У 1939 годзе па ініцыятыве загадчыка кафедры сольных спеваў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі прафесара П.Ціханава пры кансерваторыі была створана оперная студыя. Узначаліла студыю прафесар А.Шперлінг, затым яе змяніў дацэнт С.Капара. У студыі працавалі дырыжоры Н.Балазоўскі і Р.Рубінштэйн, рэжысёр П.Златагораў, якія шмат зрабілі для павышэння ўзроўню акцёрскага майстэрства беларускіх спевакоў. Лепшымі выканаўцамі оперных партый былі студэнты. Р.Еўраеў, Е.Пашкова, Л.Тупчанка, В.Фурс, М.Гарэлік, С.Айзенберг, Е.Шарэйка. За два гады (1939-1941) былі пастаўлены оперы “Вяселле Фігаро”, “Яўгеній Анегін”, “Севільскі цырульнік”, музычная камедыя Мікалая Чуркіна “Кок-сагыз”, якія атрымалі прызнанне шырокай музычнай грамадскасці. У аркестры опернай студыі пачыналі сваю прафесійную дзейнасць скрыпачы Б.Афанасьеў, М.Браценнікаў і С.Асновіч, у студыйным хоры спявалі В.Барысенка і Л.Масленнікава (пасля абедзве – Народныя артысткі РСФСР, салісткі Вялікага тэатра СССР).
Зноў оперная студыя была арганізавана ў 1960 годзе і з тых часоў непасрэдна звязана з кафедрай опернай падрыхтоўкі. Узначаліў студыю рэжысёр С.Капара. Сцэнічную падрыхтоўку вялі дырыжоры І.Гітгарц, Р.Рубінштэйн, С.Ратнер, рэжысёры М.Сердобаў і Ю.Ужэнцаў. Значную ролю ў рабоце кафедры мелі старэйшыя педагогі: Мікалай Мікалаевіч Сердобаў, вядомы оперны спявак і энтузіяст опернага мастацтва, і Дзмітрый Міхайлавіч Румянцаў. З 1964 года кафедру ўзначаліў Юрый Канстанцінавіч Новікаў, выкладалі Газіз Ніязавіч Дугашаў, Леў Палікарпавіч Лях, Раман Якаўлевіч Еўраеў, Віктар Аляксандравіч Захараў і інш. У 1960-1973 гадах было пастаўлена больш за 20 опер, сярод іх амаль палову рэпертуару займалі савецкія і беларускія спектаклі. Прыкметнай з’явай музычнага мастацтва краіны стала першая пастаноўка оперы П.Падкавырава “Павел Карчагін” па раману М.Астроўскага “Як гартавалася сталь” (1967). Важную ролю ў рабоце студыі адыграў абмен вопытам з опернай студыяй Латвійскай дзяржаўнай кансерваторыі.
З 1975 года кафедрай опернай падрыхтоўкі кіраваў Юрый Рыгоравіч Ужанцаў. Для працы на кафедры былі запрошаны Сямён Аляксандравіч Штэйн, Маргарыта Міколаўна Ізворска-Елізар’ева, Анатоль Максімавіч Лапуноў, Атар Міхайлавіч Дадзішкіліяні. У перыяд з 1975 па 1978 гг. оперная студыя паказала восем новых спектакляў, у тым ліку оперы беларускіх аўтараў. У газеце “Літаратура і мастацтва” (05.05.1978) адзначалася, што оперная студыя з’яўляецца не толькі навучальным тэатрам, але і актыўным прапагандыстам нацыянальнай оперы. Пасля Ю.Р.Ужанцава кафедрай загадваў (з верасня 1979 па 1983 год) Заслужаны артыст БССР Васіль Дзям’янавіч Ганчарэнка, які меў вялікі стаж опернага спевака. За гэты час было пастаўлена некалькі спектакляў, оперы “Севільскі цырульнік” і “Паяцы” атрымалі найбольшае прызнанне. Прафесар МДК Я.Я.Рацэр, будучы старшынёй ДЭК, адзначаў, што “кафедра расце творча, спектаклі пастаўлены дасканала, з добрым густам; гэта бясспрэчны поспех опернай студыі, выдатная вучэбная работа”.
