Навука

Студэнцкае навукова-творчае таварыства

Студэнцкае навукова-творчае таварыства (СНТТ) было створана ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (кансерваторыі) у 1949 годзе. Першым навуковым кіраўніком СНТТ быў В.А. Белы, прафесар кафедры кампазіцыі, гісторыі і тэорыі музыкі. Пазней кіраўніцтва ажыццяўлялі прафесары і дацэнты Акадэміі: К.І. Сцепанцэвіч, Л.С. Мухарынская, Т.А. Шчарбакова, В.Д. Какушкін, А.А. Друкт, Ю.Дз. Златкоўскі, А.У. Куракіна, А.В. Макарава, Л.Ф. Баранкевіч А.А. Ціхамірава і інш.

У цяперашні момант навуковым кіраўніком СНТТ з’яўляецца С.С. Воранава СНТТ дае студэнтам шырокія магчымасці для развіцця прафесійных і асобасных якасцей ва ўзаемадзеянні творчай і навукова-даследчай дзейнасці як неад’емнай часткі падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў у галіне музычнага мастацтва.

Навукова-даследчая сфера дзейнасці СНТТ сканцэнтравана на фартэпіянным і кампазітарска-музыказнаўчым факультэце. Студэнты, якія навучаюцца па спецыяльнасці “Музыказнаўства” і магістранты на працягу многіх гадоў прымаюць удзел у Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў. Сярод найвышэйшых узнагарод конкурсу адзначым ганаровае званне лаўрэата, якога ўдзельнікі конкурсу з Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі былі ўдастоены шматразова. Студэнты і магістранты становяцца таксама лаўрэатамі міжнародных навукова-даследчых конкурсаў, якія праводзяцца ў Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных, Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М.А. Рымскага-Корсакава, Краснадарскім дзяржаўным інстытуце культуры і іншых ВНУ.

Адным з прыярытэтных напрамкаў у прыцягненні студэнтаў да навукова-даследчай работы з’яўляецца штогадовае правядзенне студэнцкіх навукова-практычных канферэнцый. Па традыцыі адным з навуковых мерапрыемстваў такога кшталту, якое штогод праводзіцца ў міжнародным фармаце, стала студэнцкая канферэнцыя ў рамках Навуковых чытанняў памяці Л.С. Мухарынскай (з 2020 года ў фармаце канферэнцыі-конкурсу). Яркай старонкай у жыцці СНТТ стала Студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя да 90-гадовага юбілею Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі “Музычная адукацыя і навука ў XXI стагоддзі: дыялог пакаленняў” (снежань 2022 года), якая аб’яднала ўдзельнікаў з ВНУ і УССА Беларусі і Расійскай Федэрацыі.

Сярод штогадовых кафедральных канферэнцый, у якіх прымаюць актыўны ўдзел студэнты розных выканальніцкіх спецыяльнасцей, – “Музычная педагогіка, псіхалогія і выканальніцтва вачыма студэнтаў”, ініцыяваная кафедрай музычнай педагогікі, гісторыі і тэорыі выканальніцкага мастацтва. У полі зроку студэнтаў і магістрантаў Акадэміі знаходзяцца таксама і канферэнцыі, якія праходзяць у розных вышэйшых навучальных установах рэспублікі: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт ім. М. Танка, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва, Інстытут сучасных ведаў ім. А. Шырокава і інш.

Разнастайныя творчыя праекты, ініцыяваныя СНТТ, уносяць новыя элементы, формы і метады работы, значна павышаюць адукацыйны і творчы патэнцыял студэнтаў.

Сярод творчых праектаў СНТТ апошніх гадоў:

  • Мультымедыйныя праекты:
  • «Мембранафоны ў музыцы: ад вытокаў да нашых дзён», у якім студэнт аркестравага факультэта Юрый Шаблоўскі выступіў адразу ў некалькіх ролях – як аўтар калекцыі ўдарных інструментаў, лекцыі і шэрагу выкананых твораў, відэакантэнту (у якасці выканаўцы, творчы кіраўнік – прафесар Л.М. Кліндухова, навуковы кіраўнік – кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт А.А. Ціхамірава).
  • «Назад у будучыню», праект кафедры харавога дырыжыравання, які прадстаўляе розныя пакаленні педагогаў, падкрэслівае індывідуальнасць кожнага з іх і ўнікальныя моманты зносін настаўнікаў і іх вучняў (творчы кіраўнік – дацэнт І.М. Бадзяка).
  • «Адлюстраванне: беларускі фартэпіянны майстар-клас у асобах»YouTube-праект аспіранта Мароз Кацярыны, дзе ў фармаце інтэрв’ю з выдатнымі выкладчыкамі кафедры спецыяльнага фартэпіяна асвятляюцца актуальныя пытанні педагагічнай і выканальніцкай дзейнасці (творчы кіраўнік – кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт В.М. Сахарава).

