• Новости

Тэматычная выстава “Напалеон Орда – кампазітар, піяніст, педагог, мастак”

10.03.2022

Нотна-навуковая бібліятэка прадстаўляе тэматычную выставу “Напалеон Орда – кампазітар, піяніст, педагог, мастак”, прымеркаваную да 215-годдзя з дня нараджэння Напалеона Матэуша Тадэвуша Орды (1807−1883), вядомага беларускага кампазітара, піяніста, педагога, краязнаўцы, лінгвіста, майстра архітэктурнага пейзажа, які пакінуў значны след у гісторыі Беларусі ХІХ стагоддзя. Імя Напалеона Орды стаіць у адным шэрагу такіх буйных дзеячоў беларускай культуры, як Ігнат Дамейка, Уладзіслаў Сыракомля, Ян Чачот, Адам Міцкевіч і інш.

У сусветную гісторыю музыкі Н. Орда ўвайшоў як аўтар шматлікіх музычных твораў: мазурак, вальсаў, накцюрнаў і паланэзаў, якія маюць адметныя беларускія нацыянальныя рысы, звязаныя з праблематыкай малой радзімы. Яго творы гучалі са сцэн Францыі, Германіі, Польшчы, Расіі. У сярэдзіне 1840-х гадоў Н. Орда займаў пасаду дырэктара Італьянскай оперы ў Парыжы. Яго музычныя творы стаяць найбліжэй да еўрапейскага мастацтва. Гэта адбылося з-за таго, што менавіта ў парыжскіх салонах Н. Орда атрымаў прызнанне як музыкант. Сярод яго асабістых сяброў былі Ф. Ліст, Ф. Шапэн і інш.

Н. Орда з’яўляецца ўкладальнікам «Grammaire analitique et pratique de la langue polonaise a l’usage des Français» (1874), «Album dziel kompozytoròw polskich» (1838), у які ўключыў і ўласныя творы; «Gramatyka muzyki» (Варшава, 1873).

Замалёўкі пейзажаў і архітэктурна-гістарычных краявідаў Беларусі, Польшчы, Літвы і Украіны прынеслі яму вядомасць як мастаку. Мастацкая спадчына Н. Орды налічвае больш за 1150 акварэляў і графічных работ, арыгіналы якіх захоўваюцца ў мастацкіх музеях Беларусі, Літвы, Польшчы, Францыі, Іспаніі, Партугаліі. Значная калекцыя літаграфій з малюнкаў Н. Орды захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

На выставе прадстаўлены энцыклапедычныя і даведачныя выданні аб жыцці і творчасці Н. Орды, навуковыя артыкулы, копія выдання “Grammatyka muzyki czyli Wykład rozbirowy i praktyczny melodyi i harmonii z dodatkiem w krótkosci o fudze, kontrapunkcie, instrumentach orkiestrowych, o organie, fortepianie i nauce śpiewu : dla użytku” (1873) , нотныя выданні, ілюстрацыйны матэрыял, аўдыёматэрыялы.

Выстава размяшчаецца ў каб. 140 навучальнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 1 сакавіка па 18 красавіка 2022Орд