З 1983 да 2012 года кафедрай опернай падрыхтоўкі кіраваў Заслужаны артыст БССР, дацэнт Міхаіл Аляксандравіч Зданевіч. У перыяд да 2001 года опернай студыяй было пастаўлена каля 25 оперных спектакляў, якія мелі вялікі поспех у гледача: оперы “Кармэн”, “Паяцы”, “Яўген Анегін”, “Сельскі гонар”, “Мамаша Кураж”, “Любоўны напой”, “Севільскі цырульнік”, “Вяселле Фігара”, “Травіята”, “Іаланта”, “Фауст” і інш.
Вялікі ўклад у работу кафедры ўнеслі Заслужаны артыст БССР Яўген Мікалаевіч Паўловіч, Заслужаная артыстка БССР Таццяна Назараўна Аляксеева, Народная артыстка Беларусі Ніна Сцяпанаўна Давыдзенка, Народны артыст БССР Сямён Аляксандравіч Штэйн, старйшыя выкладчыкі Ігар Зіноўевіч Смушкевіч і Святлана Аляксееўна Нікіпелава. У апошнія гады скончылі сваю працоўную дзейнасць на кафедры прафесар Юрый Канстанцінавіч Новікаў, стаж працы якога на кафедры складаў звыш 25 гадоў, і дацэнт Эдуард Уладзіміравіч Арашкевіч.
Кафедра харэаграфіі была арганізавана ў 1994 годзе пад кіраўніцтвам Заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, Лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, доктара мастацтвазнаўства, прафесара Юліі Міхайлаўны Чурко. Упершыню ў рэспубліцы пачалася падрыхтоўка харэографаў з вышэйшай адукацыяй. У верасні 2010 года кафедру харэаграфіі ўзначаліў Народны артыст СССР, прафесар Валянцін Мікалаевіч Елізар’еў. 25 красавіка 2011 года кафедра опернай падрыхтоўкі была аб’яднана з кафедрай харэаграфіі.
Педагагічны склад кафедры значна абнавіўся. У цяперашні час выкладаюць Ірына Генадзьеўна Крыкунова (загадчык кафедры), прафесар Валянцін Мікалаевіч Елізар’еў, прафесар Віктар Уладзіміравіч Саркіс’ян, дацэнт Ганна Дзмітрыеўна Маторная, дацэнт Вольга Аляксандраўна Лаппо, дацэнт Наталля Мікалаеўна Фурман, заслужаная артыстка РСФСР Ніна Мікалаеўна Дзьячэнка, старшы выкладчык Сяргей Леанідавіч Мікель, выкладчыкі Ксенія Русланаўна Мялешка і Дзмітрый Яўгеньевіч Бахталін. На кафедры працуюць дырыжоры Аляксандр Іванавіч Высоцкі, Уладзімір Сяргеевіч Авадок, Марына Мікалаеўна Трэццякова. Кіраўніком опернай студыі ў цяперашні час з’яўляецца Наталля Сяргееўна Фядосенка.
У перыяд з 2000 па 2022 год былі пастаўлены спектаклі: “Багема” і “Чыо-Чыо-Сан” Дж.Пучыні, “Дырэктар тэатра”, “Так дзейнічаюць усе”, “Вяселле Фігара”, “Дон Жуан” В.Моцарта, “Іаланта”, “Пікавая дама”, “Яўген Анегін” П.Чайкоўскага, “Царская нявеста” М.Рымскага-Корсакава, “Алека” С.Рахманінава, “Галька” С.Манюшкі, “Фантазія” В.Кур’яна, “Лятучая мыш” І.Штрауса, “Травіята” Дж.Вердзі, “Дон Паскуале” Г.Даніцэці, “Юбілей” С.Картэса, “Кармэн” Ж.Безэ, “Дзіця і чараўніцтва” М.Равеля, “Фауст” Ш.Гуно, “Чалавечы голас” Ф.Пуленка і інш. Разам з гэтым праводзіліся канцэрты, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння Д.Шастаковіча, творчасці італьянскіх кампазітараў, канцэрт з твораў А.Шнітке, а таксама справаздачныя канцэрты кафедры. Вучэбная дзейнасць кафедры заснавана на лепшых прыкладах айчыннай і сусветнай опернай культуры і накіравана на дасягненне высокага прафесійнага майстэрства, развіццё прыродных вакальных і акцёрскіх дадзеных, фарміраванне творчай індывідуальнасці.