Кафедра струнных народных інструментаў

Гісторыя кафедры струнных народных інструментаў

Дзейнасць аддзялення народных інструментаў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі пачалася ў 1937 годзе, калі быў адкрыты клас народных інструментаў, у якім навучаліся некалькі студэнтаў па спецыяльнасцях цымбалы, баян, домра і балалайка. У 1939 годзе на Усесаюзным конкурсе выканаўцаў на народных інструментах вялікага поспеху дабіліся цымбалісты І. Жыновіч (II прэмія), А. Астрамецкі (III прэмія), дамрыст М. Лысенка (III прэмія) і балалаечнік Г. Жыхараў (дыплом). У 1945 году працягнулася дзейнасць класа народных інструментаў, перапыненая вайной з фашысцкай Германіяй.

У 1949 годзе была арганізавана кафедра народных інструментаў, якую ўзначаліў выдатны цымбаліст-віртуоз, заснавальнік беларускай прафесійнай цымбальнай школы, мастацкі кіраўнік і дырыжор дзяржаўнага народнага аркестра БССР Іосіф Іосіфавіч Жыновіч, удастоены пазней ганаровага звання Народны артыст. На педагагічную работу на кафедры былі запрошаны адораныя выпускнікі: Георгій Іванавіч Жыхараў (балалайка, домра), Эльфрыда Мікалаеўна Азарэвіч (баян), Самуіл Львовіч Ратнер (дырыжыраванне). Папаўненне і пашырэнне складу кафедры ў асноўным адбывалася дзякуючы запрашэнню на работу найбольш таленавітых выпускнікоў: Паўла Карлавіча Пагоцкага (клас домры, балалайкі, гітары, ансамбля), Леаніда Аляксандравіча Смялкоўскага (домра), Галіны Віктараўны Асмалоўскай (домра), баяністаў Эдуарда Міхайлавіча Савіцкага, Генадзя Мікалаевіча Мандруса, Валянціна Аляксеевіча Чабана, Таццяны Пятроўны Брагінец, Валянціны Пятроўны Пісарчык, Роберта Міхайлавіча Назаранкі, Уладзіміра Фёдаравіча Савіцкага, Мікалая Вікенцьевіча Прошкі (балалайка) і крыху пазней – Яўгена Пятровіча Гладкова (цымбалы), Валянціна Міхайлавіча Шчарбака (балалайка), Элеаноры Мікалаеўны Скуратавай (акардэон). Пасля І.І. Жыновіча кафедрай таленавіта і плённа кіравалі такія вядомыя музыканты, як дацэнт Г.І. Жыхараў і заслужаны дзеяч культуры БССР, прафесар Міхаіл Рыгоравіч Солапаў (баян). У канцы 1960-х гадоў быў адкрыты клас акардэона, у 1977 годзе – гітары, у 2005 годзе – мандаліны. Адкрытая ў 1968 годзе асістэнтура-стажыроўка забяспечыла падрыхтоўку для кансерваторыі выкладчыкаў вышэйшай кваліфікацыі.

Пасля 1968 года ў склад кафедры ўвайшла цэлая плеяда маладых спецыялістаў: Таццяна Пятроўна Сяргеенка (цымбалы), Таццяна Віктараўна Ялецкая (Чанцова) (цымбалы), Мікалай Мікалаевіч Марэцкі (домра, мандаліна), Леанід Іванавіч Чарняк (домра), Рыма Уладзіміраўна Падойніцына, Валерый Серафімавіч Жывалеўскі (гітара), Яўген Міхайлавіч Грыдзюшка (гітара), Марына Віктараўна Ільіна (балалайка), Ларыса Леанідаўна Рыдлеўская (цымбалы), Павел Аляксандравіч Бельскі (гітара), Вераніка Аляксандраўна Прадзед (цымбалы).

