Аб акадэміі

Аб акадэміі

У снежні 2022 года Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі (далей – Акадэмія) адзначыла 90-гадовы юбілей. Заснаваная ў 1932 годзе, Акадэмія (да 1992 года – Беларуская дзяржаўная кансерваторыя імя А.У. Луначарскага) з’яўляецца буйным цэнтрам беларускага музычнага выканальніцкага мастацтва, музыказнаўства і педагогікі*.У 2000 г. Акадэміі прысвоены статус вядучай вышэйшай навучальнай установы нацыянальнай сістэмы адукацыі ў галіне музычнага мастацтва. У склад ВНУ ўваходзяць чатыры факультэта, трынадцаць кафедр, такія ўнікальныя структуры як оперная студыя, кабінет традыцыйных музычных культур, вучэбная медыялабараторыя і інш. Больш за палову навуковых і творчых супрацоўнікаў Акадэміі адзначаны ганаровымі званнямі, больш за 70% маюць вучоныя ступені і вучоныя званні. Выпускнікі вядуць актыўную выканальніцкую і педагагічную дзейнасць у нашай краіне, паспяхова працуюць у краінах далёкага і блізкага замежжа.

Гісторыя Акадэміі непарыўна звязана з гісторыяй усёй музычнай культуры Беларусі XX стагоддзя. Менавіта ў Акадэміі сфарміравалася нацыянальная кампазітарская школа, заснавальнікам якой стаў прафесар Васіль Залатароў – вучань М.А. Рымскага-Корсакава. Першымі выпускнікамі класа кампазіцыі былі Анатоль Багатыроў, Пётр Падкавыраў, Васіль Яфімаў, Анатоль Папоў, Міхаіл Крошнер. З Акадэміяй звязана творчая дзейнасць кампазітараў Мікалая Аладава, Уладзіміра Алоўнікава, Яўгена Глебава, Ігара Лучанка, Дзмітрыя Смольскага, Андрэя Мдзівані, Галіны Гарэлавай, Вячаслава Кузняцова, Віктара Войціка, Алега Хадоскі, Уладзіміра Каральчука, Уладзіміра Дарохіна. Лепшыя традыцыі беларускай эстрады таксама знайшлі адлюстраванне ў творчасці выпускнікоў Акадэміі – кампазітараў Эдуарда Зарыцкага, Леаніда Захлеўнага, Уладзіміра Будніка, Валерыя Іванова, Ядзвігі Паплаўскай, Васіля Раінчыка, Ігара Паліводы, Алега Елісеенкава, Уладзіміра Карызны (малодшага) і інш.

Беларуская выканальніцкая школа атрымала шырокае прызнанне. Сярод выкладчыкаў Акадэміі – вядомыя беларускія выканаўцы: дырыжоры Аляксандр Анісімаў, Міхаіл Берсан, Аляксандр Сасноўскі, Максім Расоха, Юрый Караваеў, Інэса Бадзяка, Тамара Слабодчыкава, Андрэй Саўрыцкі; піяністы Ігар Алоўнікаў, Юрый Гільдзюк, Уладзімір Няхаенка, Леанід Юшкевіч, Уладзімір Дулаў, Сяргей Мікулік, Наталля Громава, выканаўцы на народных інструментах Яўген Гладкоў, Вераніка Прадзед, Леанід Чарняк, Валерый Жывалеўскі, Яўген Грыдзюшка, Мікалай Сеўрукоў, Аляксандр Шувалаў, Аляксей Дараганаў, Лідзія Скачко, вакалісты Людміла Колас, Наталля Руднева, Анастасія Масквіна, Ніна Шарубіна, Пётр Рыдзігер, Мікалай Маісеенка, Міхаіл Жылюк, Міхаіл Зданевіч, Сяргей Франкоўскі, Алена Шведава, Алена Бундзелева, Таццяна Траццяк, выканаўцы на струнных інструментах Мікалай Крывашэеў, Лучыя Ластаўка, Рэгіна Крывель, Таццяна Боднева, на духавых і ўдарных інструментах Уладзімір Скараходаў, Іван Брычыкаў, Уладзімір Будкевіч, Валерый Грыгор’еў, Людміла Кліндухова, Уладзімір Тарашкевіч і многія іншыя. Пачатак работы кафедры харэаграфіі ў Акадэміі звязаны з імёнамі Юліі Чурко, Валянціна Елізар’ева, Віктара Саркісьяна, Вольгі Лапо, Ніны Дзячэнка, Наталлі Фурман.**

