• Навiны

МІЖНАРОДНЫ ФОРУМ ПРАДСТАЎНІКОЎ ПРАФЕСІЙНАЙ МУЗЫЧНАЙ АДУКАЦЫІ КРАІН ЕЎРАЗІІ

24.08.2023

4 – 5 верасня 2023 года Рэспубліка Беларусь стане міжнароднай пляцоўкай для абмеркавання надзённых пытанняў адукацыі ў сферы музычнага мастацтва Беларусі, Расіі і краін Еўразіі. Гэта падзея мае высокую ступень значнасці для развіцця сістэмы прафесійнай музычнай адукацыі краін Еўразійскай культурнай прасторы.

Праграма Форума ўключае шэраг мерапрыемстваў: сумеснае паседжанне Савета па пытаннях прафесійнай музычнай адукацыі (Рэспубліка Беларусь), Федэральнага вучэбна-метадычнага аб’яднання ў сістэме вышэйшай адукацыі па УГСН 53.00.00 Музычнае мастацтва (Расійская Федэрацыя) і міжнароднай Асацыяцыі музычных адукацыйных устаноў; дыскусійную пляцоўку на тэму «Сістэма бесперапыннай адукацыі ў нацыянальным кантэксце: вопыт краін Еўразіі»; канцэрт салісткі Маскоўскай дзяржаўнай філармоніі, заслужанай артысткі Расійскай Федэрацыі Кацярыны Мячэцінай; сумесны канцэрт «Харавы саюз: Расія – Беларусь» двух маладзёжных ансамбляў Расіі і Беларусі; экскурсійныя праграмы.

У рабоце Форума прымуць удзел кіраўнікі ўстаноў адукацыі Беларусі, Расіі, Казахстана, Таджыкістана, Узбекістана, Кіргізіі, Манголіі, В’етнама і Ірана. Для правядзення мерапрыемства будуць задзейнічаны пляцоўкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Дома прэсы і Храма-помніка ў гонар Усіх святых у г. Мінску.

Арганізацыя і правядзенне прадстаўнічага міжнароднага мерапрыемства будзе садзейнічаць падтрымцы і ўмацаванню іміджа беларускай адукацыі ў міжнароднай культурна-адукацыйнай прасторы.

Партнёрам мерапрыемства выступае «БСБ Банк».