Вучэбная медыялабараторыя

Гісторыя вучэбнай медыялабараторыі

Вучэбная лабараторыя гуказапісу была заснавана ў 2000 годзе.

Асноўныя задачы лабараторыі – тэхнічнае забеспячэнне канцэртных выступленняў студэнтаў, выкладчыкаў і гасцей Акадэміі музыкі, міжнародных канферэнцый і адукацыйна-творчых праектаў; стварэнне аўдыё і відэазапісаў; апрацоўка, рэдагаванне і выданне на кампакт-дысках твораў беларускіх аўтараў і выканаўцаў; падрыхтоўка дэма-матэрыялаў для ўдзелу студэнтаў у выканальніцкіх конкурсах і фестывалях.

У 2002 годзе да 70-гадовага юбілею Акадэміі музыкі выдадзены CD-альбом з серыі «Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі прадстаўляе». На двух кампакт-дысках прадстаўлены таленавітыя выканаўцы-салісты і творчыя калектывы Акадэміі (гукарэжысёр – Сяргей Юрынок).

У 2007 годзе да 75-годдзя Акадэміі музыкі з’явіўся CD-альбом з гэтай жа серыі: на шасці кампакт-дысках сабраны творы ў выкананні студэнтаў і выкладчыкаў Акадэміі (гукарэжысёр – Сяргей Багданаў).

У 2012 годзе Акадэмія музыкі адзначала 80-гадовы юбілей. На трох DVD-дысках прадстаўлены розныя аспекты дзейнасці ўстановы. Дыск «У класах Акадэміі музыкі: старонкі гісторыі» – першы выпуск анталогіі «Таленты, аддадзеныя людзям: нашы Настаўнікі». У гэтым выпуску сабраны ўнікальныя відэаматэрыялы 1970–2012-х гадоў, якія ўключаюць яркія музычныя партрэты найстарэйшых выкладчыкаў, якія прысвяцілі сваё жыццё педагагічнай і выканальніцкай дзейнасці. Дыск «Гранд-канцэрт» змяшчае відэазапіс выступлення Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, сімфанічнага і духавога аркестраў Акадэміі музыкі ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі 6 сакавіка 2012 года. На дыску «Вечар кансерваторыі» прадстаўлены відэазапіс канцэрта студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў Акадэміі музыкі, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў, стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі з Вялікай залы Беларускай дзяржаўнай філармоніі 6 красавіка 2011 года.

У 2014 годзе акадэміяй выдадзены сем дыскаў фонахрэстаматыі «Творчасць кампазітараў-выкладчыкаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі». У аўдыёвыданні прадстаўлены творы В.А.Войціка, Г.К.Гарэлавай, В.У.Дарохіна, Л.К.Захлеўнага, В.М.Каральчука, С.А.Картэса, В.В.Кузняцова, Н.К. Літвіна, А.Ю.Мдзівані, Д.Б.Смольскага, А.І.Хадоска, С.І.Янковіча, К.Я.Яськова.

У 2017 годзе да 85-гадовага юбілею Акадэміі музыкі быў выдадзены камплект відэазапісаў «Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі прадстаўляе…», у які ўвайшлі запісы найбольш яскравых канцэртаў і праектаў творчых калектываў акадэміі за апошнія пяць гадоў – канцэрты Студэнцкага сімфанічнага аркестра і Студэнцкага хору ў Вялікай зале Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі, канцэрты з цыкла «Вечар кансерваторыі» ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі, творчыя праекты пад патранажам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі «Дакрананне» і «Студэнты Акадэміі Музыкі – моладзі Беларусі», унікальныя праекты харэаграфіі – спектакль «Дзіця і чараўніцтва» і вечар харэаграфіі «Анатомія танца».

У 2023 годзе структурнае падраздзяленне было перайменавана ў вучэюную медыялабараторыю.

pic pic pic