• Новости

«Першапраходзец беларускай акадэмічнай музыкалогіі»

03.04.2023

Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляе выставу падрыхтаваную ў рамках ХХХІІ міжнародных навуковых чытанняў памяці Л. С. Мухарынскай «Першапраходзец беларускай акадэмічнай музыкалогіі»: да 100-годдзя з дня нараджэння (1923-1980) Ялатава Віктара Іванавіча, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, беларускага музыказнаўца-фалькларыста, доктара мастацтвазнаўства, педагога, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР.

Нарадзіўся Віктар Ялатаў у горадзе Баку. У 1955 г. скончыў Азербайджанскую дзяржаўную кансерваторыю, а ў 1958 г. – аспірантуру ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР, у якім пачалася яго шматгадовая і плённая дзейнасць у галіне даследавання беларускай народнай музыкі. Валодаючы бездакорнай логікай мыслення В. Ялатаў адыграў немалаважную ролю ў развіці тэарэтычнай думкі ў галіне беларускай этнамузыкологіі, тэарэтычна асэнсаваўшы назапашаны ў пасляваенны перыяд матэрыял, абагульніў матэрыял даваеннага перыяду.

Галоўная праца даследчыка прысвечана асновам беларускай народнай музыкі – ладу, рытму, мелодыцы, якія склалі тры кнігі, — “Ладовые основы белорусской народной музыки” (1964), “Ритмические основы белорусской народной музыки” (1966), “Мелодические основы белорусской народной музыки” (1970). і інш. Адначасова з навуковай працай В. І. Ялатаў займаўся педагагічнай дзейнасцю ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, дзе ў 1964-1965 і 1967-1973 гг. выкладаў гармонію, сальфеджыо, вёў спец. клас. Сярод яго вучняў: Раіса Іванаўна Сергіенка – доктар мастацтвазнаўства, прафесар, Савіцкая Вольга Парфёнаўна – кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры тэорыі музыкі.

На выставе прадстаўлены манаграфіі, артыкулы з навуковых часопісаў В. І. Ялатава, артыкулы з успамінамі калег і вучняў музыказнаўца, сем тамоў акадэмічнага выдання “Беларуская народная творчасць” у якім В .І. Ялатаў быў складальнікам музычнай часткі, энцыклапедычныя выданні. Выстава дапоўнена фотадакументамі.

Экспазіцыя выставы размяшчаецца ў фае Вялікай залы навучальнага корпуса № 1 (Інтэрнацыянальная, 30) з 03.04.2023 па 21.05.2023.