Кафедра баяна і акардэона

Гісторыя кафедры баяна і акардэона

У 1949 годзе была створана кафедра народных інструментаў, якую ўзначаліў выдатны цымбаліст-віртуоз, заснавальнік беларускай прафесійнай цымбальнай школы, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага аркестра БССР Іосіф Іосіфавіч Жыновіч, якому пазней прысвоілі званне Народнага артыста СССР, вучонае званне прафесара і Дзяржаўную прэмію БССР. На педагагічную працу на кафедры былі запрошаны адораныя выпускнікі: Георгій Іванавіч Жыхараў (балалайка, домра), Эльфрыда Мікалаеўна Азарэвіч (баян), Самуіл Львовіч Ратнер (дырыжыраванне). Паступова адкрываліся класы акардэона, гітары, факультатыўна асвойвалася мандаліна. Папаўненне і пашырэнне складу кафедры ў асноўным адбывалася дзякуючы запрашэнню на працу найбольш таленавітых выпускнікоў: Паўла Карлавіча Пагоцкага (клас домры, балалайкі, гітары, ансамбля), Леаніда Аляксандравіча Смялкоўскага, Галіны Віктараўны Асмалоўскай (домра), Эдуарда Міхайлавіча Лембовіча, Рыгора Міхайлавіча Грышаева, Валянціна Аляксеевіча Чабана, Генадзя Мікалаевіча Мандруса, Роберта Міхайлавіча Назаранкі, Уладзіміра Фёдаравіча Савіцкага, Таццяны Пятроўны Брагінец (баян).

Пазней у склад кафедры ўвайшлі выпускнікі Дзяржаўнага музычна-педагагічнага інстытута імя Гнесіных: лаўрэат Усесаюзнага фестывалю, аўтар твораў для балалайкі прафесар Мікалай Вікенцьевіч Прошка, прафесар Валянціна Пятроўна Пісарчык (баян), кандыдаты педагагічных навук, дацэнты Канстанцін Міхайлавіч Булыга (баян) і Элеанора Мікалаеўна Скуратава (акардэон), выпускнік Уральскай кансерваторыі імя М.І.Мусаргскага прафесар Барыс Васільевіч Сінецкі (баян) і іншыя.

Пасля І.І.Жыновіча кафедрай таленавіта і плённа кіравалі такія вядомыя музыканты, як дацэнт Георгій Іванавіч Жыхараў і заслужаны дзеяч культуры і мастацтваў Рэспублікі Беларусь, прафесар Міхаіл Рыгоравіч Солапаў.

Разам з вучэбна-выхаваўчай, навукова-даследчай, творчай і метадычнай работай асаблівае месца займала і канцэртна-выканальніцкая дзейнасць прафесарска-выкладчыцкага складу і студэнцтва.

Мінулыя пакаленні заклалі выканальніцкія традыцыі, якія пастаянна развіваліся на працягу ўсіх гадоў і яшчэ больш актывізаваліся пасля раздзялення кафедры народных інструментаў у 1980 годзе на кафедру баяна і акардэона (загадчык кафедры – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, прафесар Мікалай Іванавіч Сеўрукоў) і кафедру струнных народных інструментаў (загадчык кафедры – народны артыст Беларусі, прафесар Яўген Пятровіч Гладкоў).

Гэтымі кафедрамі праводзіліся тэматычныя, сольныя, ансамблевыя канцэрты ў Беларусі і за яе межамі. З сольнымі канцэртамі выступалі В.А.Чабан, Н.І.Сеўрукоў, І.А.Атраднаў, В.П.Пісарчык у складзе трыа баяністаў «Мінск», А.А.Шувалаў, І.М.Квашэвіч, Л.В.Скачко, С.М.Бельская, В.М.Плігаўка, А.С.Дараганаў і І.В.Дараганава (Каленчыц) у складзе дуэта «Экспрэсія».

На працу на кафедры за апошнія гады быў запрошаны шэраг маладых выкладчыкаў: Вольга Аляксандраўна Шаўчэнка, Аляксандр Аляксандравіч Шувалаў, Алена Мікалаеўна Валынец, Ігар Міхайлавіч Квашэвіч, Аляксей Сяргеевіч Дараганаў, Ірына Віктараўна Каленчыц, Святлана Міхайлаўна Бельская, Лідзія Віктараўна Скачко, Уладзіслаў Мікалаевіч Плігаўка, Сяргей Генадзьевіч Бутар. У чэрвені 2011 года кафедру ўзначаліў дацэнт Мірон Іванавіч Була, з 23 лістапада 2016 года загадвае кафедрай дацэнт Аляксандр Аляксандравіч Шувалаў.

Кафедрай вядзецца вялікая навукова-даследчая, творчая і метадычная работа. Доктарам мастацтвазнаўства з’яўляецца прафесар В.А.Чабан, кандыдатам мастацтвазнаўства – дацэнт Л.В.Скачко.

Пры актыўным удзеле кафедры праводзяцца рэспубліканскія конкурсы і фестывалі. За апошнія дзесяцігоддзі значна актывізаваўся ўдзел таленавітых студэнтаў у разнастайных міжнародных выканальніцкіх конкурсах.