• Навiны

Тэматычная выстава “Кампазітар, дырыжор, педагог, класік беларускай вакальнай лірыкі – Станіслаў Манюшка”: да 205-годдзя з дня нараджэння (1819-1872)

21.05.2024

Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляе тэматычную выставу Кампазітар, дырыжор, педагог, класік беларускай вакальнай лірыкі – Станіслаў Манюшка”: да 205-годдзя з дня нараджэння (1819-1872).
У 2024 годзе музычны свет адзначае 205-годдзе з дня нараджэння выдатнага творцы XIX стагоддзя Станіслава Манюшкі – кампазітара, арганіста, педагога, дырыжора, музычна-грамадскага дзеяча, які ўнес важкі ўклад у развіцце беларускай, польскай, літоўскай і рускай музычных культур.

Нарадзіўся Станіслаў Манюшка 5 мая 1819 года ў былым маёнтку Убель Ігуменскага павета Мінскай губерніі (цяпер Чэрвеньскі раён). Там сярод цудоўнай прыроды прайшло яго дзяцінства. Будучы кампазітар з захапленнем слухаў і запамінаў песні сялян, і таму беларускія матывы дамінуюць ва ўсіх творах майстра, асабліва ранніх. Рыгор Шырма, вядомы музычны дзеяч пісаў: “Такое багацце песенных і народных інтанацый, што часам ствараецца ўражанне, што ты недзе пад Слуцкам ці каля Мінска прысутнічаеш на народным свяце”. Сучаснікі называлі С. Манюшку “кампазітарам-песеннікам”, ім было напісана больш за 300 песень ў народным духу на словы А. Міцкевіча, Я, Чачота, В. Сыракомлі, А. Адзінца і Т. Зана. Асаблівую каштоўнасць для музычнага мастацтва маюць харавыя кантаты “Мілда”, “Ніела”, “Мадонна”, “Крымскія санеты” , “Прывіды”.

У цэлым кампазітар стварыў 20 опер і аперэт, тры балета, два рэквіемы, найбольш значнымі з якіх сталі “Галька”, “Страшны двор”, “Сялянка” (“Ідылія”).

У цяперашні час назіраецца ўзрастаючы інтарэс да творчасці С. Манюшкі з боку музыкаў: яго творы выконваюцца па ўсім свеце, уключаючы Беларусь, Польшчу, Расію, ЗША, Турцыю, Румынію, Кубу, Мексіку, Японію.

3 верасня 2016 г. у Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка стваральнікам беларускай нацыянальнай класічнай оперы – кампазітару Станіславу Манюшку і драматургу Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу. У гонар кампазітара названы вуліцы ў многіх гарадах Польшчы, а таксама Мінску, Гродне, Смалявічах. У красавіку 2023 года на базе Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прайшоў Рэспубліканскі адкрыты конкурс вакалістаў імя  С. Манюшкі.

На выставе прадстаўлены матэрыялы міжнародных навуковых канферэнцый, навукова-папулярныя і літаратурна-мастацкія выданні, манаграфіі па гісторыі мастацтва і краязнаўства, артыкулы вядомых беларускіх, а таксама замежных даследчыкаў творчасці С. Манюшкі, нотныя выданні і аўдыёвізуальныя дакументы музычных твораў кампазітара.

Экспазіцыя размяшчаецца ў фае Вялікай залы навучальнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 20 мая па 10 верасня 2024 года.