• Навiны

тэматычная выстава «Джавані П’ерлуіджы да Палестрына – вялікі майстар паліфаніі: да 500-годдзя з дня нараджэння» (1525-1594)

01.12.2025

Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляе тэматычную выставу «Джавані П’ерлуіджы да Палестрына – вялікі майстар паліфаніі: да 500-годдзя з дня нараджэння» (1525-1594), падрыхтаваную ў рамках Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Актуальныя пытанні сучаснага музычнага мастацтва: на скрыжаваннях жанраў».

Джавані П’ерлуіджы ды Палестрына – італьянскі кампазітар, адзін з самых знакамітых у музыцы позняга Адраджэння, найбольш значны прадстаўнік Рымскай школы музыкі.

Шырокая спадчына кампазітара адзначана найвышэйшым майстэрствам і глыбокай змястоўнасцю. Музыка Дж. П. Палестрыны амаль цалкам ск

анцэнтравана ў галіне духоўных жанраў: ён аўтар 105 мес, больш за 375 матэтаў, 68 аферторыяў, 65 гімнаў, літаній, ламентацый. Найбольш каштоўным у яго духоўнай спадчыне з’яўляюцца імшы – у іх можна ў поўнай меры ацаніць неверагодную фантазію і вынаходлівасць кампазітара. Дж. П. Палестрына выкарыстоўвае самыя разнастайныя прыёмы пабудовы формы, але кожны раз музыка аказваецца глыбокай, натуральнай і мілагучнай.

Творчасць кампазітара засталася ў гісторыі музыкі як непераўзыдзены ўзор паліфанічнага майстэрства: на працягу наступных стагоддзяў яго музыка стала ўзорнай мадэллю ў практыцы навучання музыкантаў мастацтву паліфаніі.

На выстаўцы прадстаўлены энцыклапедычныя выданні, падручнікі, манаграфіі, навукова-даследчыя нарысы, артыкулы з часопісаў, навуковых прац і зборнікаў пра жыццё і творчасць Джавані П’ерлуіджы ды Палестрыны, нотныя выданні і аўдыёзапісы твораў кампазітара.

28 лістапада выстава з поспехам прайшла ў завяршэнні Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі на гісторыка-культурным і адукацыйным праекце «Дзень Палестрыны» (да 500-годдзя нараджэння вялікага кампазітара)».

З 29 лістапада 2025 г. па 26 студзеня 2026 г. экспазіцыя размяшчаецца ў ліфтавым холе 6 паверха навучальнага корпуса №3 (вул. П. Броўкі, 22).