• Навiны

Тэматычную выстава «Аляксей Яўлампавіч Туранкоў – кампазітар і педагог»

29.01.2026

Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляе тэматычную выставу «Аляксей Яўлампавіч Туранкоўкампазітар і педагог»: да 140-годдзя з дня нараджэння (21.01.1886 ̶ 27.09.1958) савецкага беларускага кампазітара, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларускай ССР (1940).

Аляксей Яўлампавіч Туранкоў прадстаўнік старэйшага пакалення беларускіх кампазітараў, адзін з заснавальнікаў прафесійнай музычнай творчасці. Унёс вялікі ўклад у развіццё духоўнай і свецкай харавой музыкі Беларусі і ўвайшоў у гісторыю беларускай музычнай культуры як таленавітая і непаўторная творчая асоба.

А. Я. Туранкоў нарадзіўся ў Санкт-Пецярбурзе. У 1914 годзе ён скончыў Пецярбургскую кансерваторыю па класе кампазіцыі, быў вучнем кампазітараў Аляксея Лядава і Мікалая Сакалова.

Яшчэ ў дзяцінстве бацька прывіў хлопчыку пашану да царквы і любоў да музыкі, што ў будучыні адбілася на яго творчасці. За час навучання ў кансерваторыі паспеў напісаць і апублікаваць больш за сорак твораў для царкоўнага хору і быў вельмі запатрабаваным кампазітарам у царкоўных колах. Духоўныя творы А. Я. Туранкова ўвасобілі стыль “Новай Пецярбургскай школы”, якая аказала значны ўплыў на праваслаўную традыцыю беларускай музыкі

З 1918 года А. Я. Туранкоў жыў і працаваў у Гомелі. Быў адным з арганізатараў і настаўнікаў харавой студыі і музычнага гуртка, якія праз некалькі гадоў сталі Гомельскім музычным вучылішчам. Найбольш значнымі творчымі дасягненнямі гэтага перыяду сталі “Беларуская сюіта” ў 4-х частках, аснову якой склалі беларускія народныя песні, “Беларуская фантазія” для сімфанічнага аркестра, хоры “Рабочы палац”, “Кавачы”, “Песня кузні”.

У 1934 годзе кампазітар пераехаў у Мінск, а ў 1938 годзе быў абраны дэпутатам Вярхоўнай Рады БССР. Галоўным творам даваеннага перыяду з’яўляецца опера “Кветка шчасця”, пастаўленая на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве ў 1940 годзе. Пасля за яе кампазітар быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

А. Я. Туранкоў быў адным з пачынальнікаў жанраў хору, раманса і масавай песні ў беларускай музыцы. З’яўляўся аўтарам вялікай колькасці музычных твораў, у тым ліку опер, балетаў, сюіт, кантат, аркестравых твораў, рамансаў, песень на вершы на вершы Я. Купалы, М. Багдановіча, М. Танка, Л. Ашаніна, М. Рыльскага, Я. Далматоўскага, М. Матусоўскага і іншых вядомых савецкіх паэтаў. Таксама пісаў музыку да драматычных спектакляў і кінафільмаў («Вогненныя гады», «Сям’я Януш»), быў аўтарам апрацовак беларускіх і рускіх народных песень для голасу з фартэпіяна, змешанага хору, аркестра беларускіх народных інструментаў, секстэта домр, баяна. За гады творчасці кампазітар напісаў больш за 600 твораў розных жанраў.

Сярод апошніх буйных музычна-тэатральных твораў А. Туранкова – опера “Яснае світанне” і балет для дзяцей “Лясная казка”, інструментоўку якога кампазітар, на жаль, не паспеў завяршыць.

На выставе прадстаўлена энцыклапедычная і навуковая літаратура, нотныя выданні з сачыненнямі кампазітара, аўдыёматэрыялы і фотадакументы.

Экспазіцыя размешчана на 6 паверсе Ліфтавога хола навучальнага корпуса № 3 (вул. П. Броўкі, 22) з 26 студзеня па 17 сакавіка 2026 года.