• Навiны

БЕЛАРУСКІЯ ПАРТЫЗАНСКІЯ ПЕСНІ. МІНСК, 2023

29.01.2024

Беларускія партызанскія песні [Электронны рэсурс] / склад. Т. Канстанцінава. — Электрон. дан. (136:37 гуч.). — Мінск : Беларус. дзярж. акадэмія музыкі, 2023. — 2 электрон. апт. дыскі [CD-ROM]: гуч., брашура (51 с.). — (Аўдыяатлас традыцыйнай музычнай культуры Беларусі ; вып. 15).

Пятнаццаты выпуск серыі «Аўдыяатлас традыцыйнай музычнай культуры Беларусі» — «Беларускія партызанскія песні» — прэзентуе яркую і своеасаблівую з’яву беларускай народна-песеннай традыцыі. Матэрыялы, якія ўвайшлі ў выданне, належаць да палявых запісаў студэнцкіх музычна-этнаграфічных экспедыцый Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі / Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (пад кіраўніцтвам Л. Мухарынскай, Л. Касцюкавец, Т. Якіменка, С. Мыцько, Т. Бярковіч, В. Прыбыловай, Д. Касцюкаўца, Л. Кудзелькінай), фальклорных і музычна-этнаграфічных экспедыцый Інстытута мастцтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору имя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (запісы Г. Барташэвіч, К. Кабашнікава, В. Каламыцавай, Т. Канстанцінавай, В. Прыбыловай), уласных экспедыцый асобных збіральнікаў (І. Назінай, Л. Якубоўскай, Т. Дробышавай, Р. Гамзовіч, М. Казловіча). Большасць аўдыяфіксацый узята з фондаў кабінета традыцыйных музычных культур Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі; шэраг узораў належыць Калекцыі фальклорных запісаў аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Партызанская песня, па вызначэнні Л. Мухарынскай, — «адна з самых буйных з’яў у беларуским фальклоры змагання». Спецыфічнымі рысамі партызанскай песнятворчасці з’яўляюцца кароткі перыяд стварэння (партызанскі рух на Беларусі ў 1941–1944 гг.) і геаграфічная лакалізаванасць (акупіраваныя тэрыторыі). Асаблівасці фарміравання і функцыянавання гэтага цыкла абумоўлены яго прыналежнасцю адначасова да трох асноўных сфер мастацтва — народна-традыцыйнай, прафесійнай і аматарскай, што яскрава адлюстроўваюць песенныя ўзоры аўдыякалекцыі. У той жа час яны раскрываюць момант гістарычнага «адбору» і паказваюць корпус партызанскіх песень, якія вытрымалі выпрабаванне часам — праз дзесяцігоддзі засталіся ў народнай памяці і мясцовых спеўных практыках.

Складанай паўстае карціна фарміравання напеваў партызанскіх песень. Яе характарызуе перапляценне розных тэндэнцый, якія «сцягваюцца» ў два асноўныя рэчышчы: выкарыстанне існуючых мелодый (з неаднолькавай ступенню блізкасці да першавытоку) і стварэнне арыгінальных узораў. Гучанні, змешчаныя на двух кампакт-дысках, даюць уяўленне аб палітры жанравых і інтанацыйных вытокаў напеваў партызанскіх песень, якая ахоплівае сферы познетрадыцыйнага сялянскага фальклору (балады, лірычныя, вайсковыя паходныя і развітальныя), гарадского фальклору (песні-рамансы, «жорсткія» рамансы, песні катаржан, «блатныя»), сучаснай народнай і прафесійнай кампазітарскай творчасці (песні часоў Першай сусветнай вайны, Кастрычніцкай рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны, савецкія масавыя песні). Многія ўзоры калекцыі ўтрымліваюць прыкметы розных стылявых плыняў, што робіць немагчымым іх дакладную сістэматызацыю. Адпаведна, размеркавенне песень на два дыскі дастаткова ўмоўнае і ў шэрагу выпадкаў адлюстроўвае адну з праяўленых у іх тэндэнцый.

На CD 1 змешчаны 29 узораў партызанскіх песень, жанрава-стылявыя асаблівасці якіх паказваюць пэўныя сувязі з народна-песеннай традыцыяй. Шэраг песень мае аўтарскае паходжанне, хоць імёны стваральнікаў вядомы не заўсёды. У большасці выпадкаў такія песні былі складзены ў асобных партызанскіх атрадах і брыгадах і атрымалі пашырэнне ў зонах іх дзеяння.

31 песенны ўзор, уключаны у CD 2, раскрывае вялізны пласт беларускай партызанскай песнятворчасці, які сфарміраваўся ў рэчышчы тэндэнцый да запазычання. Яго складаюць: сучасныя песні прафесійных аўтараў, іх фалькларызаваныя варыянты і ператэкстоўкі; песні Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў і іх меладыйныя аналагі з новымі паэтычнымі тэкстамі; створаныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны песні, якія захавалі арыгінальныя паэтычныя тэксты, аднак атрымалі ў партызанскім асяроддзі новыя напевы; песенныя ўзоры з тэкстамі невядомых паэтаў-аматараў і мелодыямі, запазычанымі з гарадскога фальклору.

Нягледзячы на прыналежнасць партызанскіх песень да гісторыка-стылявога пласта сучаснай песнятворчасці, у іх выкананні прадстаўлена большасць традыцыйных стыляў шматгалосся («з падводкай», дыяфанія з бурдонам, тыпу «ўторы», «з падцягам», кантавага тыпу).

Аўдыявыданне прызначана для ўсіх, хто цікавіцца традыцыйнай музычнай культурай Беларусі.

Стваральнікі:

Аўтар-складальнік (музычная частка, артыкул на бел., рус., англ. мовах, каментарыі, транскрыпцыі напеваў і песенных тэкстаў, камп’ютарны набор нотных транскрыпцый): Таццяна Канстанцінава
Алічбоўка фанаграм, складанне і графічнае выкананне карты, апрацоўка фотаздымкаў, макетаванне, вёрстка: Васіліна Прыбылова
Рэстаўрацыя і мастэрынг гуказапісаў: Ганна Канстанцінава
Рэдактары тэкстаў: Міхаіл Казіміраў, Святлана Шчукіна
Дызайн вокладкі: Аляксандр Прыбылоў, Настасся Даніловіч
Кіраўнік праекта, галоўны рэдактар: Таццяна Бярковіч