Беларускі аркестр – унікальная з’ява нацыянальнай музычнай культуры, пачатак якой паклаў больш за 70 гадоў таму Народны артыст СССР, прафесар Іосіф Іосіфавіч Жыновіч.
Аркестр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі мае дастаткова доўгую і багатую гісторыю. Яго ўзначальвалі вядомыя ў Беларусі і за яе межамі дырыжоры і педагогі, у тым ліку Яўгеній Пятровіч Гладкоў, Генадзій Аляксандравіч Ермачэнкаў, Пётр Віктаравіч Вандзілоўскі, Віктар Міхайлавіч Валатковіч, Аляксандр Іванавіч Высоцкі, Дзмітрый Алегавіч Калаціла. Сёння кіраўніком калектыву з’яўляецца Аляксей Дзмітрыевіч Анісовіч.
Рэпертуар аркестра надзвычай разнастайны. Адмысловае месца займаюць шэдэўры сусветнай музычнай класікі і арыгінальныя апрацоўкі беларускага музычнага фальклору. Значнае месца адводзіцца творам беларускіх кампазітараў Яўгена Глебава, Генадзія Ермачэнкава, Вячаслава Кузняцова, Віктара Войціка, Уладзіміра Каральчука, Мікалая Літвіна і інш.
Музычная экспрэсія, бліскучая тэхніка, філігранная нюансіроўка, эфектнасць тэмбравага гучання і аркестравых аранжыровак – вось асноўныя элементы поспеху і выканальніцкае крэда калектыву.
Беларускі аркестр народных інструментаў вядзе актыўнае канцэртнае жыццё, супрацоўнічае з лепшымі вакалістамі і інструменталістамі Беларусі, дае канцэрты ў зале Белдзяржфілармоніі, ажыццяўляе запісы музычных праграм у Белтэлерадыёкампаніі, прымае ўдзел у юбілейных і памятных канцэртах, прысвечаных творчасці С. Манюшкі і І. Жыновіча, выступае ў рамках цыкла “Парад аркестраў”, арганізаванага Акадэміяй музыкі. Аркестр увесь час удзельнічае ў конкурсе на лепшую апрацоўку беларускіх народных твораў, які арганізуецца кафедрай інструментоўкі. Штогод аркестр стварае новыя праграмы і выступае з імі на розных канцэртных пляцоўках. Цяпер прыярытэтнымі з’яўляюцца праграмы з твораў сучасных беларускіх аўтараў.
Высокі выканальніцкі ўзровень студэнцкага калектыву, большасць якога складаюць лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, заахвочвае кампазітараў складаць музыку менавіта для яго. За некалькі апошніх гадоў адбыліся прэм’еры твораў В. Кузняцова, С. Янковіча і інш.