• Новости

Тэматычная выстава «Карыфей харавых спеваў», прымеркаваная да 100–годдзя з дня нараджэння Віктара Уладзіміравіча Роўды (1921-2007)

22.11.2021

Нотна-навуковая бібліятэка прапануе тэматычную выставу «Карыфей харавых спеваў», прымеркаваную да 100–годдзя з дня нараджэння Віктара Уладзіміравіча Роўды (1921-2007).

Віктар Уладзіміравіч Роўда – прызнаны майстар беларускага мастацтва. Яго прафесійная дзейнасць на доўгія гады вызначыла шляхі развіцця беларускага харавога выканальніцтва. Вучань і прадаўжальнік высокіх харавых традыцый А. В. Свешнікава, Віктар Уладзіміравіч вёў актыўную педагагічную дзейнасць, выхаваў некалькі пакаленняў хормайстраў.

Звыш сарака гадоў ён быў нязменным мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам заслужанага Акадэмічнага хору Белтэлерадыёкампаніі. Пад яго кіраўніцтвам хор з поспехам выступаў у Беларусі і за мяжой, выканаў і запісаў больш за дзве тысячы твораў, сярод якіх шырокі пласт беларускай харавой музыкі, а таксама творы рускіх і замежных кампазітараў.

Больш за паўстагоддзя В. У. Роўда з велізарным энтузіязмам і на высокім прафесійным узроўні кіраваў студэнцкім хорам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, узначальваў кафедру харавога дырыжыравання. Хор Акадэміі, пад кіраўніцтвам Маэстра, не аднойчы быў удастоены узнагарод, сярод якіх: тры Гран-пры міжнародных конкурсаў і фестываляў, «Оскар» і тры «залатых дыпломы» на II Міжнародным конкурсе хароў (Германія, г. Дармштадт, 1997).

Віктар Уладзіміравіч – асоба неверагоднай сілы і прыцягальнасці. Яго лідэрскія якасці, працаздольнасць, патрабавальнасць і пры гэтым шчырасць і добрасардэчнасць дазволілі на многія гады стаць патрыярхам беларускай харавой культуры, цэнтрам прыцягнення для ўсіх, хто звязаны з харавым мастацтвам. Шматгадовая праца дырыжора была адзначана ганаровымі званнямі «Народны артыст БССР», «Народны артыст СССР», а таксама ён быў узнагароджаны пяццю дзяржаўнымі прэміямі Рэспублікі Беларусь у галіне музыкі і канцэртна-выканальніцкай дзейнасці. Віктар Уладзіміравіч, як шчыры вернік, самымі каштоўнымі лічыў царкоўныя ўзнагароды, сярод якіх ордэны роўнаапостальнай Марыі Магдаліны II і ІІІ ступені, вялікага князя Уладзіміра III ступені, прападобнага Сергія Раданежскага II ступені, Ордэн Святога дабравернага князя Данііла Маскоўскага І, II і III ступеняў, медаль князя Канстанціна Астрожскага.

На выставе прадстаўлены кнігі, манаграфіі, артыкулы з часопісаў і навуковых зборнікаў, успаміны калег, вучняў, паслядоўнікаў аб выканальніцкай і педагагічнай дзейнасці майстра, інтэрв’ю дырыжора, фотаматэрыялы і гуказапісы харавых твораў рускіх, беларускіх і замежных кампазітараў у выкананні хору Беларускага Радыё пад кіраваннем В. Роўды.

Экспазіцыя размяшчаецца ў фае Вялікай залы навучальнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 22 кастрычніка па 30 лістапада 2021 года.

Фотогалерея «Карыфей харавых спеваў», прымеркаваная да 100–годдзя з дня нараджэння Віктара Уладзіміравіча Роўды (1921-2007)