Аркестравыя калектывы

Аркестр рускіх народных інструментаў

 

 

У склад аркестра рускіх народных інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ўваходзіць звыш сарака студэнтаў факультэта народных інструментаў – дамрыстаў, балалаечнікаў, баяністаў.

Афіцыйная дата стварэння калектыву – люты 1954 г. Арганізатарам і кіраўніком аркестра да 1973 г. быў вядомы музыкант Георгій Іванавіч Жыхараў, пад кіраваннем якога ў 1957 г. аркестр стаў лаўрэатам Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве. У 1973-1974 гг. аркестрам дырыжыраваў Мікалай Вікенцьевіч Прашко, з 1974 па 2012 гг. дырыжорам аркестра з’яўляўся дацэнт Сяргей Іванавіч Кафанаў. З 2012 па 2019 – дацэнт Уладзімір Міхайлавіч Чэрнікаў. У цяперашні час кіруе аркестрам дацэнт Тахірава Эльвіра Бахціяраўна. Аркестр рускіх народных інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі – гэта паўнавартасная канцэртная адзінка. Сярод творчых дасягненняў аркестра: VIII Міжнародны конкурс маладых музыкантаў-выканаўцаў «Музычны Уладзівасток 2014», I прэмія (1-8 красавіка 2014г.); XI Міжнародны конкурс-фестываль «Зімовыя зоркі Дрэздэна 2021» – лаўрэат I ступені і ўладальнік Залатога медаля (30-31 студзеня 2021 г); Міжнародны конкурс «Людзі іграюць музыку» – лаўрэат I ступені (26 красавіка – 30 мая 2021 г); VIII Міжнародны конкурс выканальніцкага майстэрства «Санкт-Пецярбургскія Асамблеі 2021» –  лаўрэат 1 ступені.

Творчае жыццё калектыву багатае і насычанае. Канцэртныя пляцоўкі аркестра – Беларуская дзяржаўная філармонія, канцэртныя залы, школы і Дамы культуры гарадоў Беларусі.

Рэпертуар калектыву шырокі і разнастайны: ён ўключае творы рускіх і заходнееўрапейскіх кампазітараў, арыгінальныя творы для аркестра, апрацоўкі народных песень. Цікава, своеасабліва і каларытна гучаць у аркестры творы М. Рымскага-Корсакава, А. Лядова, А. Скрабіна, Г. Малера, К. Дэбюсі, Б. Брытэна. Значнае месца ў рэпертуары аркестра займаюць творы беларускіх кампазітараў – Дзмітрыя Смольскага, Андрэя Мдзівані, Валерыя Іванова, Віктара Малых, Вячаслава Кузняцова, Віктара Войціка, Уладзіміра Каральчука. У якасці салістаў з аркестрам выступалі вядомыя беларускія спевакі і інструменталісты Яўген Гладкоў, Віктар Скарабагатаў, Вольга Цішына, Ларыса Рыдлеўская, Мікалай Марэцкі, Наталля Корсак, Уладзіслаў Плігаўка, Вераніка Прадзед.

Аркестр і яго кіраўнік падтрымліваюць цесныя творчыя кантакты з вядучымі народнымі калектывамі Расіі, з кампазітарамі і дырыжорамі.

pic pic pic