• Навiны

Тэматычная выстава “Кім Дзмітрыевіч Цесакоў”: да 90-годдзя з дня нараджэння (1936–2018) беларускага кампазітара, педагога, члена Саюза кампазітараў БССР (1967).

23.02.2026

Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляе тэматычную выставу “Кім Дзмітрыевіч Цесакоў”: да 90-годдзя з дня нараджэння (1936–2018) беларускага кампазітара, педагога, члена Саюза кампазітараў БССР (1967).

К. Цесакоў за сваю творчасць удастоены шматлікіх узнагарод, сярод іх ‒ званне заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь (1998), званне лаўрэата Рэспубліканскай прэміі ім. В. Віткі (2001), медаль Францыска Скарыны (2006). Ганаровы грамадзянін г. Чэрвеня (2001).

Творчасць К. Цесакова ахоплівае амаль усе музычныя жанры і формы. У спадчыну кампазітара ўваходзяць шматлікія вакальна-харавыя творы (6 араторый, 3 кантаты, асобныя хоры), цыклы рамансаў, творы для сімфанічнага аркестра (7 сімфоній, “Мінская сюіта”, канцэрты для салістаў з аркестрам, сімфанічныя паэмы), творы для аркестра народных інструментаў.

Значнае месца ў музыцы К. Цесакова займае камерна-інструментальная музыка. Ён аўтар 10 квартэтаў, твораў для фартэпіяна і розных інструментальных ансамбляў. Кампазітар пісаў музыку для дзяцей і юнацтва, да драматычных і лялькавых спектакляў, кінастужак. Для музычнага тэатра напісаў оперу “Рабінавая ноч” (лібр. В. Лукшы), таксама развіваў арыгінальны жанр радыёоперы (“Барвовы золак” ( лібр. В. Лукшы, 1978), “Палын – трава горкая” (лібр. А. Вольскага, 1987).

Музыка кампазітара вылучаецца філасофскай глыбінёй і маштабнасцю вобразна-драматургічнага абагульнення. Асноўная тэма яго твораў ‒ гераічны подзвіг народа ў барацьбе за свабоду і шчасце роднай зямлі. Для музычнай мовы характэрна злучэнне меладычных абаротаў, інтанацый блізкіх народна-песеннаму мастацтву з сучаснымі сродкамі выразнасці. Творы кампазітара гучаць на канцэртных пляцоўках па ўсім свеце ад Польшчы да Францыі, ад Грэцыі да Вялікабрытаніі.

На выставе прадстаўлены выданні аб жыцці і творчасці К. Цесакова: манаграфіі, артыкулы з перыядычных і навуковых выданняў, энцыклапедычныя, нотныя і аўдыёвізуальные дакументы з творамі кампазітара, ў тым ліку пяць кампакт-дыскаў пад агульнай назвай «На ігле часу».

Экспазіцыя выставы знаходзіцца на 6 паверсе ліфтавога хола навучальнага корпуса № 3 (вул. П. Броўкі, 22), з 20 лютага па 20 красавіка 2026 года.