• Навiны

Тэматычная выстава “Служэнне музыцы – справа ўсяго жыцця”, падрыхтаваная ў рамках VIІ Рэспубліканскага фестывалю ім. Г. І. Жыхарава і да 110-годдзя з дня нараджэння (1915 – 1973)

21.11.2025

Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляе тэматычную выставу “Служэнне музыцы – справа ўсяго жыцця”, падрыхтаваную ў рамках VIІ Рэспубліканскага фестывалю ім. Г. І. Жыхарава і да 110-годдзя з дня нараджэння (1915 – 1973).

Георгій Іванавіч Жыхараў – адзін з самых яркіх прадстаўнікоў народна-інструментальнага мастацтва Беларусі. Выдатны музыка, лепшы выканаўца на балалайцы і домры, цудоўны педагог, таленавіты арганізатар і дырыжор, стваральнік вялікай колькасці музычных калектываў народных інструментаў.

Завяршыўшы навучанне ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі ў 1951 годзе, Георгій Іванавіч працаваў тут жа: вёў курсы інструментоўкі, чытання партытур, ансамблевага дырыжыравання. Вельмі плённымі былі гады яго кіраўніцтва кафедрай народных інструментаў (1963-1973 гг.). Узяўшы курс на павышэнне прафесійнай падрыхтоўкі маладых кадраў, Г. І. Жыхараў далучаў навучэнскую моладзь да пастаяннай выканальніцкай практыцы. Штогод ладзіліся кафедральныя выканальніцкія конкурсы, творчыя камандзіроўкі ў музычныя ВНУ СССР.

Кафедра ператварылася ў сапраўдны цэнтр музычнай культуры: з’явіліся навучальныя калектывы (баянны і цымбальны аркестры), актывізавалася выканальніцкая дзейнасць выкладчыкаў, узніклі творчыя калектывы педагогаў (квартэт баяністаў, актэт балалаек).

Шматлікія выпускнікі класа Георгія Іванавіча Жыхарава склалі аснову кадравага патэнцыялу народна-інструментальнай культуры Беларусі, яго залаты фонд. Сярод іх: заслужаныя артысты Беларусі Л. Смялкоўскі, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Г. Асмалоўская, дацэнты В. Шчарбак, Л. Чарняк, лаўрэат міжнародных конкурсаў дацэнт М. Марэцкі, заслужаныя работнікі культуры В. Перацяцько, Л. Іваноў, М. Лісіцын, заслужаны настаўнік БССР М. Фалейчык і многія іншыя.

Творчая спадчына Георгія Іванавіча – найважнейшы складнік нацыянальнай музычнай культуры. У аўтарскім фондзе Г. І. Жыхарава больш за 300 аркестравых, ансамблевых партытур, твораў сола і з акампанементам фартэпіяна для розных народных інструментаў. Гэта апрацоўкі народных песень, інструментоўкі і аранжыроўкі для рускага аркестра народных інструментаў, баяннага, балалаечнага, цымбальнага аркестраў.

На выставе прадстаўлена энцыклапедычная і навуковая літаратура пра жыццё і творчасць Г. І. Жыхарава, успаміны калег і яго паслядоўнікаў, нотныя дакументы, фота- і аўдыёматэрыялы з фонду бібліятэкі. Асаблівую цікавасць уяўляюць неапублікаваныя рукапісныя матэрыялы рэдакцый і інструментоўкі твораў для ансамбляў і аркестра народных інструментаў, зробленыя Георгіем Іванавічам Жыхаравым у 1938-1969 гг.

Выстаўка размяшчаецца ў вестыбюлі другога паверха навучальнага корпуса № 2 (вул. Камуністычная, 9) з 21 лістапада 2025 г. па 12 снежня 2025 г.