Ганаровыя члены Акадэміі

Ніжнікава Тамара Мікалаеўна

(09.03.1925, Самара, Расія – 15.02.2018, Мінск, Беларусь)

Салістка-вакалістка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Народная артыстка БССР (1955). Народная артыстка СССР (1964). Дацэнт (1969), прафесар (1980). Член Мастацкага савета Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Ганаровы прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (2015).

Скончыла Маскоўскую дзяржаўную кансерваторыю (1949) па класе спеваў М.В. Уладзіміравай. У БДАМ пачала працаваць з 1963 года. З 1976 да 2018 г. – на асноўнай рабоце: дацэнт, прафесар (1980), загадчык кафедры спеваў (1976-1986).

Сярод выпускнікоў – заслужаная артыстка РФ Н. Федарэнка; салісткі НАВТ оперы і балета Рэспублікі Беларусь Г. Лукомская, лаўрэаты міжнародных конкурсаў А. Бурдзілева, А. Шведава, дыпламант міжрэспубліканскага конкурсу В. Курбацкая; салістка БДАМТ, дыпламант Міжнароднага конкурсу Л. Лют; салісты Беларускай дзяржаўнай філармоніі А. Купчанка, М. Лапаціна, Н. Душчынская; выкладчык БДАМ, лаўрэат Міжнароднага фэстывалю Т. Цыбульская; выкладчык БДПУ імя М. Танка, загадчык каферды вакалу, кандыдат педагагічных навук, дацэнт А. Ніжнікава, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Т. Сярнова.

У 1949 г. дэбютавала на сцэне Маскоўскага музычнага тэатра імя К. Станіслаўскага і В. Неміровіча-Данчанкі. У 1949-1976 – салістка ДАВТ оперы і балета БССР.

Выканаўца вядучых партый у операх “Дзяўчына з Палесся” і “Міхась Падгорны” Я. Цікоцкага, “Марынка” Р. Пукста, “Калючая ружа” Ю. Семяняка, “Іван Сусанін” М. Глінкі, “Садко”, “Царская нявеста” і “Залаты пеўнік” М. Рымскага-Корсакава, “Травіята” Дж. Вердзі, “Шукальнікі жэмчугу” Л. Дэліба, “Манон” Ж. Маснэ.

Выступала з сольнымі канцэртамі. Першая выканаўца многіх твораў беларускіх кампазітараў (Я. Цікоцкага, Р. Пукста, Ю. Семяняка, Л. Абеліевіча і інш.). Аўтар цыкла радыёперадач “17 сустрэч” (Беларускае радыё, 1982). Гастралявала ў Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Румыніі, Венгрыі, Аўстрыі, Балгарыі, Фінляндыі, Швецыі, Канадзе, Манголіі і інш. Мае фондавыя запісы на Беларускім радыё, грамзапісы.

Узнагароды:

Узнагароджана ордэнамі Працоўнага Чырвонага сцяга (1955), “За працоўную доблесць. У адзначэнні 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна”, “Ветэран працы” (1984), Дружбы народаў (1985), Ордэнам Ф. Скарыны (2001), Ордэнам Айчыны ІІІ ступені (2010), нагрудным знакам “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” (2005), медалём ЮНЕСКА “Віктор Гюго” (2015), ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Расіі, МССР, ЛітССР, УССР.

Артыкулы:

  • Некоторые проблемы воспитания оперной молодежи. – Минск, 1985;
  • Развитие технических навыков у колоратурного сопрано: (на примере партии Разины из оперы «Севильский цирюльник» Д.Россини). – Минск, 1997.

Літаратура:

  • Музычны тэатр Беларусі: 1917-1959 / Г.С. Куляшова, Т.А. Дубкова, Н.А. Юўчанка і інш. – Мінск, 1993;
  • Сернова,Т.В. Становление индивидуальных исполнительских стилей в вокальном искусстве Беларуси: (Л. Галушкина, А. Генералов, Т. Нижникова): автореф. дисс. … канд. искусствов.: 17.00.02. – Минск, 2010;
  • Сернова, Т.В. Тамара Нижникова: Талант – это труд, умноженный на труд… // Вести БГАМ. – 2012. – № 20.
pic pic pic