• Навiны

ЛЕТНІ МУЗЫЧНА-ТВОРЧЫ ПРАЕКТ «КАНСЕРВАТОРСКАЯ ЗМЕНА»

31.07.2026

Даты правядзення – 10 – 24 жніўня 2026 года (9 змена «Шлях да поспеху»).

Арганізатар – установа адукацыі «Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі»

Колькасць удзельнікаў – 25 таленавітых дзяцей з усіх рэгіёнаў Беларусі ва ўзросце ад 9 па 13 гадоў.

Дзе – ДУА «Мінскі гарадскі адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Лідэр» (223028, Мінская вобл., Мінскі р-н, аграгарадок Ждановічы)

З 10 па 24 жніўня 2026 года акадэмія дзявяты раз арганізуе Летнюю музычна-творчую «Кансерваторскую змену». 25 таленавітых дзяцей з усіх рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь ва ўзросце ад 9 па 13 гадоў на базе ДУА «Мінскі гарадскі адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Лідэр» на працягу змены змогуць індывідуальна ўдасканальваць свае выканальніцкія навыкі, удзельнічаць у розных формах музіцыравання ў займальнай форме, паглыбляць свае веды па музычна-тэарэтычных дысцыплінах, мець магчымасць стаць удзельнікам унікальнага харавога калектыву і паказаць свае ўменні ў непаўторным заключным канцэрце на летняй эстрадзе цэнтра «Лідэр» з удзелам выкладчыкаў акадэміі.

Праект «Шлях да поспеху» дае магчымасць юным аматарам музыкі ў нязмушанай, творчай музычнай атмасферы раскрыць свой творчы патэнцыял у працэсе заняткаў з выкладчыкамі акадэміі.

Што такое «Лідэр». Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Мінскі гарадскі адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Лідэр”» створаны па рашэнню Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ў студзені 2012 года. Цэнтр размешчаны ў раёне а.г. Ждановічы, плошча – 6,6 га.

На тэрыторыі размешчаны:

– вучэбна-адміністрацыйны корпус;
– спальны корпус. Размяшчэнне дзяцей прапануецца ў адрамантаваных пакоях ад 2-х да 6-ці чалавек у ізаляваным ад іншых атрадаў блоку на другім паверсе корпуса;
– сталовая з чатырохразовым збалансаваным санаторным харчаваннем, складзеным па водгуках дзяцей (у дзве змены);
– гаспадарчы блок;
– спартыўны комплекс, які ўключае ў сябе поле для міні-футбола, тэнісны корт, баскетбольную пляцоўку, валейбольную пляцоўку, пляцоўку для гольфа. Абсталяваны зоны адпачынку і летняя эстрада.

У цэнтры цэлы год навучаюцца, выхоўваюцца і адпачываюць дзеці, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у вучэбнай і грамадскай дзейнасці, або маюць узнагароды па выніках алімпіяд, конкурсаў, турніраў, фестываляў і іншых мерапрыемстваў.

Інфармацыя аб арганізацыі змен, неабходныя дакументы для афармлення пуцёвак, умовы пражывання і наведвання дзяцей размешчаны на афіцыйным сайце цэнтра: https://lider-minsk.by/

Змест праграмы летняй музычна-творчай «Кансерватарскай змены» арыентаваны на стварэнне творчай атмасферы, якая садзейнічае самарэалізацыі і асобаснаму росту таленавітых дзяцей. Летняя музычна-творчая змена – гэта магчымасць раскрыць свой творчы патэнцыял у працэсе заняткаў з выкладчыкамі акадэміі.

З улікам спецыфікі змены сфарміравана адукацыйная праграма – уключаны профільныя музычныя дысцыпліны (спецыяльнасць, ансамбль, харавыя спевы, сальфеджыа), падабраны адпаведны рэпертуар, выкарыстаны традыцыйныя фарматы канцэртных выступленняў.

Заняткі праводзяць вядучыя педагогі акадэміі па наступных напрамках:

  • інструментальнае выканальніцтва;
  • ансамбль;
  • сальфеджыа;
  • харавы клас.

Расклады адукацыйных заняткаў стасуюцца з агульным распарадкам дня змены. У першай палове дня таленавітыя дзеці індывідуальна займаюцца з педагогамі акадэміі па сваёй спецыяльнасці ў аўдыторыях навучальнага корпуса №2 акадэміі (арганізаваны цэнтралізаваны праезд дзяцей у суправаджэнні дарослых па маршруце: цэнтр «Лідэр» – навучальны корпус № 2 акадэміі (Мінск, вул. Камуністычная 9) – цэнтр «Лідэр»). У другой палове дня на тэрыторыі цэнтра іх чакаюць заняткі па ансамблевым і харавым класах, якія ўключаюць у сябе займальныя заданні па музычна-тэарэтычных дысцыплінах.

З дзецьмі ў лагеры на пастаяннай аснове працуюць дыпламаваныя выхавальнікі і важатыя. Для арганізацыі і правядзення адукацыйнага працэсу створаны валанцёрскі студэнцкі атрад акадэміі, які дапамагае і каардынуе творчы працэс змены.

Вынікам творчых заняткаў таленавітых дзяцей Беларусі стане заключны канцэрт на летняй эстрадзе цэнтра «Лідэр» з удзелам выкладчыкаў акадэміі.