Штогод выхаванцы Акадэміі ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх і міжнародных выканальніцкіх конкурсах, фестывалях, конкурсах навуковых работ. Многія пераможцы прэстыжных музычных спаборніцтваў атрымліваюць заахвочванні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў і ў далейшым папаўняюць рады прафесарска-выкладчыцкага саставу акадэміі. Сярод іх – Марына Русакова, Алена Асташкіна-Мысліўчык, Аляксандр Музыкантаў, Наталля Кароціна, Вольга Макеева, Ілля Пятроў, Таццяна Кім, Юлія Ермалаева, Марыя Дзяруга (фартэпіяна), Ігар Комар, Любоў Сыцько (кампазіцыя), Кацярына Пукст (скрыпка), Мікалай Церан (альт), Мікіта Пятроў (саксафон), Максім Шкулепа (труба), Андрэй Міхалевіч (трамбон), Арам Бекназаран (ударныя інструменты), Ганна Арлукевіч (харавое дырыжыраванне), Анастасія Храпіцкая, Святлана Белая  (вакал), Міхаіл Валчкоў (баян) і іншыя. Актыўны ўдзел дзяржавы ў творчым лёсе маладых музыкантаў дапамагае ім раскрыць свой патэнцыял, здабыць стымул і новыя перспектывы для далейшага творчага росту.

Значную ролю ў канцэртным жыцці Акадэміі і рэспублікі адыгрываюць мастацкія калектывы: сімфанічны і камерны аркестры, аркестры беларускіх і рускіх народных інструментаў, аркестр духавых інструментаў, аркестр баянаў і акардэонаў, Неапалітанскі аркестр, студэнцкі хор, інструментальныя ансамблі цымбалістаў «Лілея», флейтыстаў «Impressions», саксафонаў, струнны квартэт маладых выкладчыкаў Акадэміі (BSAM string quartet), якія вядуць актыўную выканальніцкую дзейнасць. Канцэртныя праграмы творчых калектываў Акадэміі атрымалі прызнанне не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі.

Акадэмія – адзін з буйных навуковых цэнтраў у галіне гуманітарных навук – музыказнаўства, фалькларыстыкі, сацыялогіі, эстэтыкі, музычнай педагогікі. У Акадэміі працуюць дактары навук К.М. Дулава, В.Л. Яканюк, М.В. Шыманскі, які ўзначальвае Савет па абароне дысертацый, У.П. Скараходаў, І.Ф. Двужыльная, С.М. Нямцова-Амбаран. У ВНУ арганізуюцца навуковыя, навукова-практычныя і метадычныя канферэнцыі па праблемах музычнай адукацыі, выканальніцкага мастацтва, тэорыі і гісторыі беларускай і сусветнай музыкі, этнамузыкалогіі, штогод праводзяцца Міжнародныя навуковыя чытанні памяці Л.С. Мухарынскай. Выпускнікі Акадэміі маюць магчымасць прадоўжыць навучанне ў магістратуры, аспірантуры і дактарантуры. У ВНУ працуе студэнцкае навукова-творчае таварыства. Навуковыя работы студэнтаў удастойваюцца ўзнагарод на міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах. Вялікая работа вядзецца па выданні навукова-тэарэтычнага часопіса «Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі», навуковых прац, тэматычных зборнікаў артыкулаў, метадычных дапаможнікаў, нотных хрэстаматый і партытур, навучальных праграм. З 2005 года часопіс «Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі» і зборнік «Навуковыя працы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі» (у шасці серыях) уваходзяць у спіс навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў. За перыяд з 2020 па 2024 гг.  супрацоўнікамі Акадэміі было падрыхтавана 3 манаграфій, 14 зборнік артыкулаў, 16 навучальных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў, 9 нумароў часопіса “Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі”, 19 нотных выданняў.

У 2011–2021 гадах ажыццяўляў сваю дзейнасць Магілёўскі філіял Акадэміі, на базе якога працавалі кафедры харавога дырыжыравання і інструментальнага выканальніцтва.

Міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне вышэйшай адукацыі, навукі і культуры ажыццяўляецца ў рамках міжнародных дагавораў, якія заключаюцца Акадэміяй з замежнымі навуковымі і адукацыйнымі ўстановамі і арганізацыямі.

