• Навiны

Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляе тэматычную выставу “Яўген Карловіч Цікоцкі: музыкант, педагог, творца”, падрыхтаваную да 130-годдзя з дня нараджэння кампазітара, народнага артыста БССР і СССР (26.12.1893-23.11.1970)

26.12.2023

Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляе тэматычную выставу “Яўген Карловіч Цікоцкі: музыкант, педагог, творца”, падрыхтаваную да 130-годдзя з дня нараджэння кампазітара, народнага артыста БССР і СССР (26.12.1893-23.11.1970).

Яўген Карлавіч Цікоцкі з’яўляецца адным з заснавальнікаў беларускай кампазітарскай школы. Заслужанае прызнанне кампазітар атрымаў як стваральнік оперных і сімфанічных твораў.

Ён з’яўляецца аўтарам адной з першых беларускіх опер – народна-гераічнай драмы «Міхась Падгорны» (1939), а таксама героіка-патрыятычнай оперы «Алеся» (1944). Яго пяру належаць: араторыя “Вызваленне”, гераічная паэма “Буравеснік”; уверцюры «Свята на Палессі», «Слава»;
аперэты «Кухня святасці» (1931), «Ганна Громава» (1969).

Кампазітар напісаў шмат вакальных і харавых твораў на вершы вядомых паэтаў Беларусі Я. Купалы, М. Танка, У. Дубоўкі і інш., стварыў вакальныя цыклы «Алтай», «Зямля мая». Напісаў шмат камерна-інструментальных твораў, музыку да радыёпастановак, драматычных спектакляў і кіно. Апрацаваў дзясяткі беларускіх народных песень.

Першае буйное сачыненне кампазітара – сімфонія (1929) з’яўляецца адным з першых твораў у гэтым жанры ў гісторыі беларускай музыкі. Усяго Я.К. Цікоцкі стварыў шэсць сімфоній, апошнюю з якіх прысвяціў Р.Р. Шырме.

Я.К. Цікоцкі вёў актыўную музычна-грамадскую і палітычную дзейнасць. Быў членам Саюза кампазітараў СССР, членам праўлення Саюза кампазітараў Беларускай ССР, дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР чацвёртага і пятага скліканняў. У 1950-1963 гадах – старшыня праўлення Саюза кампазітараў Беларускай ССР. Працаваў кампазітарам на Беларускім радыё (1934-1940), мастацкім кіраўніком Белдзяржфілармоніі (1944-1951, 1953-1957). Таксама з’яўляўся адным з заснавальнікаў Бабруйскай дзіцячай музычнай школы (1927), у якой прапрацаваў 14 гадоў.

За заслугі перад Айчынай Я.К. Цікоцкі ўзнагароджаны ордэнам Леніна (1944), двума ардэнамі “Працоўнага Чырвонага Сцяга” (1940, 1949),
ордэнам “Знак Пашаны” (1964). У 1972 годзе яго імя прысвоена Бабруйскай дзіцячай музычнай школе, а ў 1974 годзе названа вуліца ў Мінску.

На выставе экспануюцца кнігі, манаграфіі, музычна-крытычныя артыкулы з навуковых прац, зборнікаў і часопісаў, даведачныя і навучальныя дапаможнікі па гісторыі беларускай музыкі, нотныя выданні, хрэстаматыі па беларускай музычнай літаратуры, гуказапісы твораў Я.К. Цікоцкага, фотадакументы.

Экспазіцыя выставы размяшчаецца ў навучальным корпусе № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30)
у фае Вялікай залы з 12 снежня 2023 г. па 04 студзеня 2024 года.