 

  • Канцэрты-лекцыі:
  • «Некаторыя этапы развіцця нямецкай рамантычнай арганнай школы: творчасць І. Рынка, Г. Меркеля, В. Фолькмара і А. Гесэ» аспіранта Аляксандры Галубцовай (творчы кіраўнік – кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт У.В. Неўдах).
  • «Музыка для баяна і акардэона беларускіх кампазітараў ХХ-XXI стагоддзяў» (аўтар і творчы кіраўнік – кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Л.В.Скачко).
  • Канцэрты і творчыя сустрэчы:
  • Канцэрт студэнтаў і выпускнікоў Акадэміі (кафедры драўляных духавых інструментаў) у Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў (творчы кіраўнік – дацэнт С.І. Сітнікава).
  • Канцэрт-віншаванне «Vivant, professores!» і цыкл творчых сустрэч «Жыццё. Творчасць. Лёс», арганізаваныя дацэнтам кафедры струнных народных інструментаў Н.Ф. Лазуцкай.
  • Навукова-практычны семінар з канцэртнай праграмай: “Музыка і філасофія: ад антычнасці да рамантызму”: аўтар і творчы кіраўнік – загадчык кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, дацэнт Н.В. Сазановіч.
  • Творчыя конкурсы:
  • «Парад дырыжораў» (аўтар праекта і творчы кіраўнік – дацэнт кафедры баяна і акардэона І.В. Каленчыц)
  • Круглы стол па выніках канцэрта з твораў студэнтаў кафедры кампазіцыі (аўтар і вядучы – выкладчык кафедры кампазіцыі Ігар Камар).

Найважнейшыя падзеі ў творчай і навукова-даследчай дзейнасці Акадэміі адлюстраваны ў электроннай газеце “Акадэмія музыкі вачыма студэнтаў”. Жанр публікацый у газеце разнастайны – гэта рэцэнзіі на канцэрты, майстар-класы, конкурсы ў Акадэміі і творчыя праекты ў канцэртных залах сталіцы, інтэрв’ю з выкладчыкамі-юбілярамі Акадэміі, эсэ пра творчыя сустрэчы з вядучымі музыкантамі сучаснасці, агляд Навуковых чытанняў памяці Л.С. Мухарынскай.

У полі зроку СНТТ знаходзіцца і прафарыентацыйная работа ВНУ, што знаходзіць адлюстраванне ў арганізацыі прэзентацыі СНТТ ў рамках Дня адчыненых дзвярэй, а таксама запрашэнні на навуковыя і творчыя мерапрыемствы СНТТ навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў у сферы культуры не толькі ў якасці слухачоў, але і ў якасці удзельнікаў.

Навуковую і творчую дзейнасць СНТТ курыруюць выкладчыкі Акадэміі: С.С. Воранава, навуковы кіраўнік СНТТ, дацэнт кафедры тэорыі музыкі, кандыдат мастацтвазнаўства.
     ФКМ факультэт: В.М. Сахарава, дацэнт кафедры музычнай педагогікі і сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт; І.А. Камар, выкладчык кафедры кампазіцыі.

     ВХФ факультэт: С.С. Герасімовіч, загадчык кафедры харавога дырыжыравання, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар; С.А. Белая, старшы выкладчык кафедры спеваў, старшыня Савета маладых вучоных.

   АФ: І.В. Каленчыц, дацэнт кафедры баяна і акардэона; Н.Ф. Лазуцкая, дацент кафедры струнных народных інструментаў.

   П.С. Чарнеўская, дацэнт кафедры струнных смычковых інструментаў і камернага ансамбля; С.П. Таўстаножанка, старшы выкладчык кафедры духавых інструментаў і аркестравага дырыжыравання.

Студэнцкі актыў СНТТ узначальваюць Кацярына Мароз, аспірант, член Савета маладых вучоных і Алена Ярмак, музыказнаўца, студэнтка 5 курса.

Сёння СНТТ імкнецца не толькі захаваць лепшыя традыцыі і назапашаны вопыт ужо амаль 70 гадоў, але і знайсці новыя шляхі развіцця ў навукова-даследчай і творчай рабоце.

 

Садружнасць Навукі і Творчасці Аб’ядноўвае

Мы заўсёды адкрыты да супрацоўніцтва і новых ідэй!