За апошнія гады значна пашырыліся міжнародныя сувязі Акадэміі, былі заключаны двухбаковыя пагадненні з шэрагам замежных ВНУ: Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай адукацыйнай установай вышэйшай адукацыі «Самарскі дзяржаўны інстытут культуры» (г. Самара, Расійская Федэрацыя – далей РФ), Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай адукацыйнай установай вышэйшай адукацыі «Акадэмія рускага балета імя А.Я.Ваганавай» (г. Санкт-Пецярбург, РФ), Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай адукацыйнай установай вышэйшай адукацыі «Маскоўская дзяржаўная акадэмія харэаграфіі» (г. Масква, РФ), Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай адукацыйнай установай вышэйшай адукацыі «Петразаводская дзяржаўная кансерваторыя імя А.К.Глазунова» (г. Петразаводск, РФ), Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай адукацыйнай установай вышэйшай адукацыі «Расійская дзяржаўная спецыялізаваная акадэмія мастацтваў» (г. Масква, РФ), Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай навукова-даследчай установай «Дзяржаўны інстытут мастацтвазнаўства» (г. Масква, РФ), Рэспубліканскай дзяржаўнай установай «Казахская нацыянальная кансерваторыя імя Курмангазы» Міністэрства культуры і спорту Рэспублікі Казахстан (г. Алматы, Рэспубліка Казахстан), Казахскай нацыянальнай акадэміяй харэаграфіі (г. Астана, Рэспубліка Казахстан), В’етнамскай нацыянальнай акадэміяй музыкі (г. Ханой, Сацыялістычная Рэспубліка В’етнам). Усяго налічваецца больш за 85 кансерваторый, акадэмій музыкі і іншых вышэйшых адукацыйных устаноў-партнёраў, сумесна з якімі Акадэмія праводзіць адукацыйныя і творчыя праекты.

Сярод выдатных замежных выпускнікоў акадэміі – кандыдаты мастацтвазнаўства: прафесар Ляанінскага педагагічнага інстытута Не На (КНР); рэктар акадэміі музыкі Чжэнчжоўскага ўніверсітэта, дацэнт Сунь Вэйбо (КНР); прарэктар інстытута музыкі і танцаў пры Гуанчжоўскім універсітэце, дацэнт Ван Хонтао (КНР); дацэнт універсітэта, міжнародны навуковы кіраўнік Тайландскага ўніверсітэта «Krirk university», дацэнт Гун Лі (КНР); прарэктар па міжнародных сувязях і арганізацыі канцэртна-выставачнай дзейнасці акадэміі мастацтваў «Цзянсінскага ўніверсітэта фінансаў і эканомікі», прафесар Лі Эрун (КНР). Азіз Мадзі (Іарданія) – дацэнт аддзялення музыкі факультэта вытанчаных мастацтваў універсітэта Ярмук; Іяд Махамад (Іарданія) – старшы выкладчык аддзялення музыкі факультэта вытанчаных мастацтваў універсітэта Ярмук; Байык Мустафа (Турцыя) – дырэктар Цэнтра мастацтваў ім. Ахмеда Адана Сайгуна г. Ізмір, ганаровы консул Рэспублікі Беларусь у г. Адана; Альварэс Рамэра Наэлья (Мексіка) – дацэнт-даследчык аўтаномнага ўніверсітэта Сакатэкаса і іншыя.

Акадэмія – сучасная ўстанова вышэйшай адукацыі, у адукацыйным працэсе якой выкарыстоўваюцца дасягненні інфармацыйна-камунікацыйных, сеткавых і мультымедыйных тэхналогій.

 

Эскіз праекта першага будынка кансерваторыі, 1954 год (вул. Інтэрнацыянальная, 30)

 * У 1992 годзе Беларуская дзяржаўная кансерваторыя імя А.У. Луначарскага была перайменавана ў Беларускую акадэмію музыкі (пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30.07.1992 № 465). У 1997 годзе Беларускай акадэміі музыкі прысвоены статус «дзяржаўнай» (загад аб рэгістрацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 30.07.1997 № 432). У 2001 годзе Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі зарэгістравана як установа адукацыі «Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі» (рашэнне Мінгарвыканкама ад 02.08.2001 № 1010).

** Гісторыя Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі падрабязна асвятляецца ў матэрыялах трэцяга (2002), дваццатага (2012), трыццаць першага (2017) выпускаў навукова-тэарэтычнага часопіса «Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі», у артыкулах і буклетах, прысвечаных юбілеям, у шэрагу публікацый выдавецкага аддзела і ў фондах бібліятэкі.

*** Дзейнасць Магілёўскага філіяла ўстановы адукацыі” Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі ” спыненая з 01.09.2021 года (загад №17 ад 13.05.2021).

 


Video presentation “Belarusian State Academy of Music” (Minsk, 2014)


Буклет “Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі. Да 80-годдзя з дня заснавання” (Мінск, 2012) / Booklet “Belarusian State Academy of Music. Towards the 80th Anniversary of Foudation” (Minsk, 2012).

Буклет “Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі” (Мінск, 2014) / Booklet “Belarusian State Academy of Music” (Minsk, 2014)

Буклет “Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі” (Мінск, 2017) / Booklet “Belarusian State Academy of Music” (Minsk, 2017)

Буклет “Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі” (Мінск, 2022) / Booklet “Belarusian State Academy of Music” (Minsk, 2022)

pic pic pic