• Навiны

Тэматычная выстава «Пётр Пятровіч Падкавыраў – беларускі кампазітар, педагог», прымеркаваную да 115-годдзя з дня нараджэння (1910–1977)

27.10.2025

Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прапануе тэматычную выставу «Пётр Пятровіч Падкавыраў – беларускі кампазітар, педагог», прымеркаваную да 115-годдзя з дня нараджэння (1910–1977) класіка беларускай музыкі, члена Саюза кампазітараў БССР, дацэнта кафедры кампазіцыі Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР П. П. Падкавырава.

Музычная адукацыя будучага кампазітара пачалася са спеваў у школьным хоры і заняткаў на скрыпцы ў касцёльнага арганіста. Потым – вучоба у свярдлоўскім музычным тэхнікуме. У гэты час з’явіліся першыя творы П. Падкавырава – рамансы для голасу з фартэпіяна.

У 1933 г. Петр Пятровіч стаў студэнтам Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, а ў 1935 г. прыняты ў Саюз кампазітараў БССР.

П. Падкавыраў быў уражаны аўтэнтычнай прыгажосцю беларускага музычнага фальклору і беларускага слова, таму з вялікім энтузіязмам займаўся апрацоўкамі беларускіх народных песень і танцаў, звяртаўся да творчасці айчынных паэтаў, пісаў рамансы і песні на словы Я. Купалы, Я. Коласа, М. Танка, П. Панчанкі, П. Глебкі, А. Астрэйка, Э. Агняцвет.

У гады Вялікай Айчыннай вайны П. Падкавыраў знаходзіўся ў эвакуацыі ў горадзе Майкоп. Пасля вяртання ў Мінск ваенная і партызанская тэматыка сталі аднымі з галоўных у творчасці кампазітара. Адным з найбольш яркіх твораў пасляваеннага часа стаў цыкл «Дваццаць чатыры прэлюдыі» для фартэпіяна, які прысвечаны першаму выканаўцу і сябру, беларускаму піяністу М. Бергеру. Таксама кампазітар пачынае працу над операй «Павел Карчагін», першая рэдакцыя якой была страчана падчас вайны. У 1962 г. опера была запісана на Беларускім радыё, а ў 1967 яна ўпершыню ўбачыла святло рампы.

У Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі П. Падкавыраў выкладаў музычна-тэарэтычныя дысцыпліны і кампазіцыю. Выпускнікі яго класа – вядомыя беларускія кампазітары: В. Іваноў, А. Залётнеў, В. Карэтнікаў, Л. Мурашка.

П. Падкавыраў плённа працаваў у розных жанрах, але найбольш ярка творчая індывідуальнасць праявілася у сферы сімфанічнай і камерна-інструментальнай музыкі. Тры сімфоніі, канцэрты, фартэпіянны квінтэт, 5 струнных квартэтаў: санаты для фартэпіяна, 24 прэлюдыі, праграмныя п’есы – усё гэта невялікая частка той спадчыны, якую пакінуў нам адзін з першых класікаў беларускай савецкай музыкі.

На выставе прадстаўлены навуковыя выданні, манаграфіі, артыкулы беларускіх даследчыкаў, аб жыцці і творчасці П. Падкавырава, нотныя выданні, фотаздымкі, аўдыавізуальныя дакументы.

Экспазіцыя выставы размяшчаецца ў Ліфтавым холе 6 паверха навучальнага корпуса №3 (вул. П. Броўкі, 22) з 14 кастрычніка 2025 г. па 15 студзеня 2026 г.