствам айчынных і замежных узнагарод і знакаў адрознення. Сярод іх званні і ўзнагароды:

  • 1999 – Заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі;
  • 2004 – Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі ў галіне літаратуры і мастацтва за музычна-асветніцкую праграму «Акадэмія музыкі – новае перадзвіжніцтва»;
  • 2005 – Лаўрэат міжнароднай грамадскай прэміі «Ганаровы мецэнат і Дабрачынца Свету-2005»;
  • 2006 – Ганаровая грамата Старшыні Урада Расійскай Федэрацыі;
  • 2006 – Ордэн прападобнага Сергія Раданежскага II ступені;
  • 2006 – Ордэн Сярэдняга крыжа з зоркай Венгерскай рэспублікі;
  • 2007 – Ордэн «За адраджэнне Расіі. XXI стагоддзе»;
  • 2007 – Ордэн Свяціцеля Інакенція II ступені;
  • 2007 – Ордэн «За заслугі перад Хакасіяй»;
  • 2007 – Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Бурація;
  • 2009 – Ганаровая грамата Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі;
  • 2011 – Лаўрэат міжнароднай грамадскай прэміі Андрэя Першазванага «За веру і вернасць»;
  • 2012 – Лаўрэат конкурсу «Персона года» за выдатны ўклад у развіццё музычнай адукацыі ў Расіі;
  • 2012 – Ордэн Пашаны;
  • 2012 – Ганаровы знак «Рэктар года»;
  • 2013 – Кавалер ордэна «Stella D’Italia»;
  • 2016 – Ордэн ўзыходзячага сонца, Залатая і срэбная зорка за ўклад у развіццё музычнай культуры Японіі, культурных абменаў і ўзаемаразумення паміж Японіяй і Расіяй;
  • 2020 – Ордэн Аляксандра Неўскага.

(Гл.: https://www.mosconsv.ru/ru/person/8809)

pic pic pic