Ганаровыя члены Акадэміі

Дадзіёмава Вольга Уладзіміраўна

Вольга Уладзіміраўна Дадзіёмава – доктар мастацтвазнаўства, прафесар. Нарадзілася ў 1955 г. у Гомелі у сям’і беларускага пісьменніка Уладзіміра Дадзіёмава і выкладчыцы, філолага-беларусіста Марыі Дадзіёмавай. Скончыла сярэднюю спецыяльную музычную школу пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (1973), Белдзяржкансерваторыю (1978), аспірантуру Акадэміі навук Беларусі (1989). Працавала ў Інстытуце культуры, з 1993 г. – у Белдзяржкансерваторыі (Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі) дацэнтам, прафесарам, загадчыкам кафедры беларускай музыкі (2005-2017).

Найважнейшай заслугай В. Дадзіёмавай з’яўляецца навуковая рэканструкцыя асноўных этапаў станаўлення айчыннай музычнай культуры (да ХХ ст.), вяртанне ў кантэкст культурнай спадчыны Беларусі вялізнага музычна-гістарычнага пласта. Даследчыца знайшла ў айчынных і замежных сховішчах і вярнула ў Беларусь сотні музычных помнікаў і іншых гісторыка-культурных матэрыялаў, якія дазволілі разгарнуць буйнамаштабныя навуковыя, метадычныя і творчыя праекты.

Добра вядомыя ў краіне і за яе межамі шматлікія публікацыі В. Дадзіёмавай: 5 манаграфій, 10 навучальных дапаможнікаў і хрэстаматый, 7 нотных выданняў, 4 навучальныя праграмы, 5 брашур, 4 фонахрэстаматыі і больш за 300 артыкулаў, выдадзеных у Беларусі, Расіі, Літве, Германіі, ЗША. В. Дадзіёмава ўпершыню ў краіне і свеце на аснове ўласных даследаванняў распрацавала курс “Гісторыя музычнай культуры Беларусі да ХХ стагоддзя”, які быў апрабаваны ў яе фундаментальных публікацыях, па якіх навучаюцца студэнты ўсіх ВНУ і сярэдніх навучальных устаноў культуры і мастацтва краіны. Як кіраўнік вядучай беларусазнаўчай кафедры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ажыццявіла вялікую арганізацыйную работу па ўзмацненню гэтай структуры, напаўненню яе інавацыйнымі праектамі, распаўсюджванню ведаў пра яе і беларускае музычнае мастацтва ў краіне і за мяжой. В. Дадзіёмава стварыла ўласную навуковую школу: пад яе кіраўніцтвам абаронены 6 дысертацый на суісканне вучонай ступені кандыдата мастацтвазнаўства, больш за 20 магістарскіх дысертацый і дыпломных работ.

Прафесар заўседы выступае ў якасці эксперта і апанента кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, рэцэнзентам і рэдактарам навуковых выданняў.

В. Дадзіёмава актыўна ўдзельнічае ў аўтарытэтных міжнародных навуковых форумах (у Мінску і Санкт-Пецярбургу, Смаленску і Валгаградзе, Вільнюсе і Варшаве, Франкфурце-на-Майне, Лондане і інш.), у разнастайных, у тым ліку міжнародных творчых праектах. Яна з’яўляецца аўтарам і вядучай больш за 50 тэлепраграм (агульны аб’ём гучання каля 30 гадзін), сотняў радыёперадач. Ёю распрацаваны канцэпцыі і праведзены больш за 1000 гістарычных канцэртаў у старажытных цэнтрах Беларусі ў рамках 170 асветніцкіх фестываляў у краіне і за мяжой (у Мінску, Нясвіжы, Міры, Заслаўі, Мсціславе, Навагрудку, Любані, Маладзечне, Стоўбцах, Іванаве, Пінску, Лондане, Варшаве, Вільні і інш.).

Музычныя помнікі, якія былі вернуты В. Дадзіёмавай з замежных сховішчаў, даследаваныя і тэксталагічна пракаментаваныя ёю, увайшлі ў рэпертуар вядучых творчых калектываў краіны. Сотні музычных твораў, якія прэзентуюць старажытную музыку Беларусі, былі выкананы маладымі музыкантамі, а таксама вядучымі калектывамі і артыстамі краіны: “Беларускай капэлай” і Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі, Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета Рэспублікі Беларусь, ансамблем салістаў “Класік-Авангард”, знакамітымі выканаўцамі – І. Алоўнікавым, У. Дулавым, З. Качарскай, І. Шумілінай, В. Скорабагатавым, Г. Каржанеўскай і інш.

Асаблівую ролю ў беларускім музычным мастацтве адыграла опера “Чужое багацце нікому не служыць” нясвіжскага кампазітара Я.Д. Голанда, партытура якой была знойдзена В. Дадзіёмавай, атрыбутавана, даследавана і перададзена ў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Пастаноўка оперы атрымала ў 2010 г. Спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

В. Дадзіёмава плённа працавала ў якасці кіраўніка навуковага задання Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусi на 2011-2015 гг.” (праект К-13), накіраванага на распрацоўку інавацыйнага праекта па гісторыі беларускай музыкі.

Прафесар працяглы час была членам і старшынёй Савета Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па абароне дысертацый, членам Прэзідыума ВМА па адукацыі ў галіне культуры і мастацтва, членам экспертнай камісіі РІВШ і іншых структур, рэдакцыйных калегій часопісаў “Весці БДАМ”, “Мастацтва”, “ЛіМ”. Актыўна супрацоўнічае з НАН Беларусі, “Беларускай энцыклапедыяй” і іншымі выданнямі, а таксама з міжнароднай арганізацыяй ЮНЕСКА.

Узнагароды:

У 2001 г. В. Дадзіёмава стала Лаўрэатам Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне крытыкі і мастацтвазнаўства.

У 2002 г. атрымала Стыпендыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У 2007 г. узнагароджана Граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Ганаровай граматай Беларускага саюза музычных дзеячаў.

У 2008 г. узнагароджана Граматай Міжнароднай арганізацыі ЮНЕСКА.

У 2011 г. узнагароджана Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У 2012 г. узнагароджана нагрудным знакам “За ўклад у развіццё музычнага мастацтва” Беларускага саюза музычных дзеячаў.

У 2013 г. узнагароджана Медалём Францыска Скарыны.

У 2015 г. узнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

У 2016 г. узнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У 2018 г. адзначана Падзякай прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, стала пераможцам Рэспубліканскага конкурсу “Чалавек года” ў галіне культуры за 2017 г.

У 2018 г. узнагароджана Ганаровай граматай Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь.

У 2020 г. стала ўладальнікам ганаровага звання “Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь”.

Таксама мае граматы, падзякі і дыпломы многіх гарадскіх выканаўчых камітэтаў і інш.

pic pic pic