• Навiны

Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляе тэматычную выставу «Нісневіч Сіма Герасімаўна – гісторык, педагог, музыказнаўца»: да 110 – годдзя з дня нараджэння (1914–1985)

28.03.2024

Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляе тэматычную выставу
«Нісневіч Сіма Герасімаўна – гісторык, педагог, музыказнаўца»: да 110 – годдзя з дня нараджэння (1914–1985).

Сіма Герасімаўна Нісневіч з’яўляецца адным з заснавальнікаў айчыннага гістарычнага музыказнаўства. Навуковыя працы педагога, прысвечаныя нацыянальнай гісторыі, беларускаму фальклору і кампазітарскай творчасці, не страцілі сваёй актуальнасці і ў нашы дні.

С. Г. Нісневіч скончыла фізіка-матэматычны факультет БДУ (1936), кампазітарскае аддзяленне Белдзяржкансерваторыі па классе В. А. Залаторова (1941), аспірантуру Акадэміі навук БССР (1949). У 1936-1941 гг. выкладала ў кансерваторыі на кафедры кампазіцыі і тэорыі музыкі музычную акустыку, у 1944-1983 гг. на кафедры гісторыі музыкі вяла курсы рускай, беларускай музыкі, музыкі народаў СССР, лектарскую практыку, спецыяльны клас.

С. Г. Нісневіч – аўтар манаграфій, падручнікаў і праграм па курсе гісторыі беларускай музыкі. Артыкулы Сімы Герасімаўны, прысвечаныя творчасці рускіх, замежных, беларускіх кампазітараў, публікаваліся ў многіх навуковых і перыядычных выданнях. Яна актыўна супрацоўнічала з выдавецтвам “Беларуская энцыклапедыя”, з вучэбнымі аддзеламі выдавецтваў, удзельнічала ў ажыццяўленні буйных фундаментальных навуковых выданняў Акадэміі навук БССР, у тым ліку ў шматтомнай серыі “Беларуская народная творчасць”, дзе была складальнікам музычнай часткі і аўтарам уступных артыкулаў да зборнікаў “Жартоўныя песні” (1974), “Песні пра каханне” (1978).

С. Г. Нісневіч узнагароджана медалямі “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” (1944), “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна” (1970), “Трыццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне” (1975), значкамі Міністэрства культуры СССР “За выдатную працу” (1955, 1969), ганаровымі граматамі Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі СССР (1983), Вярхоўнага Савета БССР (1955).

На выставе прадстаўлены асноўныя публікацыі С. Г. Нісневіч: манаграфіі, падручнікі, навучальныя праграмы, артыкулы з навуковых і перыядычных выданнях, нотныя дакументы, а так сама навуковыя працы з фонда рэдкіх кніг і рукапісных матэрыялаў бібліятэкі. Экспазіцыя дапоўнена ўнікальнымі фатаздымкамі музыказнаўцы, датаванымі першай паловай і сярэдзінай XX стагоддзя.

Выстава размяшчаецца ў фае Вялікай залы навучальнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 26 сакавіка па 30 красавіка 2024 года.