Творчыя калектывы

Студэнцкі хор

Нязменным мастацкім і творчым кіраўніком студэнцкага хору з’яўляўся народны артыст СССР, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар Віктар Уладзіміравіч Роўда (1921–2007). У цяперашні час кіруе хорам Інэса Міхайлаўна Бадзяка.

Як канцэртная адзінка студэнцкі хор кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ўпершыню прыняў удзел у Першым міжнародным конкурсе музычных ВНУ СНД і Еўропы ў 1995 ў Кішынёве (Малдова), дзе атрымаў гран-пры. У 1997 г. хор атрымаў гран-пры на Міжнародным фестывалі царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы (Польшча) і кубак Оскара на II Міжнародным конкурсе хароў у Дармштадте (Германія). На гэтым жа конкурсе хор атрымаў 3 залатых дыплома ў намінацыях “мужчынскі”, “царкоўны” і “змешаны” хор. Студэнцкаму хору быў прысуджаны гран-пры на IX Міжнародным фестывалі “Магутны Божа” (2001, Магілёў). У 2005 г. сумесна з амерыканскімі музыкамі ўпершыню ў канцэртным выкананні прагучала опера Г. Гершвіна “Поргі і Бэс”. У апошнія гады хор студэнтаў станавіўся удзельнікам і лаўрэатам шэрагу міжнародных конкурсаў і фестываляў: у траўні 2013 ў Маскве праводзіўся XII Маскоўскі Велікодны фестываль, дзе хор выступіў у шэрагу канцэртаў, у траўні 2014 у Беластоку (Польшча) на XXXIII Міжнародным фестывалі царкоўнай музыкі “Гайнаўка-2014” хор стаў лаўрэатам (2 месца ў катэгорыі хораў музычных навучальных устаноў), у лютым 2015 у Гродна (Беларусь) хор атрымаў гран-пры XIV Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў “Каложскі благавест”.

Хор неаднаразова выступаў у Расіі, Польшчы, Італіі, Германіі. У Беларусі і за мяжой хорам быў выкананы шэраг вакальна-сімфанічных твораў: “Магніфікат” і “Страсці па Іаану” І.С. Баха, Меса до мінор В.А. Моцарта, Дзявятая сімфонія Л. Бетховена, “Калядная казка” Г. Шутца, Трынаццатая сімфонія Д. Шастаковіча (мужчынскі хор).

pic pic pic