
Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляе тэматычную выставу: «У душы адрасце пара крылаў..»: да 135-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча (27 лістапада 1891 – 12 мая 1917)
Максім Адамавіч Багдановіч – беларускі паэт, публіцыст, літаратуразнаўца, перакладчык, класік беларускай літаратуры, адзін са стваральнікаў беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай беларускай мовы.
Роля і значэнне Максіма Багдановіча ў развіцці беларускага пісьменства, у нацыянальным і духоўным адраджэнні беларусаў высока ацэнены нашчадкамі. Працуюць музеі Багдановіча ў Мінску, Гродне, Яраслаўлі. Імем паэта былі названы вуліцы ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, Смаргоні, у Ніжнім Ноўгарадзе, Пскове, Яраслаўлі і Ялце, школы і бібліятэкі ў розных беларускіх гарадах. Яму прысвечаны оперы “Зорка Венера” (Юрый Семяняка – Алесь Бачыла) і “Максім” (Ігар Палівода – Леанід Прончак). У 1991 годзе імя Максіма Багдановіча было ўнесена ў каляндарны спіс ЮНЕСКА “Гадаўшчыны выдатных асоб і падзей”. Копія мінскага помніка паэту ў 1994 годзе была ўстаноўлена ў Яраслаўлі каля галоўнага корпуса Яраслаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Творы паэта перакладзены на два дзясяткі моў свету, публікаваліся ў Вялікабрытаніі, Германіі, Польшчы, Расіі, Францыі і іншых краінах. Адзіны прыжыццёвы зборнік М. Багдановіча «Вянок» убачыў свет у 1913 г. у Віленскай друкарні Марціна Кухты. Гэтае выданне стала важнай падзеяй у беларускай літаратуры і прынесла аўтару вялікі поспех, прызнанне і славу. Творчасць пачынаючага паэта заўважыў і па-сапраўднаму ацаніў Я. Купала, прызналі талент і іншыя пісьменнікі. Яшчэ ў 1950-я гады ў Маскве быў выдадзены вялікі зборнік яго абраных твораў на рускай мове ў перакладзе лепшых савецкіх паэтаў. У 2000 годзе ў праекце пад назвай “100 беларускіх кніг XX стагоддзя” кніга Максіма Багдановіча “Вянок” з вялікім адрывам ад іншых была абрана лепшай, а самога аўтара чытачы абралі лепшым паэтам. На выстаўцы прадстаўлены навукова-папулярныя і літаратурна-мастацкія выданні, артыкулы, нотныя выданні. Экспазіцыя размяшчаецца ў фае другога паверха навучальнага корпуса № 2 (вул. Камуністычная, 9) з 1 жніўня па 31 снежня 2026 года.