Ганаровыя члены Акадэміі

Ражок Уладзімір Іванавіч / Рожок Володимир Iванович

(25.08.1946, Добрае Возера, Чарнігаўская вобласць – 02.11.2020, Кіеў)

Харавы дырыжор, навуковы супрацоўнік, музычны і грамадскі дзеяч, педагог.

Народны артыст Украіны (2008). Доктар мастацтвазнаўства (1997), прафесар (1998). Акадэмік Нацыянальнай акадэміі мастацтваў Украіны (2017). Рэктар Нацыянальнай музычнай акадэміі Украіны імя П.І. Чайкоўскага (2004-2018). Член Нацыянальнага Усеўкраінскага Музычнага Саюза.

Ганаровы прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

У.І. Ражок атрымаў адукацыю ў Харкаўскім дзяржаўным інстытуце культуры (1969), пазней – у Харкаўскім дзяржаўным інстытуце мастацтваў імя І. Катлярэўскага (1974). У 1979 г. скончыў аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, фальклору і этнаграфіі імя М.Ц. Рыльскага Нацыянальнай акадэміі навук Украіны. З 1984 г. – кандыдат мастацтвазнаўства, з 1997 г. – доктар мастацтвазнаўства. Дысертацыйнае даследаванне У. Ражка прысвечана актуальным праблемам украінскай дырыжорскай творчасці і шматграннаму мастацтву С. Турчака.

У. Ражок неаднаразова займаў кіруючыя пасады:

  • намеснік дырэктара па творчых пытаннях Нацыянальнай оперы Украіны імя Т.Р.Шаўчэнкі (1981);
  • начальнік упраўлення мастацтваў (1991);
  • загадчык аддзела культуры ў адміністрацыі Прэзідэнта Украіны (1994);
  • намеснік Міністра культуры і мастацтваў Украіны (1997).

З 2004 па 2018 г. – рэктар Нацыянальнай музычнай акадэміі Украіны імя П.І. Чайкоўскага.

Уладзімір Ражок – вопытны дырыжор-хормайстар. У розныя гады ён супрацоўнічаў з К. Пендэрэцкім, У. Співаковым, Б. Катаровічам.

У. Ражок з’яўляўся мастацкім кіраўніком хору хлопчыкаў Кіеўскай сярэдняй спецыяльнай школы-інтэрната імя М.В. Лысенкі, выступаў ініцыятарам і арганізатарам Нацыянальнага конкурсу маладых дырыжораў імя Стэфана Турчака, а таксама ўзначальваў аргкамітэты шэрагу конкурсаў і фестываляў, у тым ліку Міжнароднага конкурсу балета імя Сержа Ліфара.

У. Ражок – аўтар 3 манаграфій і дзесяткаў навуковых прац па пытаннях эвалюцыі ўкраінскага музычнага і тэатральнага мастацтва.

Званні і ўзнагароды:

  • Заслужаны дзеяч мастацтваў Украіны (1998) – за значны асабісты ўклад у развіццё культуры і мастацтва Украіны, высокія творчыя дасягненні;
  • Народны артыст Украіны (2008) – за значны асабісты ўклад у развіццё ўкраінскай культуры і музычнага мастацтва, вялікія творчыя дасягненні і высокае прафесійнае майстэрства;
  • Ордэн князя Яраслава Мудрага V ступені (2006) – за значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае, культурнае развіццё Украінскай дзяржавы, значныя працоўныя дасягненні і з нагоды 15-й гадавіны незалежнасці Украіны;
  • Ордэн «За заслугі» III ступені (2013) – за значны асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай культуры, захаванне традыцый айчыннага музычнага мастацтва, шматгадовую плённую творчую дзейнасць, а таксама з нагоды 100-годдзя заснавання Нацыянальнай музычнай акадэміі Украіны імя П.І.Чайкоўскага;
  • Ганаровая грамата Вярхоўнай Рады Украіны (2006 год).

Манаграфіі У. Ражка:

  • Стефан Турчак: (Диригент. Митець. Громадянин). – Х.,1994. – 205 с.
  • Музика і сучасність: Монографічні дослідження. Науково-популярні, критичні та публіцистичні твори. – К.: Книга пам’яті України, 2003. – 219 с.
  • Сонячний маестро: Монографія. – К.: Автограф, 2006. – 246 с.: іл.
pic pic pic