• Навiны

Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляе тэматычную выставу «Іаган Себасцьян Бах – нямецкі кампазітар, арганіст, капельмейстэр, музычны педагог».

19.03.2025

У гэтым годзе спаўняецца 340 гадоў з дня нараджэння Іагана Себасцьяна Баха (1685—1750), найвялікшага кампазітара XVIII стагоддзя, аднаго з выбітнейшых наватараў эпохі барока. Творчая спадчына Баха вялізарная –  звыш 1000 твораў у розных жанрах: духоўныя санаты, канцэрты, араторыі, кантаты, прэлюдыі, канцэртныя творы для клавіра. Музыка І. С. Баха сапраўды універсальная: у бясконцым ліку і варыянтах інтэрпрэтацый і аранжыровак не страчваецца яе сутнасць, яе ўнутранае ядро, у музыцы кампазітара ёсць нешта, што робіць яе прыцягальнай у любую эпоху.

На выставе прадстаўлены манаграфіі, навукова-даследчыя нарысы, артыкулы з журналаў, навуковых прац і зборнікаў аб жыцці і творчасці Іагана Себасцьяна Баха, а таксама нотныя выданні і кампакт-дыскі.

Экспазіцыя выставы размяшчаецца ў ліфтавым холе (6 паверх) вучэбнага корпуса № 3 (вул. П. Броўкі, 22) і фае другога паверха вучэбнага корпуса № 2 (вул. Камуністычная, 9) з 19 сакавіка па 30 красавіка 2025 года.