Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляе тэматычную выставу “Мінск – сталіца маёй краіны”, прымеркаваную да 50-годдзя прысваення ганаровага звання “Мінск – “Горад-герой” (1974) і 525-годдзя атрымання Мінскам Магдэбургскага права.
У гэтым годзе сталіца Рэспублікі Беларусь горад Мінск адзначае 957 гадоў з даты першай летапіснай згадкі 3 сакавіка 1067 года ў “Аповесці мінулых гадоў”. 525 гадоў таму, 14 сакавіка 1499 года, вялікі князь Вялікага княства Літоўскага Аляксандр Ягелончык сваёй граматай дараваў гораду Магдэбургскае права. Мінск атрымаў права ствараць уласны орган самакіравання – магістрат, засноўваць гарадскі герб (1591 г.), чым падкрэслівалася яго незалежнасць ад княжацкай або каралеўскай улады і сцяг горада. Акрамя таго, Магдэбургскае права значна палепшыла эканамічнае развіццё сталіцы, а таксама істотна пашырыла яе межы, вызваліла грамадзян ад шматлікіх феадальных павіннасцей.
Мінск мае і сваю гераічную гісторыю, якая сыходзіць углыб стагоддзяў. За час свайго існавання горад не раз перажываў мноства войн. Але ворагі заўсёды атрымлівалі дастойны адпор. У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Мінска было арганізавана падпольнае супраціўленне, якое не мае аналагаў па колькасці ў свеце. За 1100 дзён было праведзена каля 1500 дыверсій. Амаль уся гітлераўская інфраструктура была знішчана.
За выдатныя заслугі перад Радзімай, мужнасць і гераізм, праяўленыя працаўнікамі горада Мінска ў барацьбе супраць гітлераўскіх акупантаў Мінску прысвоена званне “Горад-герой” з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”. 50-годдзе гэтай падзеі наша сталіца адзначыла 26 чэрвеня 2024 года.
У раздзелах экспазіцыі выставы вобраз горада прадстаўлены ў навуковых, навукова-папулярных, публіцыстычных і энцыклапедычных выданнях, ілюстрацыях, фотадакументах. Шэраг выданняў прысвечаны гісторыі горада са старажытных часоў да сучаснасці. Асаблівая ўвага нададзена перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Прадстаўлены выданні аб памятных месцах горада, яго працоўнай і воінскай славе, аб героях, імёнамі якіх названы сталічныя вуліцы.
Выстаўка размяшчаецца ў фае 2 паверха (вул. Камуністычная, 9) навучальнага корпуса № 2 з 28 жніўня па 26 верасня 2024 года.