Разам з вучэбна-выхаваўчай, навукова-даследчай, творчай і метадычнай работай асаблівае месца займала і канцэртна-выканальніцкая дзейнасць прафесарска-выкладчыцкага састава і студэнцтва. Мінулыя пакаленні заклалі выканальніцкія традыцыі, якія пастаянна развіваліся на працягу ўсіх гадоў і яшчэ больш актывізаваліся пасля раздзялення кафедры народных інструментаў у 1980 годзе на кафедру баяна і акардэона (загадчык кафедры – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, прафесар Мікалай Іванавіч Сеўрукоў) і кафедру струнных народных інструментаў (загадчык кафедры – народны артыст Беларусі, прафесар Яўген Пятровіч Гладкоў). Кафедра струнных народных інструментаў у сваёй дзейнасці вызначыла два галоўныя напрамкі: павышэнне выканальніцкага ўзроўню студэнцтва ў сольным і ансамблевым выканальніцтве і распрацоўка праблем тэорыі выканальніцтва і методыкі навучання. Выкладчыкамі кафедры вядзецца актыўная падрыхтоўка студэнтаў да ўдзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Больш за 60 разоў прадстаўнікі кафедры станавіліся прызёрамі гэтых спаборніцтваў: прафесара Я.П. Гладкоў, Г.У. Асмалоўская, В.С. Жывалеўскі, дацэнты М.М. Марэцкі, Л.І. Чарняк, Я.М. Грыдзюшка, Т.В. Ялецкая, Р.У. Падойніцына, кандыдат мастацтвазнаўства В.М. Шчарбак, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Л.Л. Рыдлеўская, выкладчыкі П.А. Бельскі, В.А. Прадзед, Н.А. Корсак.

За некалькі апошніх дзесяцігоддзяў шэраг студэнтаў сталі лаўрэатамі і дыпламантамі многіх міжнародных конкурсаў. Сярод пераможцаў прэстыжных конкурсаў:

  • 1992 год – цымбалістка Ларыса Рыдлеўская выйграла конкурс і атрымала гран-пры на I міжнародным конкурсе «Кубак Поўначы» ў Чарапаўцы (Расія);
  • 1994 год – цымбалісткі Святлана Загуменкіна і Людміла Мікольская перамаглі на II міжнародным конкурсе «Кубак Поўначы» ў Чарапаўцы (Расія);
  • 1998 год – гітарыст Ян Скрыган перамог на міжнародным конкурсе гітарыстаў у Крыніцы (Польшча), цымбаліст Міхаіл Лявончык на міжнародным конкурсе імя І. Хаткевіча ў Харкаве (Украіна);
  • 1999 год – цымбалістка Вольга Скобеюс стала пераможцай конкурсу выканаўцаў на цымбалах у Валашску Мезіржычы (Чэхія);
  • 2000 год – выйгралі конкурс і атрымалі гран-пры мандаліністка Кацярына Пракопчык на конкурсе «Рафаэле Калачэ» ў Балонні (Італія) і цымбаліст Міхаіл Лявончык на IV міжнародным конкурсе «Кубак Поўначы» ў Чарапаўцы (Расія), у гэтым жа конкурсе перамаглі Ян Скрыган (гітара) і Кацярына Анохіна (цымбалы);
  • 2001 год – пераможцам і ўладальнікам гран-пры на конкурсе камерных ансамбляў у Пшэмыслі (Польшча) стаў дуэт Яна Скрыгана (гітара) і Кацярыны Пракопчык (мандаліна);
  • 2002 год – пераможцам конкурсу і ўладальнікам прыза за лепшае выкананне твораў Дж. Дзюарта стала гітарыстка Наталля Ліпніцкая на конкурсе імя Дж. Дзюарта ў Русце (Аўстрыя);
  • 2003 год – пераможцам I Міжнароднага конкурсу імя І. Жыновіча ў Мінску стала студэнтка цымбалістка Аксана Хахол;
  • 2004 год – пераможцам Х Міжнароднага конкурсу гітарыстаў імя Ч. Драздзевіча ў Крыніцы (Польшча) стаў гітарыст Павел Кухта; пераможцай Міжнароднага конкурсу выканаўцаў на шматструнных інструментах імя В. Гарадоўскай у Маскве (Расія) – цымбалістка Вольга Гардзей; пераможцай V Міжнароднага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах “Кубак Поўначы” ў Чарапаўцах (Расія) стала цымбалістка Галіна Лазавік;
  • 2006 год – пераможцай VI Міжнароднага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах “Кубак Поўначы” ў Чарапаўцах (Расія) стала цымбалістка Таццяна Сушчэня;
  • 2007 год – пераможцай II Міжнароднага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І. Жыновіча ў намінацыі «домра, мандаліна, балалайка» ў Мінску стала дамрыстка Наталля Корсак, пераможцай IV Міжнароднага конкурсу выканаўцаў на шматструнных народных інструментах у Пскове (Расія) стала цымбалістка Кацярына Васількова.

