8 мая 2026 года ў 10.00 на пасяджэнні Савета па абароне дысертацый 09.01.01.пры ўстанове адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі” (г.Мінск, вул. П.Броўкі, 22, аўд. 304) адбудзецца публічная абарона дысертацыі ШЭНЬ ЮНЦЗЭ “СУЧАСНЫ КІТАЙСКІ БАЛЕТ: ЭВАЛЮЦЫЙНЫЯ ПРАЦЭСЫ І СТЫЛЯВЫЯ ПАРАДЫГМЫ” на суісканне вучонай ступені кандыдата мастацтвазнаўства па спецыяльнасці 17.00.02 – музычнае мастацтва. Навуковая работа выканана ў аддзеле музычнага мастацтва і этнамузыкалогіі ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”. Навуковы кіраўнік – Мдзівані Таццяна Герасімаўна, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела музычнага мастацтва і этнамузыкалогіі ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”. Афіцыйнымі апанентамі дысертацыі выступяць: Яканюк Вадзім Лявонцьевіч, доктар педагагічных навук, прафесар, прафесар кафедры музычнай педагогікі і сацыяльна-гуманітарных дысцыплін установы адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі”; Галкін Алег Абрамавіч, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт, прафесар кафедры культуралогіі і псіхолага-педагагічных дысцыплін Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”. Апануючая арганізацыя – установа адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка”.
Дысертацыя прысвечана раскрыццю стылявой спецыфікі сучаснай кітайскай балетнай музыкі, якая сфарміравалася ў працэсе эвалюцыі. Актуальнасць тэмы абумоўлена неабходнасцю папаўнення прабелу ў сучасным музыказнаўстве аб эвалюцыі кітайскага балета і аб своеасаблівым узаемадзеянні ў ім акадэмічнага і традыцыйнага пачаткаў.
У працы ўпершыню раскрыты 1) этапы эвалюцыі кітайскага балета: шлях ад традыцыйнага танца да акадэмічнай харэаграфічнай лексікі, ад рэцэпцыі заходніх канонаў – да фарміравання нацыянальнага балета, які валодае якасцю суб’ектнасці; 2) найважнейшыя стылявыя парадыгмы ў галіне музычнай стылістыкі, якія спалучаюць нацыянальны і еўрапейскі пачаткі (мажорамінор і пентатоніка, кансананс і дысананс, сімфанічны аркестр і эрху, гуджон, тэлеалагічная і хвалевая драматургія і інш.); 3) спецыфіка балетаў “Адлюстраванне месяца ў дзвюх крыніцах» Чжэн Біна, «Чырвоныя ліхтары» Чэнь Цігана, «Цудоўны фенікс» Ду Мінсіня (партытуры).
Практычная значнасць вынікаў пацверджана двума актамі аб укараненні матэрыялаў дысертацыі ў навучальныя дысцыпліны УА “Лідскі дзяржаўны музычны каледж” і ПУА “Інстытут сучасных ведаў імя А.М.Шырокава”. Асноўныя вынікі даследавання апублікаваны ў 12 навуковых працах аўтара (агульным аб’ёмам 5,47 аўт. л.), у тым ліку ў навуковых зборніках, якія рэцэнзуюцца, і матэрыялах рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцый.
Азнаямленне з аўтарэфератам дысертацыі, які знаходзіцца ў бібліятэцы ўстановы адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі”, дазволіць атрымаць інфармацыю пра мэту, задачы, навуковую навізну і вынікі даследавання, а таксама пра структуру і змест працы (поўны аб’ём дысертацыі складае 165 старонак, з якіх 101 старонка – асноўны тэкст, 11 старонак – спіс выкарыстаных крыніц, 53 старонкі – дадаткі).