Аркестр рускіх народных інструментаў установы адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі” ўключае ў сябе звыш сарака студэнтаў аркестравага факультэта – домрыстаў, балалаечнікаў, баяністаў.
Творчы калектыў быў заснаваны ў лютым 1954 года вядомым музыкантам, выкладчыкам кафедры народных інструментаў Георгіем Іванавічам Жыхаравым. Пад яго кіраваннем у 1957 г. аркестр стаў лаўрэатам Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у г. Маскве.
У 1973—1974 гг. аркестрам дырыжыраваў Мікалай Вікенцьевіч Прошка, з 1974 па 2012 гг. дырыжыраваў дацэнт Сяргей Іванавіч Кофанаў. З 2012 да 2019 гг. – дацэнт Уладзімір Міхайлавіч Чэрнікаў. З 2019 і па сённяшні дзень аркестрам кіруе дацэнт кафедры аркестравага дырыжыравання і інструментоўкі Эльвіра Бахціяраўна Тахірава.
Сярод творчых дасягненняў аркестра:
- VIII Міжнародны конкурс маладых музыкантаў-выканаўцаў «Музычны Уладзівасток 2014» – I прэмія ў намінацыі «Маладзёжныя склады» (2014 г.);
- XI Міжнародны конкурс-фестываль «Зімовыя зоркі Дрэздэна 2021» – лаўрэат I ступені і ўладальнік залатога медаля (2021 г.);
- Міжнародны конкурс «Людзі граюць музыку» – лаўрэат I ступені (2021 г.);
- VIII Міжнародны конкурс выканальніцкага майстэрства “Санкт-Пецярбургскія асамблеі мастацтваў – 2021” (2021 г.) – лаўрэат I ступені;
- Міжнародны конкурс-фестываль мастацтваў «Вяршыня таленту» (2023 г.) – Гран-Пры.
Багатае і насычана творчае жыццё калектыву, шырокі і разнастайны яго рэпертуар, які ўключае сачыненні рускіх і заходнееўрапейскіх кампазітараў, арыгінальныя музычныя творы для аркестра, апрацоўкі народных песень. Цікава, своеасабліва і каларытна гучаць у аркестры творы М. Рымскага-Корсакава, А. Лядава, А. Скрабіна, Г. Малера, К. Дэбюсі, Б. Брытэна. Значнае месца ў рэпертуары аркестра займаюць творы беларускіх кампазітараў – Дзмітрыя Смольскага, Андрэя Мдзівані, Валерыя Іванова, Віктара Малых, Вячаслава Кузняцова, Віктара Войціка, Уладзіміра Каральчука, Сяргея Янковіча. У якасці салістаў з аркестрам выступалі вядомыя беларускія спевакі і інструменталісты Яўген Гладкоў, Віктар Скорабагатаў, Ларыса Рыдлеўская, Мікалай Марэцкі, Наталля Корсак, Уладзіслаў Плігаўка, Вераніка Прадзед, Ніна Шарубіна, Марына Ільіна, Уладзіслаў Барткевіч, Марыя Цітоў, а таксама вядучыя салісты з замежных краін – Аляксей Буракоў, Кацярына Мачалава, Аляксандр Цыганкоў, Яўген Жылінскі, Вера Макарава.
Аркестр рускіх народных інструментаў штогод рыхтуе звыш 10 канцэртных праграм, сярод якіх – канцэрт з музычных твораў беларускіх кампазітараў, канцэрт “Стары новы год” і інш. Прымае актыўны ўдзел у фінальным туры вакальнага конкурсу “Беларуская Рамансіяда”, выступае сумесна са Студэнцкім хорам і сімфанічным аркестрам. У 2026 годзе Аркестр рускіх народных інструментаў прыняў удзел у XXIII Усерасійскім фестывалі “Музыка Расіі” ў федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай адукацыйнай установе вышэйшай адукацыі “Расійская акадэмія музыкі імя Гнесіных”.