Актыўна канцэртуюць студэнцкія ансамблі цымбалістаў, гітарыстаў, дамрыстаў і балалаечнікаў. З 1968 г. пачаў сваю творчую дзейнасць пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Я.П. Гладкова ансамбль цымбалістаў “Лілея”. Цудоўнымі канцэртамі ў канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі ансамбль адзначыў у красавіку 2011 года сваё 45-годдзе, а ў 2016 годзе – 50-годдзе.

З мэтай удасканалення метадаў навучання прадпрымаецца выданне навучальных дапаможнікаў. Пачатак быў пакладзены ў 1948 годзе выданнем “Школы для цымбал” І.І. Жыновіча. Гэты напрамак работы актывізуецца з 1970-х гадоў, выдаюцца навукова-метадычныя работы, якія значна ўзбагацілі тэарэтычную аснову народна-інструментальнага мастацтва. Сярод іх – “Удасканаленне прыёмаў гукаатрымання і артыкуляцыі на беларускіх цымбалах” (1976) і “Школа ігры на цымбалах” (1983) Я.П. Гладкова; «Актывізацыя музычнага слыху пры навучанні ігры на домры» (1981) і «Навучанне ігры на домры. Пытанні тэорыі і методыкі» (2001) Г.У. Асмалоўскай; “Прынцыпы фарміравання выканальніцкага апарату балалаечніка” (1981) і “Школа ігры на балалайцы” (1997) В.М. Шчарбака (у 2002 годзе ён паспяхова абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата мастацтвазнаўства). Выкладчыкамі кафедры публікуюцца нотныя зборнікі для гітары (склад. – В.С. Жывалеўскі, Я.М. Грыдзюшка), цымбал (склад. – А.П. Гладкоў, Т.П. Сяргеенка, Р.У. Падойніцына), домры (склад. – Г.У.Асмалоўская). Члены кафедры сталі ініцыятарамі заснавання рэспубліканскіх прафесійных асацыяцый: у 1992 годзе заснавана Асацыяцыя дамрыстаў і мандаліністаў (старшыня – Г.В. Асмалоўская), у 1997 годзе – Асацыяцыя цымбалістаў (старшыня – Я.П. Гладкоў). Праца гэтых асацыяцый садзейнічае развіццю сувязей паміж музыкантамі ў рэспубліцы і за яе межамі. Так, з 1997 года Асацыяцыя беларускіх цымбалістаў пры падтрымцы і практычнай дапамозе Беларускага саюза музычных дзеячаў рэгулярна, адзін раз на два гады, праводзіць рэспубліканскія фестывалі “Срэбны звон цымбал” на базе Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М. Агінскага.

У красавіку 2008 года Беларускім саюзам музычных дзеячаў і Асацыяцыяй беларускіх дамрыстаў і мандаліністаў на базе Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі арганізоўвалася II Рэспубліканская мандалінная сесія, у рамках якой праводзілі майстар-класы прафесара з Германіі М. Вільдэн-Хюсген (мандаліна) і М.Штраус (гітара) пры ўдзеле Я. Пракопчык (мандаліна) і Я. Скрыгана (гітара). Кафедра актыўна падтрымлівае правядзенне рэспубліканскіх конкурсаў, фестываляў, канферэнцый, мэтай якіх з’яўляецца захаванне і развіццё нацыянальнай музычнай культуры, павышэнне прафесійнага ўзроўню выканальніцтва на народных інструментах, абуджэнне цікавасці слухачоў, музычнай грамадскасці да вытокаў нацыянальнай музычнай культуры. Так, у снежні 2005 года праходзіў ІІІ Рэспубліканскі фестываль, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння аднаго з заснавальнікаў беларускага народна-інструментальнага мастацтва Г.І. Жыхарава (1915–1973). У рамках фестывалю быў праведзены шэраг мерапрыемстваў – конкурс маладых выканаўцаў, юбілейныя навуковыя чытанні, канцэртныя выступленні ансамбляў і аркестраў. У лістападзе 2010 года прайшоў IV Рэспубліканскі фестываль памяці Г.І. Жыхарава, у лістападзе 2015 года арганізоўваўся V Рэспубліканскі фестываль, прысвечаны 100-годдзю з дня яго нараджэння.

У маі 2007 года адбылася навукова-практычная канферэнцыя і вялікі юбілейны канцэрт, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння І.І. Жыновіча (1907–1974). У маі 2015 года ў Лідзе праводзіўся VII Рэспубліканскі адкрыты конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя І.І. Жыновіча па намінацыях “Баян”, “Акардэон”, “Цымбалы”, “Балалайка”, “Домра-мандаліна”, “Гітара” (падрабязней гл. тут).

pic pic pic