• Навiны

Міжнародная асамблея духавога мастацтва (17–20 лістапада 2026 года)

13.11.2026

17–20 лістапада 2026 года ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пройдзе “Міжнародная асамблея духавога мастацтва-2026”.

“Міжнародная асамблея духавога мастацтва-2026” – навукова-адукацыйна-творчы праект, накіраваны на:

  • удасканаленне гульні ў ансамблі ці аркестры;
  • вывучэнне сучасных прыёмаў калектыўнага музіцыравання;
  • засваенне перадавога выканальніцкага вопыту айчынных і замежных выканаўцаў на духавых інструментах.

Міжнародная асамблея з’яўляецца працягам кафедральных творчых праектаў: “Міжнародная акадэмія аркестравага мастацтва” (2018), “Парад духавога камернага мастацтва” (2019, 2020), “Фестываль духавога камернага мастацтва” (2022–2025).

Арганізатарамі “Міжнароднай асамблеі духавога мастацтва” выступаюць рэктарат, аркестравы факультэт, кафедра духавых і ўдарных інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

У Міжнароднай асамблеі духавога мастацтва прымуць удзел:

  • Ансамбль гістарычных інструментаў “Маскавіты” Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імяП.І.Чайкоўскага (Расійская Федэрацыя);
  • Квартэт флейтыстаў Белгарадскага дзяржаўнага інстытута мастацтваў і культуры (Расійская Федэрацыя);
  • Духавы аркестр Смалявіцкай дзіцячай школы мастацтваў, Мінскага раёна (Рэспубліка Беларусь);
  • Духавы аркестр Парэцкай дзіцячай школы мастацтваў Гродзенскага раёна, Гродзенскай вобласці (Рэспубліка Беларусь);
  • Духавы аркестр Брэсцкага музычнага каледжа імяР.Р.Шырмы (Рэспубліка Беларусь);
  • Духавы аркестр Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імяМ.І.Глінкі (Рэспубліка Беларусь).

Калектывы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі:

  • Студэнцкі духавы аркестр;
  • Ансамбль флейтыстаў «Німфы»;
  • Ансамбль кларнетыстаў;
  • Квінтэт духавых інструментаў;
  • Ансамбль ударных інструментаў;
  • Ансамбль саксафаністаў.

У якасці гасцей у асамблеі прымуць удзел:

Пераможца прэстыжных міжнародных конкурсаў, саліст Нацыянальнага сімфанічнага аркестра Францыі Андрэй Кавалінскі (труба);

Дацэнт Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага Філіп Нодэль (габой);

Саліст Вялікага сімфанічнага аркестра імя П.І. Чайкоўскага, выкладчык музычнага вучылішча пры Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага Яраслаў Кастрыкін (фагот);

Прэзідэнт Фонду падтрымкі выканальніцтва на медных духавых інструментах імя Аляксандра III (Масква), старшы выкладчык Інстытута ваенных дырыжораў, артыст фірмы “Buffet Cranpon” Алег Абрамаў (эўфаніўм).

У рамках асамблеі пройдуць майстар-класы А. Кавалінскага (труба), Ф. Нодэля; (габой), А. Абрамава (эўфаніўм), Я. Кастрыкіна (фагот).

Аўтар і кіраўнік праекта – загадчык кафедры духавых і ўдарных інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кандыдат філасофскіх навук, доктар культуралогіі, прафесар У.П. Скараходаў.