• Навiны

Тэматычная выстава «Няхай гучыць беларускае слова»

01.02.2024

Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляе тэматычную выставу “Няхай гучыць беларускае слова”, прымеркаваную да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца штогод 21 лютага з мэтай абароны моўнай і культурнай разнастайнасці. Свята было заснавана рашэннем 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 годзе.

У свеце існуе шмат цудоўных моў, якія вабяць сваёй прыгажосцю, непаўторнасцю і мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. Наша родная беларуская мова – гэта мова Францыска Скарыны і Сымона Буднага, Максіма Багдановіча і Янкі Купалы, Францішка Багушэвіча і Якуба Коласа, мова нашых продкаў, мова сотняў таленавітых людзей, што яшчэ прыйдуць нa нашу зямлю.

З пачуццём вялікай павагі і любові ставіўся да роднай мовы і наш зямляк, паэт, перакладчык, сцэнарыст, народны паэт БCCР (1968), заслужаны работнік культуры УССР (1973), лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР (1946, 1949), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1970), прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1968), кавалер ордэна Леніна (двойчы) Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

Імя Аркадзя Куляшова, класіка беларускай літаратуры савецкага часу, прыходзіла ў нашу свядомасць з дзяцінства — праз верш “Камсамольскі білет” і паэму “Сцяг брыгады” (у 1946 г. твор быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР).

Ён пакінуў пасля сябе каля 30 паэтычных зборнікаў. Многія вершы А. Куляшова былі перакладзены на ўкраінскую, польскую, рускую, англійскую, літоўскую, армянскую, нават мангольскую мовы. Сам Аркадзь Куляшоў таксама займаўся перакладамі. Дзякуючы яму, па-беларуску можна прачытаць “Цыганоў” і “Яўгенія Анегіна” Аляксандра  Пушкіна, лірыку Міхаіла Лермантава, Сяргея Ясеніна, Уладзіміра Маякоўскага і іншых рускіх паэтаў. А. Куляшоў меў дачыненне і да развіцця беларускага кіно ў савецкі час. Ён з’яўляўся галоўным рэдактарам кінастудыі “Беларусьфільм” і прымаў удзел у стварэнні сцэнарыяў фільмаў: “Чырвонае лісце”, “Першыя выпрабаванні”, “Запомнім гэты дзень”.

Пра жыццё і творчасць А. Куляшова зняты дакументальны фільм “Край крынічны” (1972 г.). На вершы паэта напісаны вядомыя песні беларускіх кампазітараў.

На выставе прадстаўлены навуковыя, энцыклапедычныя і даведачныя выданні, музычна-крытычныя і навуковыя артыкулы, паэтычныя зборнікі вершаў А. Куляшова, нотныя выданні, навуковыя часопісы, ілюстрацыйны матэрыял.

Экспазіцыя размяшчаецца ў навучальным корпусе № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) у кабінеце №140 з 31 студзеня па 3 сакавіка 2024 года.