• Навiны

Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляе тэматычную выставу “Алег Хадоска – кампазітар, настаўнік, творца”, падрыхтаваную да 60-годдзя

20.03.2024

Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляе тэматычную выставу “Алег Хадоска – кампазітар, настаўнік, творца”, падрыхтаваную да 60-годдзя з дня нараджэння (21.03.1964).

Алег Ігаравіч Хадоска – прафесар (2023), лаўрэат Усесаюзных конкурсаў студэнтаў-кампазітараў у г. Масква (1985, 1987). Узнагароджаны сярэбраным медалём ВДНГ СССР (1988). Лаўрэат Рэспубліканскай прэміі “Залаты Купідон” (2009). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2003). Лаўрэат Нацыянальных тэатральных прэмій (2011, 2021). Узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2022).

 Скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А. В. Луначарскага (1987) па класе кампазіцыі народнага артыста Беларусі А. В. Багатырова і пад яго кіраўніцтвам асістэнтуру-стажыроўку (1989). Алег Хадоска ‒ адзін з апошніх вучняў Анатоля Васільевіча, які вельмі высока цаніў яго творчасць.

У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі працуе з 2000 года. З 2004 – старшы выкладчык, з 2012 – дацэнт кафедры кампазіцыі, з 2020 – прафесар кафедры кампазіцыі. З 2023 – загадчык кафедры кампазіцыі. А. Хадоска – выдатны і вопытны педагог. Сярод яго вучняў – кампазітары Ю. Цагойка, П. Шведаў, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Я. Яўневіч, І. Кулагіна, Я. Лобан і інш.

Алег Хадоска з’яўляецца членам журы розных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, у тым ліку Міжнароднага фестывалю “Моладзь за Саюзную дзяржаву” (г. Растоў-на-Доне, Расія, 2009), Рэспубліканскага конкурсу “Зорка ўзышла над Беларуссю” (2010), Фестывалю-конкурсу нацыянальнай харавой музыкі “Рэха” (2010) і інш. Таксама ён ‒ член рэпертуарна-рэдакцыйнай камісіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, удзельнік тэле- і радыёпраграм беларускага вяшчання. З 1988 г. – член Беларускага саюза кампазітараў.

Алег Хадоска – аўтар 2 опер («Цень», «Чорны манах»), 4 балетаў (у тым ліку «Папялушка», «Зала чакання»), мюзікла «Шалом Алейхем! Мір вам, людзі!», 2 кантат, сімфанічных, камерна-інструментальных твораў, вакальных і харавых цыклаў, музыкі для тэатра і кіно. Творы А. Хадоскі выконваюцца вядучымі калектывамі ў Беларусі і за мяжой.

 Знакавай падзеяй стала сусветная прэм’ера сімфоніі для хору a capella “Missa” Алега Хадоскі, якая прагучала на канцэрце ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі у выкананні Дзяржаўнай акадэмічнай капэлы імя Р. Шырмы (2023). Новы твор беларускага аўтара ‒ незвычайны жанравы мікс сімфоніі і месы (у 6 частках).

На выставе прадстаўлены даследчыя нарысы аб жыцці і творчасці А. Хадоскі, артыкулы з навуковых прац, зборнікаў і часопісаў, дыпломныя работы і магістарскія дысертацыі студэнтаў акадэміі музыкі, выяўленчыя выданні, нотныя выданні і гуказапісы твораў кампазітара.

Экспазіцыя выстаўкі размяшчаецца ў фае Вялікай залы навучальнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 19 сакавіка па 19 мая 2024 года.