• Навiны

Тэматычная выстава «Сінтэз навукі і мастацтва як аснова культурнага грамадства»: да Дня беларускай навукі

24.01.2024

Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляе тэматычную выставу «Сінтэз навукі і мастацтва як аснова культурнага грамадства»: да Дня беларускай навукі (28.01.2024).

Навука і мастацтва – гэта дзве галіны дзейнасці, якія суправаджаюць развіццё чалавецтва на ўсім працягу яго існавання, яны маюць розныя мэты, але разам ствараюць гарманічнае грамадства. Навука – гэта сістэматычнае даследаванне прыроды і грамадства, накіраванае на атрыманне новых ведаў і развіццё тэхналогій. Мастацтва – гэта творчы працэс, які адлюстроўвае пачуцці і эмоцыі чалавека, яго погляд на свет. Па меры развіцця навукі і тэхналогій, адносіны паміж мастацтвам і навукай аказваюць усё больш важкі ўплыў на грамадства. Вядомы нямецкі пісьменнік І. В. Гётэ пісаў: «Культуры ў роўнай меры патрэбны навука і мастацтва. Для таго, каб навука прыносіла людзям карысць і радасць, а не шкоду і гора, яна павінна быць цесна звязана з мастацтвам. І вучоны, і мастак узнаўляюць свет у імя галоўнай мэты – спасціжэння ісціны, прыгажосці і дабра».

Музыка з’яўляецца састаўной часткай мастацтва і існуе з часу стварэння свету ў выглядзе гукаў. Сёння музыка набывае новыя віды і формы, якія раней немагчыма было ўявіць, дзякуючы развіццю навуковых ведаў. Прыкладам можа служыць пранікненне цыфравізацыі ва ўсе сферы жыцця цяперашняга чалавека, ў тым ліку і ў вобласць музычнай дзейнасці. Музыкі выкарыстоўваюць камп’ютэрнае праграмаванне для стварэння сваіх твораў. У музыказнаўстве немагчыма пазбегнуць такіх паняццяў, як гісторыя, сацыялогія, культуралогія, эстэтыка, мова, нацыя, этнас, акустыка. Музычная навука з імі непарыўна звязана.

Аснову тэматычнай выставы складаюць фундаментальныя навуковыя выданні (манаграфіі, перыядычныя і серыяльныя выданні), публікацыі беларускіх музыказнаўцаў і даследаванні маладых вучоных. Таксама на выставе прадстаўлены навуковыя выданні Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі: навукова-тэарэтычны часопіс «Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі », Навуковыя працы Беларуская дзяржаўнай акадэміі музыкі, зборнікі навуковых артыкулаў, матэрыялы міжнародных навуковых канферэнцый. Асаблівую цікавасць уяўляе раздзел выставы прысвечаны гісторыі станаўлення беларускага музыказнаўства. Экспазіцыя дапоўнена фатаграфіямі вядомых прадстаўнікоў беларускай культуры, якія стаялі ля вытокаў узнікнення беларускай музычнай навукі.

Тэматычная выстава размяшчаецца ў фае Вялікай залы навучальнага корпуса № 1 (Інтэрнацыянальная, 30) з 23 студзеня па 18 сакавіка 2024 года.