• Навiны

Тэматычнаю выстава «Глазуноў Аляксандр Канстанцінавіч – кампазітар, дырыжор».

27.10.2025

Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў рамках культурна-асветніцкага праекта – тэлемост “Прысвячэнне Глазунову”, прымеркаванага да 160-годдзя з дня нараджэння рускага кампазітара (1865-1936), прадстаўляе тэматычную выставу «Глазуноў Аляксандр Канстанцінавіч – кампазітар, дырыжор».

Аляксандр Канстанцінавіч Глазуноў – кампазітар, дырыжор, педагог, музычна-грамадскі дзеяч, дырэктар, потым рэктар Пецярбургскай кансеваторыі (1905-1928 гг.), доктар музыкі Кембрыджскага і Оксфардскага ўніверсітэтаў (1907 г.), ганаровы член Санкт-Пецярбургскага аддзялення Імператарскага Рускага музычнага таварыства (1909 г.), заслужаны прафесар Пецярбургскай кансерваторыі (1912 г.), народны артыст РСФСР (1922 г.).

Адораны выдатнымі здольнасцямі, ён ствараў радасную, светлую і гарманічную музыку дастойную захаплення. Нездарма яго параўноўвалі з Лістам і Вагнерам і, акрамя гэтага, лічылі творчым пераемнікам Чайкоўскага. Асноўнае месца ў творчасці Глазунова займаюць жанры сімфанічнай музыкі.

Яскравым укладам у развіццё рускага сімфанізму з’яўляюцца яго 8 сімфоній. Таксама кампазітар напісаў 3 балета, інструментальныя сачыненні для аркестра, камерную музыку, струнныя квартэты, вакальныя творы, сачыненні для фартэпіяна і для хору з аркестрам.

Гады жыцця Глазунова былі запоўнены вялікай педагагічнай і арганізацыйнай працай. З’яўляючыся рэктарам Петраградскай кансерваторыі, ён адначасова шмат канцэртуе, удзельнічае ў правядзенні важных музычна-асветніцкіх мерапрыемстваў.

Імя Аляксандра Канстанцінавіча Глазунова і яго творчасць працягваюць жыць у культуры Расіі і міжнароднай прасторы да гэтага часу. Балеты «Раймонда» і «Поры года» да гэтага часу выконваюцца па ўсім свеце. У Мюнхене ёсць інстытут, які займаецца даследаваннем творчасці кампазітара, архіў яго партытур захоўваецца ў Парыжы.

На выставе прадстаўлены кнігі, манаграфіі, навукова-даследчыя нарысы, артыкулы з часопісаў, навуковых прац і зборнікаў пра жыццё і творчасць А. К. Глазунова, аўдыёзапісы твораў кампазітара, а таксама нотныя выданні, сярод якіх рэдкія выданні датаваныя канцом XIX стагоддзя. Асобую цікавасць уяўляе нотнае выданне з аўтографам Аляксандра Канстанцінавіча Глазунова, выдадзенае ў Лейпцыгу ў пачатку XX стагоддзя: «Moyen-Age: suite: 79».

Экспазіцыя выстаўкі размяшчаецца ў ліфтавым холе 6 паверха навучальнага корпуса №3 (вул. П. Броўкі, 22) з 17 кастрычніка 2025 г. па 10 студзеня 2026 г.