• Навiны

Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляе тэматычную выставу “Музыка і выяўленчае мастацтва”: да Міжнароднага дня музеяў. (18.05.2024)

25.04.2024

Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляе тэматычную выставу “Музыка і выяўленчае мастацтва”: да Міжнароднага дня музеяў. (18.05.2024).

Міжнародны дзень музеяў – штогадовае свята, якое адзначаецца 18 мая. Ён з’явіўся ў календары ў 1977 годзе, калі на чарговым пасяджэнні Міжнароднай рады музеяў (International Council of Museums, ICOM) была прынята  прапанова расійскай арганізацыі аб заснаванні гэтага культурнага свята. З 1978 года Міжнародны дзень музеяў стаў адзначацца ва ўсім свеце. Захаванне вопыту, абмен ведамі, развіццё ўзаемаразумення і ўзаемапавагі паміж прадстаўнікамі розных культур – ключавыя задачы гэтага свята.

З даўніх часоў музыка звязана з выяўленчым мастацтвам, а Леанарда да Вінчы называў яе “сястрой жывапісу”. Жывапіс і музыка маюць шмат агульнага, неглядзячы на тое, што з’яўляюцца рознымі сродкамі адлюстравання. Адна з самых значных паралеляў паміж жывапісам і музыкай – гэта выкарыстанне колеру і тону для стварэння настрою і эмоцый. Таму нярэдка карціны натхняюць кампазітараў на стварэнне новых твораў і цэлых канцэртаў, у сваю чаргу, натхнёныя музыкай мастакі ствараюць карціны, якія адлюстроўваюць на палатне эмоцыі і пачуцці, якія выклікае ў іх музыка.

На выставе прадстаўлены кнігі і артыкулы мастацтвазнаўцаў і музыказнаўцаў, чые навуковыя інтарэсы – даследаванне паралеляў і ўзаемадзеяння двух мастацтваў: жывапісу і музыкі. Асноўную частку выставы займаюць нотныя выданні твораў кампазітараў, якія былі напісаны пад уражаннем ад карцін вядомых мастакоў, і творы, пад уплывам якіх былі напісаны карціны. Выстава дапоўнена аўдыёвізуальнымі дакументамі.

Экспазіцыя выставы размяшчаецца ў навучальным корпусе № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) у 140 каб. З 24 красавіка па 30 мая 2024 года.