У 1939 годзе па ініцыятыве загадчыка кафедры сольных спеваў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі прафесара П.Ціханава пры кансерваторыі была створана оперная студыя. Узначаліла студыю прафесар А.Шперлінг, затым яе змяніў дацэнт С.Капара. У студыі працавалі дырыжоры Н.Балазоўскі і Р.Рубінштэйн, рэжысёр П.Златагораў, якія шмат зрабілі для павышэння ўзроўню акцёрскага майстэрства беларускіх спевакоў. Лепшымі выканаўцамі оперных партый былі студэнты. Р.Еўраеў, Е.Пашкова, Л.Тупчанка, В.Фурс, М.Гарэлік, С.Айзенберг, Е.Шарэйка. За два гады (1939-1941) былі пастаўлены оперы “Вяселле Фігаро”, “Яўгеній Анегін”, “Севільскі цырульнік”, музычная камедыя М.Чуркіна “Кок-сагыз”, якія атрымалі прызнанне шырокай музычнай грамадскасці. У аркестры опернай студыі пачыналі сваю прафесійную дзейнасць скрыпачы Б.Афанасьеў, М.Браценнікаў і С.Асновіч, у студыйным хоры спявалі В.Барысенка і Л.Масленнікава (пасля абедзве – народныя артысткі РСФСР, салісткі Вялікага тэатра СССР).
Зноў оперная студыя была арганізавана ў 1960 годзе і з тых часоў непасрэдна звязана з кафедрай опернай падрыхтоўкі. Узначаліў студыю рэжысёр С.Капара. Сцэнічную падрыхтоўку вялі дырыжоры І.Гітгарц, Р.Рубінштэйн, С.Ратнер, рэжысёры М.Сердобаў і Ю.Ужэнцаў. Значную ролю ў рабоце кафедры мелі старэйшыя педагогі: М.М.Сердобаў, вядомы оперны спявак і энтузіяст опернага мастацтва, і Д.М.Румянцаў. З 1964 года кафедру ўзначаліў Ю.К.Новікаў, выкладалі Г.Н.Дугашаў, Л.П.Лях, Р.Я.Еўраеў, В.А.Захараў і інш. У 1960-1973 гадах было пастаўлена больш за 20 опер, сярод іх амаль палову рэпертуару займалі савецкія і беларускія спектаклі. Прыкметнай з’явай музычнага мастацтва краіны стала першая пастаноўка оперы П.Падкавырава “Павел Карчагін” па раману М.Астроўскага “Як гартавалася сталь” (1967).
З 1975 года кафедрай опернай падрыхтоўкі кіраваў Ю.Р.Ужанцаў. Для працы на кафедры былі запрошаны С.А.Штэйн, М.М.Ізворска-Елізар’ева, А.М.Лапуноў, А.М.Дадзішкіліяні. У перыяд з 1975 па 1978 гг. оперная студыя паказала восем новых спектакляў, у тым ліку оперы беларускіх аўтараў. Пасля Ю.Р.Ужанцава кафедрай загадваў (з верасня 1979 па 1983 год) заслужаны артыст БССР В.Д.Ганчарэнка, які меў вялікі стаж опернага спевака. За гэты час было пастаўлена некалькі спектакляў, оперы “Севільскі цырульнік” і “Паяцы” атрымалі найбольшае прызнанне. Прафесар МДК Я.Я.Рацэр, будучы старшынёй ДЭК, адзначаў, што “кафедра расце творча, спектаклі пастаўлены дасканала, з добрым густам; гэта бясспрэчны поспех опернай студыі, выдатная вучэбная работа”.
З 1983 да 2012 года кафедрай опернай падрыхтоўкі кіраваў заслужаны артыст БССР, дацэнт М.А.Зданевіч. У перыяд да 2012 года опернай студыяй было пастаўлена больш за 40 оперных спектакляў, якія мелі вялікі поспех у гледача: оперы “Кармэн”, “Паяцы”, “Яўген Анегін”, “Сельскі гонар”, “Мамаша Кураж”, “Любоўны напой”, “Севільскі цырульнік”, “Вяселле Фігара”, “Травіята”, “Іаланта”, “Фауст” і інш.
Вялікі ўклад у работу кафедры ўнеслі заслужаны артыст БССР Я.М.Паўловіч, заслужаная артыстка БССР Т.Н.Аляксеева, народная артыстка Беларусі Н.С.Давыдзенка, народны артыст БССР С.А.Штэйн, старэйшыя выкладчыкі І.З.Смушкевіч і С.А.Нікіпелава. У апошнія гады скончылі сваю працоўную дзейнасць на кафедры прафесар Ю.К.Новікаў, стаж працы якога на кафедры складаў звыш 25 гадоў, і дацэнт Э.У.Арашкевіч.
Кафедра харэаграфіі была арганізавана ў 1994 годзе пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, доктара мастацтвазнаўства, прафесара Ю.М.Чурко. Упершыню ў рэспубліцы пачалася падрыхтоўка харэографаў з вышэйшай адукацыяй. У верасні 2010 года кафедру харэаграфіі ўзначаліў народны артыст СССР, прафесар В.М.Елізар’еў. 25 красавіка 2011 года кафедра опернай падрыхтоўкі была аб’яднана з кафедрай харэаграфіі.
З 2013 па 2022 год кафедрай опернай падрыхтоўкі і харэаграфіі кіравала І.М.Гаранец. У гэты перыяд было пастаўлена больш за 25 спектакляў, сярод якіх “Кажан”, “Яўген Анегін”, “Травіята”, “Так паступаюць усе жанчыны”, “Іаланта”, “Сем нявест і адзін жаніх”, “Чароўная флейта”, “Дзіця і чараўніцтва”, “Царская нявеста”, “Багема”, “Басцьен і Басцьена”, “Фауст”, “Алека” і інш.
Педагагічны склад кафедры значна абнавіўся. У цяперашні час выкладаюць Ірына Генадзьеўна Крыкунова (загадчык кафедры), прафесар Валянцін Мікалаевіч Елізар’еў, прафесар Віктар Уладзіміравіч Саркіс’ян, прафесар Аляксандр Міхайлавіч Анісімаў, дацэнт Ганна Дзмітрыеўна Маторная, дацэнт Вольга Аляксандраўна Лаппо, дацэнт Наталля Мікалаеўна Фурман, дацэнт Аляксандр Іванавіч Высоцкі, старшыя выкладчыкі Ніна Мікалаеўна Дзьячэнка, Сяргей Леанідавіч Мікель, Марына Мікалаеўна Трэццякова, Юрый Аляксандравіч Караваеў, выкладчыкі Ксенія Русланаўна Мялешка і Дзмітрый Яўгеньевіч Бахталін.
Вучэбная дзейнасць кафедры заснавана на лепшых прыкладах айчыннай і сусветнай опернай культуры і накіравана на дасягненне высокага прафесійнага майстэрства, развіццё прыродных вакальных і акцёрскіх дадзеных, фарміраванне творчай індывідуальнасці.