• Новости

Тэматычная выстава «Цымбаліст-віртуоз, кампазітар і дырыжор Іосіф Іосіфавіч Жыновіч»

01.04.2022

Нотна-навуковая бібліятэка прадстаўляе тэматычную выставу «Цымбаліст-віртуоз, кампазітар і дырыжор Іосіф Іосіфавіч Жыновіч», прымеркаваную да 115-годдзя з дня нараджэння Народнага артыста СССР, Народнага артыста БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, члена Саюза кампазітараў БССР, музычна-грамадскага дзеяча, першага выпускніка-“народніка” Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, прафесара Іосіфа Іосіфавіча Жыновіча (14.05.1907 — 13.01.1974).

Таленавіты музыка стаяў ля вытокаў прафесійнага выканальніцтва на цымбалах, быў першым, хто вывеў гэты самабытны інструмент на вялікую прафесійную эстраду, раскрыў яго непаўторнае гучанне.

І. Жыновіч стаў адным з заснавальнікаў Дзяржаўнага народнага аркестра БССР, нязменным яго кіраўніком на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Менавіта як дырыжор гэтага аркестра набыў шырокую вядомасць у слухача і заваяваў прызнанне ў прафесійным асяроддзі.

Музыкант-віртуоз І. Жыновіч не пакідаў і сольнай кар’еры: яго рэпертуар складаўся з арыгінальных кампазіцый, а таксама пералажэнняў класічных твораў многіх вядомых кампазітараў. Ён — аўтар твораў для цымбалаў і фартэпіяна, сярод якіх «Беларуская танцавальная сюіта», «Працяглая і карагодная»; для квартэта цымбалаў — «Беларуская сюіта», «Беларуская песня і танец» і многія іншыя.

І. І. Жыновіч — таленавіты педагог і арганізатар, заснавальнік класа цымбалаў у Белдзяржкансерваторыі, кафедры народных інструментаў, стваральнік першай ў гісторыі нацыянальнай музыкі «Школы ігры на беларускіх цымбалах».

На выставе прадстаўлены навуковыя працы І. Жыновіча, артыкулы з энцыклапедычных даведнікаў, перыядычных выданняў, навуковых прац і зборнікаў, матэрыялы навукова-практычных канферэнцый, успаміны калег і яго паслядоўнікаў, фотадакументы, аўдыёматэрыялы.

Экспазіцыя выставы размяшчаецца ў фае Вялікай залы з 29 сакавіка па 10 верасня 2022 года.