
Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі прапануе тэматычную выставу “Музычная навука ў кантэксце нацыянальнай культуры”, падрыхтаваную да Дня беларускай навукі, які ў 2026 годзе адзначаецца 25 студзеня.
Музычная культура Беларусі ўяўляе сабою ўнікальную з’яву ў скарбніцы агульначалавечых каштоўнасцей. Яна вылучаецца яркай самабытнасцю, нацыянальным каларытам і ахоплівае практычна ўсе накірункі – ад народнай творчасці да суперсучанага авангарда. Гэта найбагацейшы рэсурс для развіцця беларускага музыказнаўства, фалькларыстыкі і філасофіі музыкі, цэнтрамі вывучэння якіх з’яўляюцца Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі і ўстановы адукацыі, такія як Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, а таксама музычныя падраздзяленні ў класічных ўніверсітэтах, дзе вядзецца навуковая праца па вывучэнні і захаванні нацыянальнай музычнай спадчыны, што фарміруе магутную базу для навуковай і адукацыйнай дзейнасці.
На выставе прадстаўлены навуковыя выданні Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, а таксама фундаментальныя выданні асноўных цэнтраў вывучэння музычнай культуры Беларусі, публікацыі вядомых музыказнаўцаў і маладых навукоўцаў, чые навуковыя інтарэсы звязаны з гісторыяй народнай, царкоўнай (духоўнай) і свецкай прафесійнай музыкі, станаўленнем харавых традыцый, выканальніцкім мастацтвам, самабытным фальклорам і ўзаемадзеяннем з агульнаеўрапейскімі музычнымі працэсамі.
Экспазіцыя размяшчаецца ў ліфтавым холе 6 паверха вучэбнага корпуса № 3 (вул. П. Броўкі, 22) з 23 студзеня па 20 красавіка 2026 года.
