Аркестравыя калектывы

Камерны аркестр

Камерны аркестр быў арганізаваны ў 1969 годзе. Кожная новая праграма, кожны канцэрт у жыцці гэтага маладога творчага калектыву-своеасаблівая ступень узыходжання да прафесійнага артыстычнага майстэрства, мастацкай дасканаласці. Пастаянна абнаўляючыся новымі музыкамі з ліку студэнтаў, якія паступаюць ва ўстанову адукацыі для навучання, аркестр захоўвае высокі прафесійны выканальніцкі ўзровень.

Першым кіраўніком аркестра быў прафесар Вячаслаў Міхайлавіч Зяленін, у 1990-х гг. аркестрам кіраваў Валерый Майсеевіч Сарока. У 1999 г. яго ўзначаліў загадчык кафедры аркестравага дырыжыравання, дацэнт Пётр Віктаравіч Вандзілоўскі. З 2022 года аркестрам кіруе Мікалай Пятровіч Тэран. Камерны аркестр з’яўляецца навучальным калектывам, але вядзе пастаянную канцэртную дзейнасць, выступаючы ў розных рэгіёнах Беларусі і за мяжой, удзельнічаючы ў многіх музычных фестывалях, сярод якіх: фестываль юнацкіх аркестраў свету, мастацкі кіраўнік ю.Башмет (г. Сочы, 2024 г.), міжнародны Велікодны фестываль (г. Мінск).

У 2024 годзе Мікалай Тэран атрымаў Грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры. У рамках гранта рэалізаваны творчы праект «Музыка. Талент. Сатворчасць» – цыкл сумесных канцэртных выступленняў студэнцкага камернага аркестра ўстановы адукацыі «Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі» з таленавітымі навучэнцамі рэгіянальных устаноў адукацыі ў сферы культуры Рэспублікі Беларусь у якасці салістаў.

Камерны аркестр запрашаюць для выступлення ў святочных і ўрадавых мерапрыемствах, на яго базе праводзіліся дырыжорскія майстар-класы ў Італіі. Калектыў з поспехам выступаў у найбуйнейшых залах Германіі, Іспаніі, Фінляндыі, Галандыі і Бельгіі. Шырокі канцэртны рэпертуар калектыву ўключае ў сябе музычныя творы розных эпох, школ і кірункаў – ад барока да авангарду.

 


 

pic pic pic