Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляе тэматычную выставу «Чалавек–эпоха – Анатоль Васільевіч Багатыроў»: да 110-годдзя з дня нараджэння кампазітара (13.08.1913–19.09.2003).
Ёсць такое паняцце “Чалавек – эпоха”. Так называюць звычайна тых, хто прайшоў па зямлі, пакінуўшы не проста добры след, а праклаўшы шлях, па якім пасля пройдуць новыя пакаленні. Так, у музычнай культуры Беларусі такім незвычайным чалавекам быў Анатоль Васільевіч Багатыроў, імя якога сімвалізуе сабой цэлую эпоху. Яго мастацтва было сапраўдным імпульсам для беларускай музыкі.
А.В. Багатыроў – заслужаны артыст БССР (1940), заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1944), народны артыст БССР (1968), прафесар (1960), ганаровы член Міжнароднай Славянскай акадэміі навук, адукацыі, мастацтва і культуры (1996), ганаровы доктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (2002).
У вялікае мастацтва А. Багатыроў увайшоў з кантатай “Сказ пра Мядзведзіху” (1937) на вершы А. Пушкіна. Праз два гады з’явілася опера “У пушчах Палесся” паводле аповесці Я. Коласа “Дрыгва”, якая была пастаўлена на сцэне Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР у 1939 г. і паказана ў Вялікім тэатры СССР пад час Першай дэкады беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве (1940). За яе А.В. Багатырову прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР (1941). Значным дасягненнем з’явілася і кантата “Беларускія песні” (1967), дзе праявілася ўся шматграннасць таленту творцы. Яна была адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР (1969).
Анатоль Багатыроў — глыбока нацыянальны кампазітар, чый творчы вобраз сфарміраваўся пад непасрэдным уздзеяннем беларускага фальклору, уплывам паэзіі вядомых нацыянальных паэтаў: Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, П. Броўкі, Н. Гілевіча, А. Куляшова, М. Танка. Кампазітар таксама звяртаўся да паэзіі Г. Ахматавай, М. Лермантава, Т. Шаўчэнкі, У. Шэкспіра, С. Ясеніна. Музычныя творы А. Багатырова 1970–80-х гг. – кантанты “Малюнкі роднага краю”, “Юбілейная”, апрацоўкі беларускіх народных песень, камерная музыка – прасякнуты беларускай народна-песеннай інтанацыйнасцю, цеплынёй і выразным гукапісам. Наогул, яго оперы, кантаты, араторыя і хоры складаюць фундамент музычнай культуры Беларусі. У 1948–1962 гг. Анатоль Васільевіч займаў пасаду рэктара Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Ён паспяхова спалучаў творчую і педагагічную дзейнасць. Шырокая эрудыцыя, добрае веданне тэарэтычных і практычных асноў кампазітарскай тэхнікі, сімфанічнага і харавога пісьма, асаблівасцей музычнай драматургіі з’яўляліся непаўторнымі рысамі педагогікі Анатоля Багатырова. Сярод яго выхаванцаў – народныя артысты СССР і БССР Я. Глебаў, І. Лучанок, народныя артысты Беларусі Г. Вагнер, А. Мдзівані, Ю. Семяняка, Д. Смольскі, С. Картэс, заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларусі В. Войцік, Г. Сурус і інш. Самае каштоўнае ў яго вучнях тое, што ўсе яны выбралі свой шлях у кампазіцыі, выпрацавалі асаблівы почырк і знайшлі сваю тэму ў мастацтве. Шматгадовая творчая, педагагічная і грамадская дзейнасць заснавальніка нацыянальнай кампазітарскай школы, з’яўляецца прыкладам адданага служэння айчыннай музычнай культуры.
На выставе прадстаўлены кнігі, манаграфіі, артыкулы і даследчыя нарысы пра жыццёвы і творчы шлях А.В. Багатырова, нотныя выданні, аўдыёматэтыялы і фотадакументы.
Экспазіцыя размяшчаецца ў фае Вялікай залы навучальнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 23 жніўня па 10 лістапада 2023 года.